Імя Санці Гучы цяпер ведае ці не кожны жыхар Гродна, які больш-менш цікавіцца гісторыяй і сочыць за рэканструкцыяй Старога замка. Былая каралеўская рэзідэнцыя ўжо некалькі гадоў штучна падганяецца пад архітэктурную канцэпцыю згаданага італьянскага архітэктара эпохі Адраджэння. А што, калі ўсё гэта няпраўда і італьянскі майстар не меў ніякага дачынення да будаўніцтва ў Гродне? Піша гісторык і блогер Мечыслаў Супрон.
Замест стараннага вывучэння тысячагадовага помніка архітэктуры і археалогіі - Старога замка — было прынята рашэнне «адбудаваць» помнік. За аснову быў узяты праект архітэктара Уладзіміра Бачкова, які натхняўся творчасцю Гучы.
Але ці быў Гучы архітэктарам Старога замка ў Гродне?
Даследчыца творчасці Санці Гучы з Інстытута мастацтваў Польскай Акадэміі Навук Вольга Гайдук перакананая, што італьянец не мае ніякага дачынення да гродзенскага замка. Даследчыца заўважае, што Гучы ў 1580-я гг. і да самай смерці займаўся выключна разьбой па каменю і не выконваў замоваў на будаўніцтва, і тым больш праектаванне, палацаў і замкаў. Вольга Гайдук не выявіла ніводнага элемента аздаблення замка, з тых што былі знойдзены падчас раскопак, якія б можна было звязаць з творчай дзейнасцю Гучы.
«Удзел Гучы ў будаўніцтве гродзенскага замка не падмацаваны дакументамі, а захаваныя фрагменты не маюць асаблівай сувязі з яго творчасцю. Удзелу Гучы супярэчыць таксама яго занятасць іншымі працамі ў перыяд будаўніцтва замка», — сказала Вольга Гайдук у размове з Hrodna.life. Даследчыца тлумачыць, што тэзіс пра ўдзел у будаўніцтве Гучы з’явіўся 50 гадоў таму ў кнізе Анджэя Фішынгера пра Гучы. Вольга працуе над новай кнігай, у якой зняпраўджвае многія тэорыі гэтага аўтара, абапіраючыся на крыніцы і аналіз.
Гучы — прыдворны архітэктар Ганны Ягелонкі
Для архітэктараў, якія ў нашыя дні займаюцца праектам рэканструкцыі Старога замка, і для дырэктара Гродзенскага гісторыка-краязнаўчага музея Юрыя Кітуркі, на балансе якога знаходзіцца Стары замак, Санці Гучы з’яўляецца знакавай постацю. Менавіта Санці Гучы, як сцвярджаюць Бачкоў і Кітурка, спраектаваў і пабудаваў для караля Стэфана Баторыя рэзідэнцыю на месцы замка Вітаўта ў 1580−1586 гг.Санці Гучы быў прыдворным мастаком і архітэктарам караля Жыгімонта ІІ Аўгуста. Ён прыехаў у Рэч Паспалітую з Фларэнцыі ў 1550-х гг. і спецыялізаваўся на праектаванні магнацкіх палацаў і інтэр'ераў пахавальных капліц. Пасля смерці манарха італьянец робіць у асноўным замовы для каралевы Ганны Ягелонкі, роднай сястры пакойнага Жыгімонта. Найбольш вядомым творам Гучы з’яўляецца капліца, дзе быў пахаваны Стэфан Баторый на вавэльскай катэдры ў Кракаве.
Як Гучы патрапіў у беларускія гістарычныя працы?
Даследчыкі У.Бачкоў, Р.Баравы і А.Трусаў у артыкуле, які быў апублікаваны ў 1989 г., спаслаўшыся на працу Фішынгера, таксама прыпісалі Санці Гучы будаўніцтва каралеўскай рэзідэнцыі ў Гродне. У 1993 г. пабачыла свет калектыўная праца «Стары замак у Гродне XI-XVIII стст.: гісторыка-археалагічны нарыс» (аўтары А. Трусаў, В. Собаль, Н. Здановіч), дзе аўтары ўпэўнена сцвярджаюць, што «вынікі шматгадовых даследаванняў, аналіз пісьмовых крыніц, аналагаў і архітэктурна-археалагічнае вывучэнне Старога замка дазволілі выказаць абгрунтаваную гіпотэзу, што аўтар будаўніцтва — італьянскі дойлід Санці Гучы (ці Гуці) з Фларэнцыі». Пры гэтым аўтары спасылаюцца на вышэй згаданы артыкул 1989 г. пры поўнай адсутнасці якіх-небудзь крыніц! Такім чынам, далей няма аніякіх крыніц, якія б пацвярджалі ўдзел Санці Гучы ў праектаванні і будаўніцтве гродзенскага замка.Але хто праектаваў замак, калі не Гучы? Хто яшчэ прэтэндуе на ролю архітэктара рэзідэнцыі для Стэфана Баторыя?
