Людзі і справы

«Не існуе ніякай „нармальнай большасці“». Пра каго і для чаго Даша Гардзейчык запусціла падкаст «Іншыя гісторыі»

Што адчувае чалавек, калі мае досвед некалькіх спробаў самагубства? Як жывецца асобе з пазітыўным ВІЧ-статусам? Як быць, калі ў эміграцыю давялося з’ехаць у вельмі сталым веку? І як размаўляць з людзьмі, якія маюць такі не падобны да твайго ўласны жыццёвы досвед. Пра гэта для канала «Тётя Ира разрешила» расказала журналістка з Гродна Дар’я Гардзейчык. Яна - аўтарка і вядоўца падкаста «Іншыя гісторыі». Праекта, які быў створаны ў супрацы з арганізацыяй «ІншыЯ».

«Праект прымусіў мяне яшчэ раз пераканацца, што не існуе аніякай „нармальнай большасці“, — кажа журналістка. —  Гэты канцэпт — з’ява яшчэ больш рэдкая, чым аднарог. Яго таксама немагчыма спаткаць у рэальнасці».

Навешванне на людзей «цэтлікаў» вядзе да дыскрымінацыі

«Насамрэч, іншыя — мы ўсе. Гэта акурат тое, што я зразумела за гады сваёй працы. Кожны і кожная з нас мае свае асаблівасці, прывілеі і ўразлівасці. У кожнага і кожнай — свой унікальны досвед і жыццёвы шлях. Падаецца, што думка банальная, але на гэтым палягае, напрыклад, маё перакананне, што няма аніякай „большасці“ і аніякай „меншасці“, якія супрацьпастаўляюцца адна адной».

Даша прыводзіць у прыклад фармуліроўкі пра «сэксуальную меншасць» і «сэксуальную большасць», «большасць, якая не мае асаблівых патрэб» і «меншасць, якая мае», «сярэднестатыстычную асобу» і «несярэднестатыстычную асобу».

«Гэта не больш, чым стэрэатып, які вядзе да навешвання цэтлікаў на пэўных людзей, а далей — да іх дыскрымінацыі».

Іншыя людзі - гэта не «экзотыка»

«Акурат тое, чаго я ўсімі сіламі намагалася пазбегнуць у падкасце — гэта экзатызацыі. Маўляў, паглядзіце, якія дзівакі, як яны адрозніваюцца ад „звычайных людзей“. Мая мэта — расказаць гісторыі беларусак і беларусаў у вымушанай эміграцыі, якія праз прыналежнасць да розных уразлівых груповак сутыкаюцца з тымі выклікамі, каторыя мала асвятляюцца ў медыя. Напрыклад, мы часта кажам, як складана нам адаптавацца ў новай краіне праз бюракратычную сістэму. Але не кажам пра тое, з якімі дадатковымі выклікамі сутыкаюцца людзі з ВІЧ-станоўчым статусам, якія мусяць прымаць антырэтравірусную тэрапію. Або людзі, якім трэба выпісваць антыэпілептычныя ці антыпсіхатычныя прэпараты. Хоць гэтую тэму варта асвятляць, бо шмат якім эмігрант:кам даводзіцца прымаць пэўныя лекі. І шмат хто з іх адначасова са змаганнем з бюракратыяй змагаецца з праявамі дыскрымінацыі і нянавісці.»

Калі раптам у вас узнікнуць сумневы, што ў наш час людзі з ВІЧ-станоўчым статусам ці псіхіятрычнымі захворваннямі пакутуюць ад дыскрымінацыі, паслухайце падкаст «Іншыя гісторыі». Там пра гэта вельмі падрабязна расказваецца.

Гісторыі людзей, ілюстраваныя праз саўнд-дызайн

Дар’я Гардзейчык працуе з падкастамі даўно і паспяхова. Яе ведаюць па праектах «Утульны горад», «Гісторыя беларускага сэксу», «Дочкі - маткі». Гэтыя падкасты — размоўныя. А падкаст «Іншыя гісторыі» стаў для Дашы першым наратыўным падкастам.

«Гэта такі падкаст, дзе расказваецца пэўная гісторыя з умоўнымі завязкай, кульмінацыяй і развязкай. Яны патрабуюць зусім іншага ўзроўню падрыхтоўкі і мантажу, чым размоўныя падкасты. Ад пачатку я пісала сцэнар размовы, брала інтэрв'ю, а потым пісала новы сцэнар — сцэнар выпуска. Бо тое, што я дазнавалася пра гераіню ці героя падчас інтэрв'ю, моцна змяняла маю папярэднюю ідэю».

Таксама новым для Дашы стала неабходнасць «замарочвацца з саўнд-дызайнам». То-бок дадаваць шмат гукавых эфектаў, каб ілюстраваць аповед. Гэта творчая частка працы, хоць і патрабуе пэўных высілкаў.

