Спадчына

Оргіі ў «Еўропе», вяслярны клуб на Нёмане і новыя межы горада: чым жыў Гродна 100 гадоў таму (10−16 чэрвеня 1924)

На Нёмане адкрылі новую прыстань, горад пашырыўся за кошт земляў Друцкіх-Любецкіх, а жыхары цэнтральных вуліц скардзіліся на оргіі ў гатэлі «Еўропа». Гэта і іншае абмяркоўвалі гродзенцы 100 гадоў таму. Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае расказваць, якія падзеі з жыцця горада асвятляла мясцовая газета «Echa Grodzieńskie» ў 1924 годзе. Публікуем вытрымкі з яе за тыдзень з 10 да 16 чэрвеня. Як заўсёды, суправаджаем некаторыя з іх кароткім тлумачальным каментарыем.

12 чэрвеня на пасяджэнні Гарадской рады вырашана пра ўключэнне ў рысу Гродна 700 га Станіславова і Друцку. Рашэнне прынята пасля доўгіх дыскусій. Два гады таму князь Друцкі-Любецкі зрабіў такую прапанову гораду, адначасна перадаўшы ў яго ўласнасць некалькі дзясяткаў гектараў зямлі ў розных яго раёнах бясплатна.

Князі Друцкія-Любецкія былі аднымі з самых буйных землеўласнікаў у ваколіцах Гродна. Валодалі значнымі тэрыторыямі на паўночных і ўсходніх ускраінах горада. Пашырэнне гарадскіх тэрыторый за кошт іх земляў адбывалася ўжо не ў першы раз. Напрыклад, раён Новы Свет і ваколіцы пачаў пашырацца і развівацца акурат пасля ўключэння ў межы горада часткі земляў, што належалі Друцкім-Любецкім.


13 чэрвеня тэхнічны ўзвод 23-га палку Гродзенскіх уланаў пад камандаваннем паручніка Стэфана Лабойкі, аднаго з пераможцаў апошніх конных спаборніцтваў, здзейсніў смелы спуск з гары Трох Крыжоў у Вільні. Трэба адзначыць, што ўланы былі пры поўным узбраенні і нават з выбухоўкай. Адвазе і прафесійнаму кіраванню коньмі варта аддаць належную павагу.


14 чэрвеня ў Гродне адбылася ўстаноўчая сустрэча «Кола супрацьпаветранай абароны», якое ставіць на мэце выраб у Польшчы ўласных самалётаў. У Гродне быў створаны часовы камітэт для ўтварэння «Кола», у які ўвайшлі: генерал Бербецкі і прэзідэнт горада Стэмпнеўскі, палкоўнік Акуліч-Казарын, Канільскі, Саванеўскі (СМІ), Косаўскі (прамысловасць), Альперштэйн (саюз купцоў), Фінкель, Лауры, Носціц-Яцкоўская (Чырвоны Крыж).

Цікава, што неўзабаве Гродзеншчына сапраўды ўпісалася ў гісторыю польскай авіяцыі. У 1926 годзе ў Мастах адкрылася фанерная фабрыка братоў Канапацкіх. З яе матэрыялаў у 1931 годзе пабудавалі польскі спартыўны самалёт RWD-5, які праз два гады ўстанавіў сусветны рэкорд, пераляцеўшы над паўднёвай часткай Атлантычнага акіяна без прызямлення 3500 км.


14 чэрвеня адзін з гродзенцаў паскардзіўся, што ўладальнікі рэстарана пры гатэлі «Еўропа» прывезлі некалькі квазі-музыкантак і спявачак, роля якіх абмяжоўваецца да 12-гадзіннага выканання пары пасрэдных нумароў, а паводзіны падчас выступаў гавораць аб сапраўднай мэце існавання гэтага «мастацкага» калектыва. Таксама паступаюць чуткі пра оргіі ў позні час, што патрабуе ўмяшання паліцыі.

Гатэль «Еўропа» знаходзіўся на цяперашняй Савецкай вуліцы, на месцы ЦУМа (былога ўнівермага «Нёман»). Больш пра «Еўропу» чытайце на harodnia.com.