Скота з Пармы. «Архітэктар», які аказаўся астролагам
У якасці магчымага архітэктара каралеўскай рэзідэнцыі ў гістарычнай літаратуры доўгі час разглядаўся італьянец Скота з Пармы. Упершыню аб ім як аб архітэктары каралеўскага замка ў Гродне згадаў у кнізе аб мастацтве даўняй Польшчы гісторык мастацтва Ф.Сабешчаньскі. Кніга выйшла ў 1847 г. На жаль, даследчык у сваёй працы не прыводзіць ніякіх доказаў на карысць свайго сцверджання.
Пазней, у міжваенны час, гісторыкі даведаліся, што нейкі італьянец Скота ў 1583 г. быў пасланы ў Гродна. Яшчэ вядома, што летам 1586 г. нямецкі падарожнік Самуэль Кіхэль, які наведаў Гродна, апісаў у сваім дзённіку, што бачыў Стэфана Баторыя ў атачэнні «мастака» («der künstler») «Scotus Parmensis». Гісторык Мікалай Волкаў лічыць, што нібыта імя Scotus у дадзеным выпадку было выкарыстана ў якасці этноніма («шатландзец»), паколькі ўжыта з артыклем"der". Больш за тое, у дакументах к. 16 ст. «італьянец Скота» названы наўпрост каралеўскім астролагам («Scoto Italo artis magicae perito»). На гэты факт звяртае ўвагу Я.Вайцяхоўскі ў сваёй працы «Stary zamek w Grodne», якая выйшла ў 1938 г.Нягледзячы на гэта, на працягу доўгага часу ў навуковай літаратуры Скота з Пармы прызнаваўся ў якасці галоўнага архітэктара Старога замка. Тэарэтычна, можна дапусціць, што чалавек эпохі Адраджэння мог адначасова быць мастаком, астролагам і архітэктарам, аднак, трэба прызнаць, дакументальнага пацвярджэння таго, што італьянец Скота спраектаваў каралеўскую рэзідэнцыю для Баторыя пакуль няма.
Антоні дэ Кгрып. «Будаўнічы замка гродзенскага»
У гістарычнай літаратуры часта можна сустрэць інфармацыю, што Стары замак спраектаваў італьянец Антоні дэ Кгрып. Так гэта ці не — мы не можам сцвярджаць. На сённяшні дзень дакладна вядома толькі тое, што дэ Кгрып удзельнічаў у будаўніцтве гэтага аб’екта. У крыніцах ён узгадваецца як «муляр» і «будаўнічы замка гродзенскага» («aedificator arcis Grodnensis»).
Гісторык Мікалай Волкаў заўважае, што гэты італьянец з’яўляўся толькі тэхнічным выканаўцам. Ён стварыў і кіраваў будаўнічай арцеллю, а таксама забяспечваў будаўніцтва неабходнымі матэрыяламі. На апошняе ўказвае прывілей Стэфана Баторыя 1586 г.
Юзаф Ройтэн. Нямецкі след
На дадзены момант адзіным кандыдатам, які прэтэндуе на ролю архітэктара каралеўскага замка ў Гродне і чый удзел у будаўніцтве і праектаванні гэтага аб’екта задакументаваны з’яўляецца Юзаф Ройтэн (Райсцін). У 1589 г. у лаўнічых кнігах Львова ён узгадваецца як «Яго Каралеўскай Вялікасці будаўнічы і архітэктар замка гродзенскага» («Sacrae Regiae Maiestatis Murator et Architectus in Arce Grodnensis»). Вядома, што Ройтэн пэўны час жыў у Гродне і нават валодаў зямельным надзелам у Сухім сяле (цяпер гэта тэрыторыя раёна былой Гарадніцы).