Чытайце таксама:

Чужы боль баліць як уласны

«Найвялікшым выклікам для мяне стала прапусканне чужога болю праз сябе. Немагчыма неяк «адключыць» эмпатыю і не суперажываць людзям, якія перажылі палітычны пераслед, страты блізкіх, гвалт, уцёкі ад вайны. Да таго ж я мусіла праслухаць гэтыя гісторыі не раз, і нават не два, а нашмат больш. Тое, як некаторыя героі ці гераіні расказвалі пра пэўныя трагічныя падзеі са свайго жыцця, я дагэтуль памятаю даслоўна. Нават інтанацыі памятаю.

Псіхалагічна гэта вельмі складана. Пасля таго, як я ўзяла інтэрв'ю ў гераіні апошняга выпуску, я проста лягла і заснула на тры гадзіны. Хаця напярэдадні я выспалася, праз гэтае інтэрв'ю ўся жыццёвая энергія мяне проста пакінула.

Яшчэ адзін тэхнічны момант — гэта працягласць інтэрв'ю. Немагчыма распавесці ўсю сваю біяграфію за 20 хвілін. Мне даводзілася размаўляць з кожнай ці кожным у сярэднім па дзве гадзіны з перапынкамі на падыхаць. Гэта няпроста нават фізічна".

Шмат «адкрыццяў» пра сістэму, уладу і прабачэнні

Інсайтаў за час працы над падкастам у Дашы было шмат.

«Па-першае, я чарговы раз пераканалася, што людзі здольныя на абсалютна любую ступень жорсткасці да тых, над кім маюць уладу.

Па-другое, я яшчэ раз пабачыла, што беларуская ўлада з яе „ўсемагутнымі“ сілавымі структурамі, якая быццам бы ўсё трымае ў „яжовых рукавіцах“, насамрэч гарманічна суіснуе з усёахопным крыміналам.

Па-трэцяе, я стала па-іншаму ставіцца да людзей, якія свае паводзіны апраўдваюць цяжкім дзяцінствам і траўмамі. Зразумела прыклад (але далёкі не адзін) — гэта выпадак, калі рамантычны партнёр у стасунках паводзіць сябе дзіўна, а потым кажа: „Так, я не меў рацыі, але зразумей мяне, мне ж так цяжка“. Не, даражэнькі. Гэта маім гер: аіням было цяжка, але яны паводзяць сябе прыстойна. Не трэба блытаць з абясцэньваннем пакут іншых людзей, таму што яны быццам бы меншыя, чым у кагосьці (пакуты ўвогуле нельга мераць аніякімі інструментамі), але пра тое, каб не здымаць адказнасці з людзей, якія свае брыдкія паводзіны тлумачаць цяжкім жыццём».

Як не пакрыўдзіць тых, хто згадзіўся адкрыць сваё жыццё з усімі складанасцямі?

«Яшчэ раз падкрэслю, што іншыя для мяне — гэта ўсе людзі. Бо ўсе людзі розныя. Таму пра кожную асобу трэба пісаць як пра чалавека з неад’емнай чалавечай годнасцю.

На мой густ, найлепшы спосаб быць тактоўнай — калі ёсць пэўныя сумневы, казаць пра гэта прама. Напрыклад: «Ведаеш, я баюся быць нетактоўнай, калі кажу пра гэтую з’яву. Як бы ты гэта назва: ла, каб гэты было камфортна для цябе?»

Чаго я звычайна пазбягаю, дык гэта слюру (словы, якімі можна абразіць людзей пэўнай нацыянальнасці, сацыяльнага статусу, сексуальнай арыентацыі, гендару і стану здароўя) і мовы нянавісці.

Як на мой густ, рэцэпт удалага інтэрв'ю з любым чалавекам — гэта быць шчыра зацікаўлен:ай у яго ці яе асобе, а не намагацца павесіць цэтлік, даць ацэнку і падвесці пад нейкі стандарт, які існуе ў нас у галаве".

Усе розныя, усе хочуць адкрыта быць сабой

«Не стамлюся паўтараць, што іншыя — гэта ўсе мы. І гісторыя кожнага і кожнай з нас адрозніваюцца. Расказваць сацыяльна значныя гісторыі - гэта наша прафесія як журналіста:к. А гісторыі беларуса: к у вымушанай эміграцыі, якія маюць розныя ўразлівасці, — гэта сацыяльна значныя гісторыі.

Ведаць пра досвед людзей, якія жывуць побач з намі, — гэта заўсёды актуальна. У сітуацыі, калі сотні тысяч беларусак і беларусаў мусілі пакінуць краіну, — гэта ўдвая актуальна".

«У сучасным свеце ўжо немагчыма адмаўляць людзям у частцы іх досведу і ідэнтычнасці (калі не накіраваць на гэта ўсю моц дзяржаўнага гвалту, канешне). Маўляў, сядзіце дома, не высоўвайцеся, не кажыце нікому, што вы „такія“. Не. Усе розныя, усе хочуць адкрыта быць сабой і не цярпець ад таго, хто яны ёсць.

Я спадзяюся, што чым больш мы дазнаемся пра іншых, тым больш цярпімымі мы становімся да таго, што хтосьці адрозніваецца ад нас».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024