Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са старонак газет, якія выходзілі тады. Гістарычны канал Hrodna 11:27 публікуе вытрымкі з гродзенскіх газет 1924 года.
Гэтым разам прадстаўляем вам вытрымку здарэнняў і кароткіх газетных нататак за перыяд 22−28 красавіка 1924 года. Перадрукоўваем іх даслоўна, суправаджаючы невялікім каментарыем, які дазволіць лепш зразумець іх сэнс.
Цэны, як і ў папярэднім выпуску, пададзены ў польскіх марках. Злоты ўведзены акурат у канцы красавіка 1924, а актыўна новую на той час польскую валюту пачалі ўводзіць летам 1924.
Гродзенскі музей пачаў друкаваць штогоднік за 1923 год. Акрамя справаздачы пра сваю дзейнасць, тут змешчаны артыкулы дырэктара Юзафа Ядкоўскага «Гродзенскія пячаткі з XVI ст.», «Танец смерці. Алегарычная карціна з XVI ст. у Гродзенскім музеі», «Выява Найсвяцейшай Панны Марыі на гравюрнай дошцы XVII ст. у Гродзенскім музеі».
Сёння той штогоднік даступны ў фармаце pdf у інтэрнэце. А абраз «Танец смерці» мы дэтальна разбіралі раней.
Цікава, што і сёння існуе гродзенскі гістарычны гадавік. Праўда, з музеем ён ужо не звязаны.
Гроденскі музей атрымаў каштоўныя падарункі. Юзаф Гурскі са Свяцка перадаў 25 медалёў, у тым ліку два залатыя — каранацыйныя Аўгуста ІІ і Аўгуста ІІІ, каменную і крамянёвую сякеры першабытных людзей, а таксама каралеўскія прывілеі. Сярод іх — вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога за 1524 год на пергаменце, каралёў Рэчы Паспалітай Уладыслава за 1648 год, Яна Казіміра за 1653 і 1658 гады. Сярод дакументаў - лісты каралёў Яна Сабескага ад 1679 года і Аўгуста ІІ ад 1754 года. Тут жа інвентар мястэчка Сапоцкіна за 1704 год, інвентар замку ў Гродне і Гродзенскай эканоміі за 1676 год, інвентар гродзенскага кляштару кармелітаў за 1765 год, і яшчэ 113 дакументаў за XVI-XVIII стагоддзі (старэйшы сярод іх — за 1537 год), збор панегірыкаў за XVIII, французскі атлас 1787 года і кнігу пра архітэктуру, выдадзеную ў Нюрнбергу. Значная частка гэтых прадметаў паходзіць са збору Якуба Віньчы і была перададзена ў музей са згоды сям'і Сулеўскіх.
На жаль, адсутнасць вітрын у Гродзенскім музеі пакуль не дазваляе прадставіць наведвальнікам усе гэтыя прадметы. Таму музей разлічвае на дапамогу грамадскасці.
Юзаф Гурскі быў апошнім да пачатку Другой сусветнай вайны ўласнікам маёнтка Свяцк Гурскіх. Гэта не той Свяцк, дзе зараз аднавілі і адкрылі для турыстаў былы палац Валовічаў. Свяцк Гурскіх знаходзіцца ў вёсцы Радзівілкі. Сядзібу аднавіў і выкарыстоўвае ў турыстычных мэтах гродзенскі прадпрымальнік Віктар Барташэвіч.
У ноч на 24 красавіка ў чыгуначніка Антона Лявончыка з яго каморкі на станцыі Бераставіца былі скрадзеныя рэчы на 100 млн марак. Злачынцы невядомыя.
25 красавіка. У Гродне прайшоў першы з’езд вучняў былой гродзенскай гімназіі, размешчанай на Дамініканскай вуліцы. Спачатку ўрачыстасці ладзіліся ў будынку былой гімназіі, затым перамясціліся ў Фарны касцёл (Фара Вітаўта). Тут былі выкананыя чатыры песні, у тым ліку «О, уладарка свету» Манюшкі. Былі прамовы, у тым ліку ксяндзоў Касцялкоўскага і Чарняўскага, госця з Варшавы, дырэктара Урублеўскага, старшыні суда Гедройця, і прэзідэнта горада Стэмпнеўскага.
Была вынесена прапанова пра паскарэнне ўсталявання ў Гродне помніка пісьменніцы Элізы Ажэшкі, а таксама накіраванні да Магістрату прапанову аб наданні адной з вуліц гораду назвы ў гонар ураджэнца нашага гораду, вядомага хіміка Зыгмунта Урублеўскага (1845−1888), удзельніка паўстання 1863−1864 гадоў, які за гэта быў сасланы на шэсць гадоў у Сібір. У Гродне ж нарадзіліся яго браты: географ Вітольд (1839−1927), яшчэ адзін вядомы хімік Эдвард Вінцэнт (1848−1892), а таксама адзін са стваральнікаў Маскоўскага прамысловага раёна Расійскай імперыі і стваральнік вайскова-прамысловага комплексу міжваеннай Польшчы Станіслаў (1854−1928). Браты Урублеўскія звязаныя з нашым горадам, да іх сям'і належыць і вядомая ў Гродне настаўніца Аліна Урублеўская.
З нагоды з’езду выхаванцаў былой дамініканскай гімназіі ў Гродне, музей выдаў працу Юзафа Ядкоўскага пад назвай «Паслядамініканская гімназія ў Гродне».
Былая гімназія на Дамініканскай вуліцы — гэта сённяшні будынак на вуліцы Савецкай, 6.
У тэксце згадваецца Эдвард Стэмпнеўскі. Ён быў правізарам Фарнай аптэкі (сённяшняя аптэка-музей) з 1905 да 1939, а ў 1922−1927 — прэзідэнтам Гродна. Вядомы фармацэўт у час Другой сусветнай быў арыштаваны нацыстамі і загінуў у канцлагеры.
У выніку сапраўды праз нейкі час у цэнтры горада з’явілася вуліцы Зыгмунта Урублеўскага — у яе перайменавалі былую вуліцу Скарбовую. Сёння гэта вуліца Урыцкага. У Гродне Урублеўскія ўшанаваныя таксама памятнай табліцай у Фарным касцёле. І вуліца ў гонар Урублеўскага сёння таксама ёсць, але ўжо ў зусім іншым раёне. І ў гонар іншага Урублеўскага — рэвалюцыянера Валерыя.
Помнік Ажэшкі таксама з’явіўся — праз пяць гадоў, у 1929.
25 красавіка гродзенскі Магістрат зладзіў арганізацыйны сход па падрыхтоўцы да святкавання 3 траўня.
3 траўня ў Польшчы традыцыйна адзначаюць Дзень канстытуцыі, прынятай 3 траўня 1791 года. Гэты дзень лічыцца вялікім нацыянальным святам.
26 красавіка. У Польшчы рыхтуецца ўвядзенне злотага замест польскай маркі. Курс долара на гэты дзень — 9350−9300. У Стоўбцах адбыўся абмен 117 чалавек, якія ўтрымліваліся ў турмах у СССР, на 36 чалавек, абвінавачаных у прыналежнасці да камуністаў у Польшчы. Сярод абмененых — у тым ліку ўраджэнцы Гродзеншчыны.
28 красавіка. У сувязі з перабудоваю ванны, была закрытая на рамонт шкляная гута ў Ласосне. Больш за сотню супрацоўнікаў засталіся без працы.
28 красавіка — эпідэмія крадзяжоў у Гродне. У дамы Моўшы Канаткіна па вуліцы Фабрычнай, 44 і Ісака Цвікліча з вуліцы Казацкай, 27 забраліся злачынцы і скралі вопратку на 700 млн марак. За злачынства затрыманы Станіслаў Манцэвіч, якому пры крадзяжы ў Канаткіна дапамагала Вікторыя Пашкевіч.
У Шмулі Кучынерскага з вуліцы Горнай, 17 невядомыя скралі розныя рэчы на 500 млн марак. У Адольфа Дымпера з вуліцы Паштовай, 14 знік сталовы посуд на 40 млн марак, за што затрымана служачая Ганна Манкель.
28 красавіка ў Скідзелі былі скрадзеныя 20 мяшкоў дубільнага экстракту для гарбароў коштам на 1,3 млрд марак. Пацярпелы — Ёсель Крэмер. Злачынцы невядомыя.
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…