Мы даведаліся таксама, што Ройтэн прымаў удзел у будаўніцтве гродзенскага парафіяльнага касцёла, які Стэфан Баторый першапачаткова планаваў перадаць езуітам. У актах літоўскай метрыкі за 1592 г. ён так і згадваецца: «будаўнічы касцёла гродзенскага». На жаль, мы больш не маем ніякай інфармацыі аб гэтым чалавеку. Польская даследчыца сакральнай архітэктуры Марыя Каламайска-Саед лічыць, што Ройтэн можа быць выхадцам з Аўстрыі, паколькі ў ваколіцах горада Лінц існуе мясцовасць Roiten.Мы параўналі палац каралеўскага замка, які адлюстраваны на гравюры Макоўскага 1600 г., з прыкладамі нямецкай архітэктуры к. 16 — пач. 17 стст., пад уплывам якой мог тварыць Юзаф Ройтэн, і заўважылі шмат падобных па стылістыцы аб’ектаў. Галоўным чынам, мы бралі за аснову нашага даследвання форму шчыта фасаднай часткі палаца.
Вельмі падобнага выгляду палац мы знайшлі ў Штутгарце. Neues Lusthaus будаваўся амаль у адзін час з гродзенскім замкам, з 1584 па 1593 гг., для герцага Людвіга і з’яўляўся выдатным помнікам нямецкага маньерызму.Вельмі падобная па стылістыцы былая рэзідэнцыя саксонскіх курфюрстаў і каралёў знаходзіцца ў Дрэздэне. Замак з’яўляецца адным з найстарэйшых будынкаў горада. Ён быў узведзены ў 13 ст., але быў капітальна перабудаваны ў 1548−1556 гг. у стылі маньерызму. Выразную мастацкую асаблівасць яму надаюць выступаючыя шчыты, якія вельмі нагадваюць шчыт гродзенскага замка. Акрамя таго, фасады замка ўпрыгожаны сграфіта, падобна як гэта было ў гродзенскім замку.Замак у Фрайбергу, як і вышэй згаданы, быў перароблены з сярэднявечнага ўмацавання. Яго перабудова ў стылі рэнесанс была завершана ў 1584 г.
Контур фасаду ратушы ў Мальсайме амаль адзін ў адзін паўтарае гродзенскі аналаг. Ратуша была пабудавана ў 1583 г.
Падобных прыкладаў, стылістычна блізкіх да палаца на Сарым замку ў Гродне, вельмі шмат. Але галоўнае тут тое, што маньерыстычныя будынкі падобнай стылістыкі сустракаюцца толькі на тэрыторыі кампактнага пражывання нямецкага насельніцтва. Гэта значыць, што палац Старога замка з’яўляецца прыкладам архітэктуры нямецкага маньерызму.Відаць, падчас будаўніцтва сваёй рэзідэнцыі ў Гродне Стэфан Баторый наўмысна захацеў пабудаваць сабе велічны палац, які б выдзяляўся сваімі абрысамі над усім замкавым комплексам. Для гэтага і быў запрошаны нямецкі архітэктар Юзаф (Ёзэф?) Ройтэн. Вядома, што сам Баторый быў выхаваны пад уплывам нямецкай культуры. Будучы манарх, які нарадзіўся ў Трансільваніі, доўгі час служыў пры двары Габсбургаў у асяроддзі немцаў. Адгэтуль, магчыма, у яго была такая цяга да нямецкай архітэктуры.
Паводле шэрагу мастацтвазнаўцаў і гісторыкаў архітэктуры, у аснове гродзенскага Старога замка быў пакладзены двухтрактавы палац, што можа сведчыць аб тым, што яго праектаваннем займаліся італьянцы. Паводле даследчыка гродзенскага замка Ю.Вайцяхоўскага, замкавы комплекс у Гродне магло праектаваць некалькі архітэктараў. І гэтая думка, як мы мяркуем, цалкам слушная, асабліва, калі ўлічыць той факт, што ў канцэпцыі архітэктуры замка прасочваецца ўплыў нямецкай і італьянскай архітэктурных школаў (Ройтэн і дэ Кгрып).