У ноч на 15 чэрвеня ў пабудовах па вуліцы Лістоўскага, 29 у доме Арона Луненскага ўзнік пажар. У дадзеным выпадку бачна тое, пра што ўжо папярэджвалі пасля пажару на складзе мэблі па вуліцы Брыгідскай. Пажарная ахова паскардзілася на тэлефонную службу, якая гэтым разам зноў пасля спробаў цягам 20 хвілінаў датэлефанавацца да пажарных, так і не злучыла сведку з пажарнай службай. У выніку пажарная служба прыехала на месца, калі будынак быў ахоплены полымем. Страты склалі 7500 злотых.


З 15 чэрвеня спартыўная пляцоўка «Трэк» перайшла пад супольнае кіраўніцтва Таварыства «Сокал» і «Спартыўнага кола дзяржаўнай мужчынскай гімназіі», якія прынялі рашэнне аб яго адкрыцці на працягу ўсяго дня.

Магчыма, маецца на ўвазе велатрэк царскіх часоў на месцы сённяшняга заапарка.


15 чэрвеня пастарункавы [участковы — Hrodna.life] Варона падчас выканання службовых абавязкаў знайшоў у гарадскім садзе расійскі срэбны рубель, які цяпер знаходзіцца ў паліцэйскім пастарунку.


15 чэрвеня ў 16 гадзін адбылося ўрачыстае адкрыццё прыстані Вайсковага вяслярнага клуба на Нёмане. Падчас яе быў асвечаны вуглавы камень.

Ініцыятыва арганізацыі вяслярнага клуба і, адпаведна, будаўніцтва ўласнай прыстані на Нёмане зыходзілі ад палкоўніка Шрэдэрса. Ідэя была падтрымана групай афіцэраў і ў выніку сёння пры выдатным надвор'і адбылося адкрыццё прыстані «W.K.W. Niemen».

Эфектная прыстань, упрыгожаная зелянінай і сцяжкамі, якія шалёна луналі пад парывамі мяккага ветру, зрабіла прыемнае ўражанне на сабраных вайскоўцаў, у тым ліку і на кіраўніка Вайсковай акругі генерала Бербецкага.

Пасля вітальных словаў кіраўніка клубу і кіраўніка прыстані слова ўзяў ксёндз Секлюцкі, які ў некалькіх словах распавёў пра заслугі Вайсковага вяслярнага клуба і падзякаваў генералу Бербецкаму за дапамогу ў развіцці Клуба, а таксама палкоўніку Шрэдэрсу, які выступаў далей. У канцы выступіў прэзідэнт Стэмпнеўскі, які адзначыў, што пражыўшы ў Гродне 20 гадоў, ён адчуў неабходнасць стварэння падобнага аб’екта, тым больш, што гэтага вымагае сам наш горад, размешчаны на чароўным Нёмане.

Урачыстасць завяршылася асвячэннем пяці лодак: 1) Паўбак «Kaszub» (хросныя бацькі - жонка генерала Бербецкага і прэзідэнт Стэмпнеўскі); 2) Паўбак «Nurek» (хросныя бацькі - жонка прэзідэнта Стэмпнеўскага і генерал Бербецкі); 3) Паўбак «Mazur» (хросныя бацькі - мецэнатка Бяляўская і палкоўнік Луберадскі); Скулінк «Piorun» (хросныя бацькі жонка палкоўніка Луберадскага і палкоўнік Вольф); 4) Скулінк «Junak» (хросныя бацькі - жонка палкоўніка Вайткевіча і стараста Рагалевіч).

Фотаздымкі былі выкананыя паручнікам 29 палку падхарунжым Мадаліньскім, затым адбыўся праезд лодак. Першай прыйшла «Warta» (гэтая лодка ў мінулым годзе здзейсніла вандроўку з Гродна да Варшавы) — на 12 весляроў на чале з рулявым генералам Бербецкім і капітанам Пухам, удзельнікам мінулагодняй вандроўкі. Зладжаная каманда весляроў гэтай лодкі хуткім і рытмічным тэмпам павярнула да прыстані пад гучныя апладысменты гродзенцаў. З іншых лодак належыць вылучыць «Кашуба» (рулявы Смальц) і «Нурэка» з камандай з ліку харцэраў.

Водныя віды спорту, у тым вяслярныя клубы і байдаркі, былі вельмі папулярныя ў міжваенны час. На набярэжнай Нёмана ў 30-я гады XX ст. побач стаялі сядзібы як мінімум трох буйных байдарачных клубаў: вайсковага, паліцэйскага і яўрэйскага. Іх добра бачна на старых фотаздымках. Будынак цяперашняга бара «Mr Hops» — гэта акурат даўні будынак вяслярнай секцыі вайсковага спартыўнага клуба.

