Пакаштаваць індыйскую нацыянальную кухню зараз можна ў Гродне. Ад пачатку лютага o «Бізнес-Пабе» кухар з Індыі Гелот Джагдзіш кожны дзень гатуе 5−6 традыцыйных нацыянальных страваў. «Зараз можна не ехаць далёка, каб пакаштаваць індыйскую ежу», — кажа дырэктарка ўстановы Аксана Сухоцкая. А можа і наадварот — упадабаўшы вострыя і духмяныя стравы, нехта наважыцца на падарожжа ў гэту экзатычную краіну. Чытачы Hrodna.life маюць шанец выйграць сертыфікат на наведванне ўстановы!

«HOT». Хот — гэта востра

Пра тое, што стравы нязвыкла вострыя, наведвальнікаў папярэджвае надпіс на меню — «HOT». Але многіх гэта не спыняе, а толькі заахвочвае. Аматараў пакаштаваць экзотыку кожны дзень робіцца ўсё больш. Цікавасць да паўднёвай ежы найперш праяўляе моладзь. Побач знаходзіцца адзін з універсітэцкіх карпусоў.

Кухар-індус прыехаў у Гродна гатаваць сапраўдную індыйскую ежу (спойлер - гэта востра і горача)

Студэнты-замежнікі, асабліва з цёплых краін, першымі ацанілі прапанову. За імі падцягнуліся і мясцовыя гурманы. Нехта каштуе новыя стравы з цікавасці, іншыя — каб параўнаць смак гродзенскай індыйскай ежы з тым, што каштавалі за мяжой.

«Амаль немагчыма прадказаць, як чалавек адрэагуе на новую страву. Для большасці гродзенцаў гэта нязвыкла, бо да нашых смакаў не падобна. Нехта кажа, што вельмі востра, а нехта дзякуе, што нарэшце знайшоў тое, што шукаў».

Кулінарны эксперымент

Ідэя прапанаваць гродзенцам індыйскую кухню з’явілася ў выніку вывучэння досведу калег. «Італьянская піца ці японскія сушы ўжо сталі ў нас прывычнымі стравамі. Хацелася зрабіць унікальную прапанову, даць магчымасць пакаштаваць тое, чаго больш нідзе ў Гродне няма». Зараз у індыйскім меню — стравы з рысу і чачавіцы, вострыя салаты, традыцыйны хлеб. Многія з прапанаваных страваў пасуюць вегетарыянцам.

Кухар-індус прыехаў у Гродна гатаваць сапраўдную індыйскую ежу (спойлер - гэта востра і горача)

«Індыйская кухня папулярная ва ўсім свеце, таму знойдзе сваіх прыхільнікаў і ў Гродне», — меркавала кіраўніцтва ўстановы, калі вырашалася на «востры» эксперымент. А для чысціні эксперыменту кухара запрасілі з самой Індыі.

Індыйскі кухар — індыйскія правілы

Гелот Джагдзіш прыехаў у Гродна з горада Макрана, што ў штаце Джайпур. Раней ён працаваў у Вялікабрытаніі, быў кухарам рэстарана Bikanervala і атэля Gangour Palace. «Стравы, што зараз раблю ў Гродне, такія ж, як гатаваў дома і ў Англіі. Калі нехта раней каштаваў самосу ці джэра райс у Індыі, то, канечне, пазнае той самы смак».

Паводле кухара, у Беларусі «гарачая» індыйская кухня прыйдзецца якраз да месца, бо дапамагае сагрэцца. «У вас вельмі холадна. На маёй радзіме толькі адзін месяц на год трохі халаднейшы, каля 15 градусаў. Астатні час — гарачыня».

Кухар-індус прыехаў у Гродна гатаваць сапраўдную індыйскую ежу (спойлер - гэта востра і горача)

Зараз індыйскі кухар не толькі сам гатуе для гродзенцаў, але і дзеліцца таямніцамі нацыянальнай кулінарыі з калегамі. Адначасова — пераймае досвед гатавання беларускіх нацыянальных страваў. Найбольш яму падабаюцца супы з гароднінай, боршч і дранікі.

«Усё што трэба знайшлі на месцы»

Усе прадукты і спецыі, што выкарыстоўваюцца ў прыгатаванні індыйскіх страваў, закупаюцца ў Беларусі, расказала Аксана Сухоцкая. Кухар выбраў з усіх прапанаваных прадуктаў тыя, што маюць адпаведныя ўласцівасці і смак. Ужо зараз пералік прапанаваных індыйскіх страваў налічвае каля двух дзясяткаў. Неўзабаве плануецца пашырыць індыйскае меню за кошт слодычаў.

«Гэта будзе халва. Але яна сусім не такая, да якой мы прывыклі. У склад аднаго з рэцэптаў уваходзіць манка, другая гатуецца з морквы. Зараз кухар дапрацоўвае тэхналогіі для іх прыгатавання».

Знаходзіцца «Бізнес-паб» у раёне Дзевятоўкі, на Гаспадарчай, 19. «Канечне, да нас далекавата, але значна бліжэй, чым да Індыі», — жартуе Аксана Сухоцкая і запрашае чытачоў Hrodna.life у кулінарнае падарожжа з падарункам.

Кухар-індус прыехаў у Гродна гатаваць сапраўдную індыйскую ежу (спойлер - гэта востра і горача)


Каб атрымаць сертыфікат на суму 15 рублёў і пакаштаваць стравы з індыйскага меню, напішыце ў каментарыях да артыкула ці ў нашых сацыяльных сетках назвы сваіх любімых страў індыйскай кухні ці спецый, што ў ёй выкарыстоўваюцца. Пераможцу вызначыць лёсаванне.