Наведвальнікаў кавярні Central Coffee House ў Лідзе 31 сакавіка абслугоўвала незвычайная каманда. Пяцёра асобаў, што перамяшчаюцца на інвалідных вазках, здавалі тут экзамен на атрыманне сертыфіката барыста. Яны цэлы дзень варылі каву для наведвальнікаў. Адначасова ў кавярні праводзілі акцыю па зборы сродкаў на лячэнне хворага на рак хлопчыка, лідчаніна Арцёма Шульвінскага.
«Барыста — вельмі адказная прафесія, — Наташа Астаніна толькі што здала месца за кава-машынай і мае перапынак на размову і ўласны кубак араматнага напою. — Зерне праходзіць такі доўгі шлях ад плантацыі да філіжанкі, столькі ў іх укладзена працы і часу, што барыста проста не мае права ўсё гэта сапсаваць. Таму я вельмі стараюся кожны раз, калі гатую каву».
Яшчэ месяц таму падобнае нават у думкі не прыходзіла. Разбірацца ў каве падавалася не абавязковым. Прайшоўшы курс навучання ў школе інклюзіўнага барыста, Наташа кажа — працаваць так цалкам рэальна. «Магчыма — гэта мой шлях. Прынамсі, уменне варыць добрую каву нікому не зашкодзіць».
— Як ты ішоў да свайго сертыфіката? — пытаемся ў яшчэ аднаго выпускніка курса, Сяргея Пашніка.
— Упарта!
«У яго ёсць дар. Сяргей з першага разу змог дакладна вызначыць узоры кавы. Дзе 100% арабіка з Эфіопіі, дзе рабуста, дзе сумесь. Расклаў усё паводле смакаў і араматаў. Уяўляеце? Распазнаў, што арабіка з Бразіліі смакуе арэхам і мае цёмны шакалад у рэху смаку. Сяргею дакладна ёсць сэнс надалей развіваць патэнцыял, праводзіць капінгі і трэніравацца», — расказвае пра поспехі выпускніка адзін з выкладчыкаў курса, кіраўнік кававай кампаніі 9bar Максім Яшын.
«Раней я мог піць нават распушчальную каву. Жах! - са смехам прызнаецца Сяргей. - Эспрэса ўпершыню пакаштаваў на занятках школы. Мне спадабалася. Зараз адчуваю розніцу».
«А кепскую каву ты больш піць не зможаш», - папярэджвае Максім Яшын. У гэтым сэнсе жыццё дакладна падзеліцца на «да» і «пасля».
«Увогуле, на каву мы выходзім рэдка. Ды і месца тут больш моладзевае. Сёння спецыяльна зайшлі, — кажа наведвальніца кавярні Бэла Двілянская. — Гэта вельмі правільна. Бо ў нас прывыклі людзей з інваліднасцю хаваць. А яны такія ж, як мы. Ніякай розніцы. Ім таксама трэба быць сярод людзей, а нам — да іх прывыкаць».
Вераніка Багатава і Іна Жэгздрына таксама адмыслова планавалі выходны, каб зазірнуць у кавярню. «Замовілі капучына і латэ. Але каву маглі б і дома папіць. Прыехалі дапамагчы Арцёму і падтрымаць каманду інклюзіўных барыста».
Павел і Алёна Любянец прыйшлі ў кавярню разам з дзвюмя дочкамі. Адна з дзяўчынак, Кіра, мае інваліднасць і па вуліцы перамяшчаеца на вазку. Наведаць кавярню сям’я вырашыла, каб разнастаіць выходныя для дзяцей і падтрымаць барыста і Арцёма.
«Мы з дочкамі ў аквапарк ходзім, і ў забаўляльны цэнтр. Ну і што, што Кіра на вазку? Ёй таксама ўсё цікава. А што людзі пазіраюць, то мы ўжо прызвычаіліся. Хаця часам прыходзіцца тлумачыць, што не варта так пільна разглядаць дзіця, калі яно не такое, як усе».
«Наведвальнікаў значна больш, чым звычайна ў такі час, — адзначаюць гаспадары кавярні Дмітрый Вяргун і Ігар Волкаў. — Калі нам прапанавалі падтрымаць акцыю, адразу пагадзіліся. Пандус за дзень зрабілі. І ад таго часу сталі звяртаць увагу, як шмат месцаў у горадзе не прыстасавана для людзей на вазках. Нават усім патрэбныя крамы ці аптэкі».
Услед за пандусам зрабілі ў кавярні і «памост», каб барыста на вазках маглі зручна працаваць за кава-машынай. Зараз гаспадары кавярні рыхтуюць да адкрыцця яшчэ адну «кропку». Там абяцаюць адразу зрабіць прастору інклюзіўнай.
«Гэта вельмі важная справа — даць людзям магчымасць працаваць, быць карысным для грамадства і адчуваць сваю неабходнасць».
Адзіным вазочнікам, што ў той дзень не варыў каву, застаўся Саша Аўдзевіч, аўтар ідэі і кіраўнік «Школы інклюзіўнага барыста». «На фестывалі ў Мінску і я гатаваў, а тут — арганізатар, фізічна не паспяваю»? — выбачаецца ён. Але расказаць аб праекце часу не шкадуе.
З яго словаў, барыста — прафесія, што цалкам можа быць інклюзіўнай. «Гэта настолькі хайповая і трэндовая тэма, што будзе цікава любой кавярні. Гэта і карпаратыўная сацыяльная адказнасць, і пэўныя эканамічныя ільготы». Таму выпускнікі школы маюць рэальныя шансы на працаўладкаванне.
А вось пра сакрэты арганізатарскіх здольнасцяў Саша толькі жартуе: «Ды няма сакрэтаў. Проста люблю… патрындзець. Але калі сур’ёзна, то трэба звяртацца да людзей за падтрымкай, не палохацца статуснасці. Усе людзі - людзі. Калі бачаць важнасць, калі разумеюць, што гэта не куплена — то ўсё працуе».
«Я Сашу заўжды дапамагаю, з ім цікава, — яшчэ адзін наведвальнік кавярні Уладзімір Дзянікін аказваецца чалавекам з каманды Аўдзевіча. — Мы з дзяцінства сябруем. У гэтым праекце дапамагаў дакументы аформіць. Але каб Саша папрасіў кола падкачаць — таксама дапамог бы, гэта не менш важна. Увогуле, Сашу не толькі я дапамагаю. І не толькі ў Лідзе яго падтрымліваюць. Ён умее скаардынаваць і размеркаваць працу, каб атрымаць добры вынік».
З яго словаў, спыняцца каманда не збіраецца. Наступным іх праектам стане арганізацыя ў Лідзе крос-фіт спартыўнай залы для асобаў з інваліднасцю.
Школа для навучання інклюзіўных барыста арганізаваны ў Беларусі ўпершыню. Выпуск у Лідзе — першы ў праекце. Сертыфікаты па выніках навучання атрымалі пяцёра лідчан-вазочнікаў. Цягам 2018 года заняткі пройдуць яшчэ ў чатырох гарадах Гродзеншчыны. Наступным месцам навучання стане Гродна. Ахвотныя ўжо могуць складаць заяўкі і пісаць Сашу Аўдзевічу ці ў суполку школы ў фэйсбуку.
Падрыхтоўка інклюзіўных барыста праводзіцца ў межах праграмы «Вучыцца каб дзейнічаць». Гэты праект фінансуецца са сродкаў Еўрапейскага Саюза і DVV International. Мэта праекта — садзейнічаць рэалізацыі права на адукацыю напрацягу ўсяго жыцця і прасоўванне грамадзянскага ўдзелу.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…