Аляксей Карпюк — беларускі пісьменнік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, якому 14 красавіка 2020 споўнілася б 100 гадоў. Год таму ў Гродне ў яго гонар павесілі шыльду. Яе ўсталявалі па ініцыятыве сваякоў пісьменніка, зрабіў яе вядомы скульптар Уладзімір Панцялееў.
Кім быў Карпюк і чаму да сёння пра яго памятаюць у Гродне?
Аляксей Карпюк — адзін з самых знакамітых беларускіх пісьменнікаў, якія жылі ў нашым горадзе. Нарадзіўся ён 14 красавіка 1920 г. у беларускай сялянскай сям'і ў вёсцы Страшава недалёка ад Гарадка на Беласточчыне (цяпер Польшча).Бацька будучага пісьменніка Нічыпар Карпюк быў членам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, неаднаразова арыштоўваўся. Аляксей Карпюк скончыў пачатковую школу ў Гарадку, адзін год у 1938 — 1939 гг. навучаўся ў Вільні. Па слядах бацькі Аляксей уступіў у падпольны Камсамол Заходняй Беларусі.
У 1940 — 1941 гг. Аляксей Карпюк навучаўся ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы. У пачатку вайны браў удзел у барацьбе з фашысцкімі дыверсантамі ў ваколіцах Навагрудка, далей вырушыў на ўсход, аднак аказаўся ў так званым Навагрудскім катле і вымушаны быў прабірацца ў родную вёску Страшава. У Страшаве ўся сям’я Карпюкоў (Аляксей Карпюк, яго маці, бацька і брат) дапамагалі акружэнцам, прынялі ўдзел у стварэнні першых савецкіх падпольных структур і партызанскіх груп на Беласточчыне. У канцы 1942 г. па падазрэнні ў супрацы з падполлем Аляксей Карпюк і яго брат былі арыштаваны і скіраваны ў канцлагер Штутгоф недалёка ад Гданьска.
Знаходзячыся ў нечалавечых умовах фашысцкага лагера, Аляксей Карпюк самастойна спланаваў уцёкі і восенню 1943 г. збег з лагера. Недалёка ад лагера ён сустрэў ваеннапалоннага англічаніна і палякаў-парабкаў, якія перапранулі яго ў грамадзянскую вопратку і забяспечылі грашыма, каб дабрацца да Беласточчыны.
Пасля ўцёкаў са Штутгофа Аляксей Карпюк знаходзіцца ў партызанцкіх атрадах у ваколіцах Гута-Міхаліны каля Ружан. Пасля ён сустракаецца з байцамі прысланай з неакупаванай тэрыторыі спецыяльнай групы пад камандаваннем Вайцяхоўскага. Група ў хуткім часе была пераўтворана ў партызанскую брыгаду імя Кастуся Каліноўскага, а Аляксей Карпюк быў прызначаны камандзірам партызанскага атрада імя Кастуся Каліноўскага ў складзе аднаіменнай брыгады.Функцыі камандзіра атрада Аляксей Карпюк выконваў да вызвалення летам 1944 года. У атрад уваходзіла каля 60 байцоў. За гэты час атрад пусціў пад адхон тры фашысцкія цягнікі з тэхнікай і жывой сілай, здзейсніў атакі на некалькі нямецкіх гарнізонаў. У ліпені 1944 г. атрад імя Кастуся Каліноўскага ўзяў у палон некалькі дзясяткаў гітлераўцаў, шмат стралковай зброі і вайсковага рыштунку.
Пасля вызвалення Беларусі Аляксей Карпюк атрымаў бронь ад вайсковай службы і накіраванне ў Гродзенскае РАНА на працу. Аднак восенню 1944 г. адмовіўся ад вайсковай броні і добраахвотна пайшоў на службу ў Савецкую Армію. З 1 лістапада 1944 г. браў удзел у баях супраць фашыстаў у складзе 756 стралковага палка 150 стралковай Бярлiнска-Iдрыцкай дывізіі 79 стралковага корпуса. Быў наводчыкам 76-міліметровай гарматы. Вызначыўся пад час Вісла-Одэрскай аперацыі, калі агнём сваёй гарматы знішчыў дзясяткі фашысцкіх салдат і некалькі самаходных гармат праціўніка.Удзельнік штурма Берліна. Быў двойчы паранены. 30 красавіка 1945 г. пад час узяцця Рэйхстага атрымаў вельмі цяжкае асколачнае раненне лёгкага, да канца лета 1945 г. знаходзіўся на лячэнні ў вайсковым шпіталі ў Познані. Страціў частку лёгкага, некаторыя асколкі былі дастаныя з яго лёгкага толькі ў канцы 1940-х гг., калі па рэкамендацыі старшыні гродзенскага абкама партыі Сяргея Прытыцкага Карпюка паклалі ў шпіталь у Маскве ў iнстытуце iмя Склiфасоўскага і правялі аперацыю.За ўдзел у баях Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Карпюк атрымаў шматлікія дзяжаўныя ўзнагароды: Ордэны Чырвонага Сцяга, Вялікай Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, медалі «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» І ступені, «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За Перамогу над Германіяй». Як адзін з кіраўнікоў партызанскага руху на Беласточчыне, Карпюк быў узнагароджаны вышэйшай вайсковай узнагародай Польскай Народнай Рэспублікі - крыжам «Віртуці Мілітары».Пасля вайны Аляксей Карпюк вучыўся ў Гродзенскім педагагічным інстытуце. Працаваў загадчыкам Сапоцкінскага РАНА, дырэктарам школы ў Біскупцах на Ваўкавышчыне. З канца 1940-х гг. актыўна друкаваўся. Першая аповесць — «У адным інстытуце» прысвечана аднаўленню пасляваеннага Гродна студэнтамі педагагічнага інстытута. У 1960 г. апублікаваў раман «Данута», які лічыцца адным з класічных твораў рэалістычнай прозы, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Іншыя яго творы «Пушчанская адысея», «Чаго мы вартыя», «Карані», «Сучасны канфлікт», «Белая Дама» — цалкам або часткова прысвечаныя нашаму гораду.
У 1960-х — 1980-х гг. узначальваў гродзенскае аддзяленне саюза беларускіх пісьменнікаў. Той час быў найлепшым для пісьменніцкай арганізацыі нашага горада. Тады ў яе ўваходзілі Данута Бічэль-Загнетава, Васіль Быкаў, Аляксей Пяткевіч, Юрка Голуб і многія іншыя. Быў адным са стваральнікаў і першым дырэктарам гродзенскага музея гісторыі рэлігіі. На гэтай пасадзе сустракаўся з мітрапалітам Філарэтам, спрыяў перадачы Каложскага храма праваслаўнай царкве ў канцы 1980-х гг. Планаваў стварыць музей Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, да якой належаў яго бацька. Аляксей Карпюк карыстаўся вялікім аўтарытэтам гродзенцаў, выступаў у рабочых калектывах, сярод школьнікаў, вайскоўцаў.
Быў асабіста знаёмы з першым сакратаром ЦК КП (б)Б Пятром Машэравым. У 1980 г. атрымаў званне заслужанага работніка культуры БССР. Лаўрэат Лiтэратурнай прэміі Саюза пiсьменнiкаў БССР iмя I.Мележа 1986 г. за кнiгу «Каранi».
Памёр Аляксей Карпюк 14 ліпеня 1992 г. Пахаваны ў Гродне на могілках па праспекце Касманаўтаў.
Адна з вуліц Гродна носіць імя Карпюка.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…