У міжнародны дзень эскімо, 24 студзеня, мы расказваем гісторыю гродзенскай сям'і Каласковых, якая рабіла марозіва ў 1930-я і 1940-я гады. У нашчадкаў захаваліся ўнікальныя фатаграфіі, якімі яны падзяліліся з намі.
У міжваенны час Каласковы жылі на вуліцы Пшэдмейскай, 31 (сёння вуліца Прыгарадная),
у так званай Новай калоніі для рабочых. Каласковы жывуць там і сёння. Глава сямейства Марыя некалькі месяцаў таму разбірала старыя рэчы і ўбачыла фатаграфіі свайго свёкра Рыгора. Тады яна і ўспомніла яго гісторыю.
«Каласковы пачалі рабіць марозіва яшчэ „за польскім часам“, — распавядае Марыя. — Гэта быў сямейны бізнес, рабілі ўсё каля свайго дома ў лядоўні, так называлі склеп. Вакол слоікаў з марозівам ставілі лёд. Запасіліся ім яшчэ з вясны. Вялізныя груды лёду зімой пілавалі на Нёмане і везлі ў лядоўня. Побач рабілі марозіва, розных відаў і розных формаў. Мой свекр Рыгор прадаваў гатовы прадукт у горадзе, а яго бацька Ісай нарыхтоўваў усё дома».
Гатовае марозіва Каласковы прадавалі ў цэнтры Гродна. Выязджалі са сваёй вуліцы на Падольную, ехалі праз Ерусалімскую (Антонава) і Брыгіцкую (Карла Маркса). Стаялі на плошчы Баторыя (суч. Савецкая).
«Сям'я вельмі добра зарабляла на марозіве. Свякроў распавядала, што дзякуючы добраму заробку скуплялі золата і захоўвалі ў трохлітровым слоіку, потым яго закапалі, але ў будучыні так і не знайшлі. Шмат грошай прагульваў Рыгор, любіў добра адпачыць у рэстаранах. А дом прыстойны Каласковы так і не паспелі пабудаваць».
Каласковы прадавалі марозіва пры паляках і першых саветах. Падчас вайны сямейным бізнесам займацца было нельга. А пасля вызвалення прыватны бізнес у Гродне быў забаронены.
«Так і перасталі Каласковы рабіць марозіва. Свёкр Рыгор палаяўся з бацькам і пайшоў працаваць на мясакамбінат, там працаваў да самай пенсіі. Марозіва Каласковы так больш і не рабілі, а ўсе сакрэты і рэцэпты сышлі разам з бацькам Рыгора Ісаем на той свет. Некалькі гадоў таму я разбірала лядоўню каля дома, там было шмат розных рондаляў, патэльняў і прыстасаванняў, але ўсё выкінула. Цяпер шкадую аб гэтым, магла і ў музей перадаць. Можа калі-небудзь на гарышчы нашага дома і знойдуцца нейкія небудзь дзённікі з рэцэптамі марожанага Каласковых, тады мы паспрабуем адрадзіць у хатніх умовах сямейную справу».
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…