Генерал Леон Бербецкі кіраваў вайсковым Округам Корпуса № 3 з сядзібай у Гродне ў 1924−26 гадах. На той момант быў ветэранам Расійска-японскай вайны, Першай сусветнай і Польска-бальшавіцкай войнаў.


16 чэрвеня Гарадская рада прыняла пад свой кантроль мясцовы тэатр. Рашэнне пра будучае кіраўніцтва тэатра прыме гродзенскі Магістрат.

У міжваенны час гарадскі тэатр увесь час змагаўся з праблемамі акупнасці. Вялікую канкурэнцыю яму складалі кінатэатры. Хапала і канфліктаў трупы з дырэкцыяй, пра што мы ўжо згадвалі коратка ў папярэдніх выпусках аглядаў старой прэсы.


16 чэрвеня ў Гродне пачаліся трохдзённыя афіцэрскія стрэльбавыя вучэнні, якія з’яўляюцца падрыхтоўкай да стрэльбавых вучэнняў на чэмпіянаце арміі ў Торуні.

Вучэнні складаліся з дзвюх частак: стральба па мішэні на 200 м; баявая стральба каманд з шасці чалавек.

Вучэнні пачаліся ў 9 гадзін 16 красавіка на пляцы 76 пяхотнага палку пры Касцюшкаўскіх казармах пад кіраўніцтвам корпусу генерала Бербецкага. У першы дзень спаборніцтваў у стральбе на 200 м першымі стаў 1-ы полк легіянераў (463 пункты), другім — 6 полк легіянераў (426 пунктаў), трэцім — 76 пяхотны полк (424 пункты).

Касцюшкаўскія казармы (раней — Легіянерскія казармы) — так у міжваенны час называлі вялікі комплекс вайсковага гарадка ў ваколіцах цяперашняй вуліцы Шчорса, які пачаў стварацца яшчэ ў царскія часы. Гэта фактычна быў горад у горадзе са сваімі парадкамі, крамамі, культурным і спартыўным жыццём. Тут дыслацыраваўся 76 пяхотны полк імя Людвіка Нарбута.

Падзяліцца
Меткі: гісторыя

Апошнія запісы

«Інтэрнэт — сіла. Да 2020 улады гэтага не разумелі». Стваральнік Гродзенскага форума расказаў пра байнэт нулявых

Гродзенскі форум існуе больш за 20 гадоў і абнаўляецца дагэтуль. Людзі ўсё яшчэ шукаюць там…

7 лістапада 2024

Грэчка з чарніцамі, жывая музыка і «сарамлівы» стрыптыз. Рэстаранам «Беласток» у Гродне і Grodno ў Беластоку споўнілася 50 гадоў

У Гродне працуе рэстаран «Беласток», а ў польскім Беластоку – бар Grodno. У 1974 годзе…

5 лістапада 2024

«Прабіце, калі ласка». Як у Гродне адным талончыкам ламалі сістэму

Гродзенскія кантралёры - самыя суровыя, а пасажыры - самыя дружныя. Квіток можна на выхадзе з…

4 лістапада 2024

«Мяне не перамагчы, я не спаборнічаю». Гродзенка перанесла аперацыю на ствале галаўнога мозгу — вось як змянілася яе жыццё

Раніцай гродзенка Людміла Юрахно як звычайна пайшла на працу, але дадому вярнулася толькі праз паўгода.…

1 лістапада 2024

«Воку няма за што зачапіцца». Спыталіся ў дызайнера, што не так з інтэр'ерамі гродзенскіх устаноў

Гродзенцы скардзяцца, што шмат якія ўстановы ў горадзе выглядаюць аднолькава. Напрыклад, некаторых расчаравалі рэндары інтэр'ераў…

31 кастрычніка 2024

Куды з’ездзіць на Хэлоўін у Гродзенскай вобласці: 5 містычных месцаў ад замкаў да млыноў

Адчуць таямнічую атмасферу Хэлоўіна можна ў розных месцах Гродзеншчыны: у рэгіёне мноства закінутых сядзіб, старажытных…

29 кастрычніка 2024