Тлумачэнні, што сцэны гвалту ў царкве не павінны псаваць людзям настрой, абсалютна недарэчныя. Бо хрысціянства — гэта рэлігія пакутнікаў, гэта вера ў Бога, якога закатаваў несправядлівы суд. Так палітолаг і багаслоў Наталля Васілевіч па просьбе Hrodna.life пракаментавала апраўданні гродзенскіх уладаў, чаму яны прыбралі дзве іконы новапакутнікаў са Свята-Пакроўскага сабора ў Гродне.
Навіна пра тое, што ў саборы знялі дзве іконы, з якімі ўлады і праўладныя актывісты змагаліся ўжо 15 гадоў, не выклікалі здзіўлення ў Наталлі.
«Гэта лагічна — у краіне маюць уладу спадкаемцы катаў, якія падобным жа чынам кідаюць святароў у адзіночкі, за тое, што яны адмаўляюцца здымаць „пакаянныя відэа“, катуюць святароў на Акрэсціна, гоняць адбываць арышт з сабакамі, чыняць ператрусы, забараняюць спяваць „Магутны Божа“ і свабодна прапаведаваць і прамаўляць некаторыя малітвы», — кажа багаслоў.
Тлумачэнні, што сцэны гвалту не павінны псаваць людзям настрой, абсалютна недарэчныя, лічыць Наталля.
— У першую чаргу таму, што хрысціянства — гэта рэлігія пакутнікаў, гэта вера ў Бога, якога закатаваў несправядлівы суд, які стаў ахвярай палітычнай расправы. Бога, Хрыста, чые пакуты мы ўспамінаем, знак катавання якога мы носім у сябе на грудзі, каб сведчыць усяму свету, што наш Бог — той, хто бярэ на сябе боль усяго свету, крохкі Бог, Бог прыніжаны, які побач з тымі, хто пакутуе. У сэрцы хрысціянскай веры — Крыж, Пакуты і Ахвяра Ісуса Хрыста. Зусім не «положительные «эмоции». Сама выява Крыжа гэта «сцена насилия и вражды». А за ім і іншыя іканапісныя выявы з пакутамі Збаўцы, адсячэння галавы Іаана Прадцечы, сцэны пакутніцтва святых вызнаўцаў веры, — кажа Васілевіч.
Паводле Васілевіч, паказальны сам факт, што падзею з унутранага жыцця царквы каментуюць не прадстаўнікі царквы, «якія сарамліва маўчаць», а свецкія ўлады. Гэта, на думку Наталлі, сведчыць пра тое, што ініцыятыва зыходзіла ад уладаў. Гэты пост (тлумачэнне ў канале «Гродно Медиа Group») — пра іх матывацыю і апраўданне.
«І сваё разуменне рэлігіі, якой належыць „вдохновлять на положительные эмоциональные переживания и способствовать правильному этическому и нравственному воспитанию“. Зразумела, што ў традыцыях савецкай атэістычнай прапаганды ўлады бачаць у рэлігіі толькі „опіум для народа“, толькі не ў негатыўным, а пазітыўным для іх сэнсе: як сродак суцяшэння і ўціхамірвання, крыніцы „положительных эмоций“, якіх не хапае у жыцці».
Хрысціянская вера мае на мэце ацаленне ад граху і пакут гэтага свету, тлумачыць Наталля. Але не шляхам іх замоўчвання, а шляхам актуалізацыі трагізму гэтай грахоўнасці, якая вядзе да пакут.
«Чалавек падахвочваецца да барацьбы з грахом, да непрымання існуючага стану і сябе самога, і свету, які, як вучыць царква, «у граху ляжыць». Станоўчыя ж эмоцыі - ад надзеі на адкупленне Пакутамі Хрыста і трыумф праўды Божай, якая пераможа гэты свет. Вось гэтай перамогай і дасягаецца любоў, дабро і міласэрнасць.
Але прапагандзе рэжыму ўсё гэта не толькі не патрэбна, але і палохае. Таму і палохаюць іконы, якія агаляюць антыхрысціянскую сутнасць той улады, спадчыннікамі якой яны сябе лічаць. І патрабуюць ад царквы «бережного отношения» да антыхрысціянства, называючы яго «культурным наследием всего народа», — лічыць Наталля.
Беларусы запыталіся ў Пакроўскім кафедральным саборы, чаму знялі дзве іконы.
«Цяпер у кафедральным саборы горада Гродна праводзяцца рамонтна-рэстаўрацыйныя работы. У сувязі з гэтым іконы і іншае царкоўнае начынне перамяшчаецца па храмавым комплексе па вытворчай неабходнасці. Падобныя працы неаднаразова праводзіліся ў саборы з 2006 года і не выклікалі ніякіх здзіўленняў і пытанняў», — адказалі ў саборы.
Гэта выглядае неўзгодненым з гарадскімі ўладамі, якія заявілі, што іконам не месца ў храме.
Іконы навапакутнікаў у Пакроўскім кафедральным саборы выклікалі пытанні з моманту з’яўлення 17 гадоў таму. На іх намаляваныя савецкія сілавікі - чырвонаармейцы, афіцэры і чэкісты, якія забівалі праваслаўных дзеячаў. У канцы мінулага тыдня дзве з васьмі ікон са Свята-Пакроўскага сабора ў Гродне зніклі дзве. на іх былі мітрапаліт Кіеўскі Уладзімір (закатаваны ў 1918 годзе) і мітрапаліт Петраградскі Веніямін (расстраляны ў 1922 годзе). Апошнім часам выказвацца супраць іх пачала праўладная актывістка Вольга Бондарава.
Пра знікненне карцін напісалі незалежныя выдання. Тады на публікацыі адрэагаваў звязаны з аблвыканкамам Telegram-канал «Гродно Медиа Group». Там паведамілі, што прыбраныя з Пакроўскага кафедральнага сабора ў Гродне іконы ўтрымлівалі «непрымальныя ў такім богаўгодным месцы сцэны гвалту і варожасці». А выявы лікаў Святых «павінны натхняць на станоўчыя эмацыйныя перажыванні і садзейнічаць правільнаму этычнаму і маральнаму выхаванню».
Чытайце таксама:
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…