Гродзенка Іна Шырокая — маці пяці дзяцей, якая да 2020 года працавала ў кавярні і выкладала ёгу. Сёння яна — двойчы бежанка, якую судзілі і ўнеслі ў спіс экстрэмістаў. Яе гісторыю апублікавала выданне «Позірк». Hrodna.life пераказвае яе ў скароце.
У жніўні 2020 года 18-гадовага сына Іны затрымалі, збілі і на некалькі сутак пасадзілі ў ізалятар. Тады Іна, якая на выбарах галасавала за Лукашэнку, пачала хадзіць на пратэсты. Неўзабаве яе «паказальна» звольнілі з кавярні «Хотфікс», дзе яна працавала адміністратаркай. Прычынай сталі бел-чырвона-белыя свечкі, якія супрацоўнікі выставілі на вітрыне.
Пасля звальнення жанчына з’ехала ў Мінск, каб падтрымаць старэйшую дачку. Тая была валанцёркай, хадзіла ў суды і была ў цяжкім псіхалагічным стане.
У Мінску разам з сяброўкай Іна хадзіла на нядзельныя, жаночыя і раённыя маршы. Таксама яна ўвайшла ў пашыраную Каардынацыйную раду. «Добра, што не паспелі там прыняць актыўнага ўдзелу. Добра, таму што была б у мяне яшчэ адна крымінальная справа», — сказала Іна.
За маршы жанчына атрымала штраф. Яе сына пасля затрымання і збіцця зрабілі невыязным з Беларусі - пачаліся праблемы з ваенкаматам. Хлопец не хацеў ісці ў войска, таму яму давялося хавацца.
У 2021 годзе Іна з’ехала ў Беларусі ва Украіну. Уладкавацца там на працу не атрымалася і яна вярнулася. Пасля працы з псіхолагам Іна крыху супакоілася і вырашыла, што «трэба жыць у Беларусі на тых умовах, якія ёсць».
Яна думала, што пасля маршаў у 2020 годзе прайшло шмат часу і на яе забыліся. Але вясной 2022 года да жанчыны прыйшоў ГУБАЗіК. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў маршах, уступленні ў план «Перамога», а таксама ў каментарах, якія абражаюць прадстаўнікоў улады. З Інай запісалі «пакаяльнае відэа».
Жанчыну размясцілі ў ізалятары на Акрэсціна на 10 дзён, потым перавялі у СІЗА на Валадарскага. Там Іна знаходзілася больш за тры месяцы. Кажа, што ўмовы на «Валадарцы» лепшыя, бо з Акрэсціна яна выйшла «адным распухлым шнарам». Там былі клапы, у камеру падсадзілі бяздомную, у якой былі вошы. У Іны пачалася такая алергія, што праз 10 дзён на ёй «не было жывога месца». У затрыманых не было мыла, зубной пасты, душа, прагулак.
На Валадарскага Іна патрапіла ў камеру, дзе большасць былі «палітычнымі». Там сядзелі журналістка ТУТ.БАЙ Алена Талкачова і галоўная рэдактарка партала Марына Золатава, праваабаронца Марфа Рабкова, фігуранткай справы аб «замаху» на Лукашэнку Вольга Галубовіч. Былі і значна менш публічныя палітвязні.
«Вельмі шмат было дзяўчат, якія трапілі ў турму па 130-м артыкуле за „распальванне варожасці“, за каментары. Нас усіх паставілі на ўлік як „схільных да экстрэмізму“. Нас ніхто не прыгнятаў, але з намі ніхто і не цацкаўся. Мы разумелі, што ў нас няма ніякай магчымасці сябе рэабілітаваць, што ў нас няма перспектыў быць апраўданымі. Дзяўчынкі трымаліся мужна. Нам дапамагалі сарказм і высмейванне гэтага ўсяго абсурду».
Пакуль жанчына знаходзілася ў СІЗА, яе дзяцей даглядала маці, у якой выявілі рак. «Таму што ва ўсіх падкасілася здароўе з-за перажыванняў. Я была ў турме, дзецям не давалі спакою сацыяльныя службы, праводзілі ўсялякія праверкі з перспектывай забраць іх у прытулак. Старэйшая дачка была вымушана хавацца з-за таго, што была валанцёрам. Сын хаваўся з-за ваенкамата. Я была ў страху, бо калі б мне паставілі тры артыкулы, як абяцалі, то я села б надоўга. Але яны пакуль спыніліся толькі на маршах», — сказала Іна.
Іну асудзілі на тры гады «хатняй хіміі». Але ў Следчым камітэце жанчыне намякалі, што за ёй яшчэ цягнецца «шлейф «злачынстваў» — каментары, распальванне варожасці. Акрамя гэтага, суд прысудзіў жанчыне 167 тыс. рублёў штрафу. Нібыта, за парушэнні ў працы транспарту. Таму Іна з’ехала з Беларусі па «вялікім коле»: праз Расію ў Эстонію, а потым у Польшчу. Яе дзеці таксама з’ехалі з Беларусі. Ужо ў Польшчы жанчына даведалася, што яе ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў». У ім пазначана, што зараз яна адбывае пакаранне.
У Польшчы Іна падала дакументы на міжнародную абарону. Дзеці пайшлі ў мясцовую школу. Там яны навучаюцца ў інтэграцыйным класе разам з украінцамі і беларусамі. «Для іх навіна, што яны маюць права свабодна выказваць сваё меркаванне ў школе», — кажа Іна пра ўражанні дзяцей ад вучобы.
«Пасля карнай беларускай сістэмы я баялася, што не знайду тут [у Польшчы — Hrodna.life] водгуку ад людзей, сістэмы, арганізацый. Вядома, на фоне бяды ва Украіне мы глядзімся „драбней“, акцэнт зараз не на беларусах. Але на чалавечнасць і спачуванне тут рэальна можна разлічваць. Не ва ўласнай краіне».
Пытанне, калі яна вернецца ў Беларусь, зараз для Іны не стаіць. «У мяне пытанне „калі людзі перастануць пакутаваць ні за што?“. У мяне, як і ў многіх, бясконцая горыч ад гэтага ўсяго. Ад таго, колькі стваральнага зламана — проста так, ад амбіцый аднаго маньяка. Гэта жахліва насамрэч», — кажа яна.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…