На старонках дзіцячых садоў - усё як у жыцці. Вершы пра шчаслівае дзяцінства, узнагароды педагогаў і фотачкі групаў у святы і будні. Там адзначаюць усе святы і асвятляюць усе акцыі: ад 8 сакавіка і Новага года да Вялікадня і Дня аховы працы. Hrodna.life паглядзеў, ці ёсць на гэтых старонках карысная інфармацыя для бацькоў дашкольнікаў. Спойлер — вельмі мала. Але паглядзець цікава.
«Вайна не развітваецца з намі»
У 2022 годзе да традыцыйных святочных справаздач на старонках дзіцячых садоў дадалася інфармацыя пра год гістарычнай памяці. Таму цяпер акрамя малых там ёсць салдаты, аўтаматы і розныя ваенна-патрыятычныя акцыі.
Яслі-сад № 101 запрашае бацькоў і дзяцей паўдзельнічаць у творчым фестывалі «Вялікая перамога — вечная памяць пакаленняў». Там ёсць намінацыі «Вайна не развітваецца з намі…», «Дзякуй табе, салдат» ці «Вайна ў лёсе маёй сям'і». Можна падаваць малюнкі, насценгазеты і відэа, дзе дзеці чытаюць вершы, спяваюць або граюць на музычных інструментах. Абяцаюць, што працы таксама пакажуць у Instagram для галасавання.
Летась сады таксама праводзілі падобную акцыю. Тады на старонцы сада № 80 праходзіў челендж фота на фоне гістарычных помнікаў.
Instagram ясляў-сада № 100 распавёў, што ў студзені дзеці са старэйшых групаў былі на экскурсіі ў батальёне аховы на вуліцы Славінскага. Дзецям паказалі зброю і ваенную форму, распавялі пра вайсковую частку. Як сцвярджае пост, больш за ўсё дзяцей зацікавіла зборка і разборка аўтамата.
Instagram садка № 100 завялі ў сакавіку 2021 года. У старонкі 472 падпісант. Пост пра экскурсію ў ваенную частку ўпадабалі 70 чалавек.
Чытайце таксама: «Так просто не ввяжешься в это дело». Почему в Гродно нет частных садов
Дыпломы і перамогі
Усе сады пішуць у Instagram пра свае дасягненні - узнагароды, якія атрымалі самі ўстановы, іх супрацоўнікі або выхаванцы.
Instagram сада № 46 паведаміў пра ўзнагароду музычнага кіраўніка Святланы Дзянішчык. Яе працу «Рэалізацыя сістэмы духоўна-маральнага выхавання дашкольнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа сродкамі музычных заняткаў у перыяд пандэміі» адзначылі прэміяй імя Героя Беларусі Мітрапаліта Філарэта, першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі «За заслугі, грамадзянскую адказнасць і самаадданасць, праяўленую пры выкананні прафесійнага абавязку ў эпідэміялагічных умовах, выкліканых пандэміяй каранавіруса».
Сад № 101 распавёў пра тое, што адна з педагогаў прайшла анлайн-курс «Інфарматыка без разеткі» і зараз у дашкольнікаў з’явіцца магчымасць вывучаць інфарматыку праз гульні, якія развіваюць, без выкарыстання кампутара.
Чытайце таксама: На месте детского сада в Гродно появится хостел и православная часовня
Вясёлкавая тыдзень і сіняя стужка. Гэта не тое, пра што вы падумалі
Сад № 67 распавёў на сваёй старонцы пра акцыю «Сіняя стужка красавіка». Пасты з сінімі стужкамі былі ва ўсіх садкоў. Але ніхто больш не патлумачыў, што яны значаць. Выявілася, сіні колер сімвалізуе сінякі на скуры дзяцей. А сіняя стужка — гэта абяцанне не ўжываць гвалт.
У некаторых садках вясёлкавым зрабілі цэлы тыдзень. І прапанавалі дзецям і супрацоўнікам прыходзіць кожны дзень у адзенні аднаго з колераў вясёлкі.
Совы, вавёрачкі і сцягі - дзіцячая творчасць у Instagram
Беларускія сцягі ў тэхніцы абрывання паперы з’явіліся на старонках адразу некалькіх садоў. Мабыць, такі занятак быў сярод рэкамендаваных для ўсіх. Сярод іншых дзіцячых вырабаў журналістам Hrodna.life асабліва спадабаліся вавёрачкі.
Самымі «ўпадабанымі» на старонках усіх садкоў акаўаліся фота і відэа з канцэртаў і імпрэзаў. Такія публікацыі збіралі 300−500 падабаек.
Менш за ўсё падабалі інфармацыю аб прамых лініях чыноўнікаў сістэмы адукацыі.
У Instagram садка патрапіць лёгка, у дзіцячы сад — складана
Якімі б ні былі сады і іх старонкі ў сетцы, на выбар бацькоў і дзяцей гэта наўрад ці паўплывае. У Гродне, каб атрымаць месца ў дзіцячым садзе, дзяцей запісваюць у чаргу практычна ад нараджэння. Для гэтага трэба падаць заяву ў службу «Адно акно» па месцы жыхарства або па адрасе сада, у які бацькі хочуць вызначыць дзіця. Спісы чаргавікоў звяраюць перад пачаткам летніх канікул. У траўні ўжо зразумела, хто з дзяцей атрымае месца ў садзе на наступны навучальны год.
Чытайце таксама: