Спадчына

Выклік прывідаў, суботняя п’янка і металічны прут у галаве: чым жыў Гродна 100 гадоў таму (5−18 жніўня 1924 года)

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае расказваць, пра што пісалі гродзенскія газеты 100 гадоў таму. У гэтым выпуску рубрыкі - навіны выдання «Nadniemeński Kurjer Polski». У жніўні 1924 года газета расказвала пра спірытычны сеанс, на якім удалося выклікаць прывід балахоўца, завышаныя цэны, забарону алкаголю і справы ў судах Гродна.

Частка паведамленняў стогадовай даўніны суправаджаецца тлумачальным каментарыем.


4 жніўня. Гараджане заклапочаныя спыненнем прац па будаўніцтве моста па вуліцы Ажэшкі. Магістрат тлумачыць гэта «натуральнымі перашкодамі».

Гаворка тут ідзе пра неіснуючы ўжо сёння мост у самым пачатку вуліцы Ажэшкі, калі ісці ад чыгуначнага вакзала, каля крамы «Біруза». Той мост цалкам разабралі ў канцы чэрвеня 1924 года, каб пабудаваць новы. Сёння ж ніякага моста няма, бо Гараднічанка ў гэтым месцы цалкам узятая ў трубу.


6 жніўня ў Гродне ладзіліся ўрачыстасці, прысвечаныя стварэнню легіёнаў на чале з Юзафам Пілсудскім. У 18 гадзін па вуліцах горада прайшлі маршам стральцы, удзельнікі «Сокала» і вайсковага лагера на Фолюшы ў суправаджэнні аркестра. У Доме падафіцэра адбылася лекцыя, а ў гарадскім тэатры — святочны сход. Тэатр быў упрыгожаны зелянінай і харугвай з арлом, партрэтам Пілсудскага і гербам Гродна, паверх якіх быў змешчаны надпіс: «1914 6/VIII 1924 Легіёнам Гродна».

Чытаючы старыя газеты, такія як «Nadniemeński Kurjer Polski», варта памятаць, што яны адлюстроўвалі горад толькі з аднаго пункту гледжання — польскага. Побач з ім існаваў Гродна яўрэйскі ці Гродна беларускі, але для іх амаль не было месца на старонках газеты.


6 жніўня на сродкі Магістрату была адрамантавана нямецкая машына хуткай дапамогі з часоў сусветнай вайны. Завяршаюцца працы па яе роспісе і лакіраванні - і горад атрымае яшчэ адзін культурны здабытак. Машына мае адмысловыя насілкі для пацыентаў. Яна будзе перададзена ў гарадскі шпіталь, аднак за асобную плату будзе здавацца ў арэнду.


6 жніўня. Гарадскія фурманы пакуль адмаўляюцца працаваць па ўведзеных у горадзе таксах. Так, на праверку журналістаў, за праезд ад гатэлю «Еўрапейскі» на вуліцу Ягелонскую і назад пасля пяціхвіліннага чакання быў выстаўлены рахунак у 4 злотыя. Аднак паводле таксы цана павінна была складаць усяго 1,5 злотага. Пры гэтым на словы пра ўсталяваныя ў Гродне цэны фурман здзівіўся і казаў, быццам пра іх увогуле не ведае.

Пра адсутнасць рэгулявання цэн на пасажырскія перавозкі газета пісала 22 ліпеня. Атрымліваецца, гарадскія ўлады паспрабавалі аператыўна гэта ўрэгуляваць, але эфектыўнасць была нізкай. І фурманы працягвалі называць тыя цэны, якія хацелі. Што тычыцца маршрута, які выбралі журналісты: гатэль «Еўрапейскі» знаходзіўся на месцы ўнівермага на Савецкай, а вуліца Ягелонская — гэта сённяшняя Будзёнага.


З 6 жніўня кінатэатр «Ліра» пачынае паказ фільму ў 12 актах «Чатыры вершнікі Апакаліпсіса» (The Four Horsemen of the Apocalypse, 1921 года вытворчасці), які прадстаўляе свет перад вайной і пасля яе. Гэта адзін з найвялікшых фільмаў у гісторыі кінематографу, таму дырэкцыя кінатэатра прапануе 10 000 злотых таму, хто дакажа, што бачыў твор больш прыгожы, чым гэты.

Амерыканскі фільм «Чатыры вершнікі Апакаліпсіса» стаў самай касавай стужкай 1921 года і пры бюджэце ў 800 000 долараў зарабіў толькі ў амерыканскім пракаце 4 500 000 долараў. Фільм стаў наогул адным з самых касавых нямых кіно ў гісторыі і зрабіў суперзоркай маладога і малавядомага італьянскага акцёра Рудольфа Валенціна. Гродзенскі кінатэатр «Ліра» пазней называўся «Apollo», а яшчэ пазней — «Спартак»; ён таксама не захаваўся — знаходзіўся на месцы «шклянога» корпуса ўнівермага на Савецкай (раней Дамініканскай) вуліцы.


6 жніўня з-за брушнога тыфу памер Стэфан Дунец, сябра Кіраўніцтва Саюзу ўладальнікаў рэстаранных установаў Гродна. Дунец нарадзіўся ў 1883 годзе ў Пінчаве Келецкага павету [Pinczów, горад у Польшчы паміж Кельцамі і Кракавам — Hrodna 11:27], некалькі гадоў быў кіраўніком слыннага гатэля-рэстарана «Еўропа». Ціхі, нястомны супрацоўнік набыў усеагульную вядомасць у горадзе дзякуючы свайму кампанейскаму характару. Пакінуў жонку і сына. 7 жніўня яго цела было дастаўлена пасля даследавання ў шпіталі ў Фарны кацёл, 8 жніўня ў 8.30 адбылося жалобнае набажэнства, пасля чаго яго перавезлі на гарадскія могілкі.

Гатэль і рэстаран «Еўропа» або «Еўрапейскі» на вуліцы Дамініканскай (сёння — Савецкай) ужо згадваўся вышэй. Ён лічыўся ў першых дзесяцігоддзях XX стагоддзя адным з найлепшых у горадзе. Пасля вайны моцна пашкоджаны будынак хацелі спачатку аднавіць, але нешта не склалася, ён прастаяў у аварыйным стане да 1953 года, пасля чаго яго разбурылі для будаўніцтва ўнівермага.


7−9 жніўня ў Гродне на Скідзельскім рынку прайшоў агляд цяглай жывёлы (коней, мулаў і аслоў). Усяго ў ім бралі ўдзел 554 коні з 628, якія знаходзяцца ў Гродне.


7 жніўня ў Гродне ў судзе разглядаліся адразу дзве справы пра спробы забойства.

Першая з іх датычыла спробы забойства Янам Аксамітам у вёсцы Радзевічы селяніна Рудзя. Здарэнне адбылося 14 чэрвеня, калі Аксаміт прапанаваў Рудзю, які займаўся гандлем у Гродне і вяртаўся дахаты, пераначаваць у яго ў стадоле. Пасярод ночы Рудзя абудзіў моцны ўдар па галаве. Заўважыўшы Аксаміта побач, ён стаў крычаць: «Яне, ратуй». Але тут жа атрымаў ад гаспадара стадолы другі ўдар жалезам па руцэ. Пасля гэтага Аксаміт збег. Паліцыя зафіскавала ў Рудзя ўдар металічнай куляй у скронь з аднаго боку, пры чым удар прыйшоўся настолькі моцным, што прабіў чэрап, а метал выйшаў з другога боку. Нягледзячы на гэта, Рудзь застаўся жывы і нават выступіў у судзе здаровы як конь. Аксаміт віну не прызнаў і сказаў, што Рудзь быццам пагражаў яму рэвальверам. Пракурор Папоў дамагаўся для Аксаміта смяротнага пакарання, адвакат абароны Штатман указваў на адсутнасць матыву злачынства. Суд на чале з Навіньскім пры асістэнцтве Комара і Кашубскага пасля абмеркавання прысудзілі Аксаміту пажыццёвае зняволенне.

Другая справа датычыла здарэння 20 чэрвеня ў Пышках. Тут Хая-Гітля Хахлінава развесіла памытую бялізну, а сама вырашыла адпачыць на гамаку, прывязаным паміж соснамі. Побач паставіла кошык з яйкамі, апельсінамі і кніжкай. Нечакана на яе напаў Юзаф Мурашка і стаў душыць, а пасля схапіў кошык з рэчамі і стаў уцякаць. Хахлінава падняла крык, на які збегліся мясцовыя жыхаркі і схапілі Мурашку. У судзе Мурашка прызнаўся ў крадзяжы, але не ў спробе задушэння. Адвакат абароны Лобман намагаўся даказаць, што гэта быў звычайны крадзеж, але гэта не пераканала суддзяў, якія прысудзілі Юзэфа Мурашку да 8 гадоў турэмнага зняволення з правам звярнуцца да прэзідэнта па змяншэнне тэрміну зняволення да двух гадоў папраўчых прац.


8 жніўня быў уведзены падатак на ігральныя карты, якія вырабляюцца ў Гродне, у памеры 50% акцызных коштаў на карысць Чырвонага Крыжа. У выніку цана карт вырасла адразу на 6 злотых.

У Гродне карты вырабляла Першая краёвая фабрыка ігральных карт братоў Лапіных. Фабрыка атрымала дазвол на гэта ў 1922 годзе і з 1923 пачала выпускаць карты.


8 жніўня. Гродзеншчына перажывае ўспышку крадзяжоў снапоў. Толькі ў ноч на 8 жніўня здзейснены два значныя злачынствы. Так ва Улея Юльяна з вёскі Струпіна (Жыдамлянская гміна) Піліп Гарошка скраў з поля 72 снапы жыта. Яго вярнула гаспадару паліцыя. У Адама Броўскага з вёскі Юравічы (Жыдамлянская гміна) Ян Казмеровіч скраў 30 снапоў жыта, якія таксама вернутыя гаспадару.


8 жніўня дырэкцыя кінатэатра «Эдэн» падчас дэманстравання нямога кіно з Верай Халоднай і Палонскім запрасіла з Варшавы артыстаў для выканання сольных нумароў цыганскіх рамансаў.

Кінатэатр «Эдэн» — сённяшняя «Чырвоная зорка».


9 жніўня, «Суботняе п’янства». У буднія дні людзі прызвычаіліся піць кілішкамі розных памераў, па суботах жа воляй-няволяй п’юць шклянкамі ці філіжанкамі, кілішкі ў гэтыя дні ўладамі пастаўленыя на індэкс (так разумеецца ўведзенае рэгуляванне і яго выкананне). З-за гэтага гродзенцы хутчэй напіваюцца і губляюць душэўную раўнавагу. Горад, які звычайна цягам тыдня ціхі і спакойны, дзе адзіным парушэннем спакою з’яўляюцца гукі фурманак або крокі падарожнікаў, якія спяшаюцца на вакзал, у ноч з суботы на нядзелю пераўвасабляецца калі не ў вялікі гучны горад, то як найменш у яго прадмесцях, крыкі, спрэчкі, сваркі і бойкі парушаюць начны спакой і пазбаўляюць сну звычайных жыхароў. У гэтыя дні як камісарыяты, так і гарнізонная гаўптвахта працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Калі ж нарэшце мы ўбачым замест гэтых благіх часоў нармальныя, калі зноў, як даўней і як ва ўсім свеце, будзе дазволена піць у суботу і нядзелю кілішкамі?

У гэтай эмацыйнай нататцы аўтар мае на ўвазе, што забарона прадаваць алкаголь на разліў (кілішкамі) у выхадныя прывяла толькі да таго, што гродзенцы пачалі піць яшчэ больш.


10 жніўня ў Гродне пачаўся тыдзень пажарных дружын. Таксама ў сувязі з заканчэннем летняга лагера на Фолюшы ў Гродне ладзіліся ўрачыстасці, якія пачаліся набажэнствам у 12 гадзін у Гарнізонным касцёле. Затым прайшоў парад.


10 жніўня. Некалькі дзён таму ў доме пані «B» адбыўся спірытычны сеанс. Яго праводзіў вядомы ў тэасофскіх колах «J.S.», які ўпершыню знаходзіўся на сеансе ў Гродне. Як толькі патушылі святло, ён заснуў. Сеанс адбываўся пры дапамозе століка. Праз момант можна было адчуць зрухі і столік пачаў выбіваць гукі з таго свету. Чалавек, які такім чынам камунікаваў з прысутнымі, прадставіўся як Якімаў — ураднік былой арміі Балаховіча, які быў падвышаны з радавога і памёр у лагеры для інтэрнаваных у Пікулічах пад Пшэмыслям. Пасля гэтага назваў імя спячага «J.S.», таксама былога балахоўца, і пачаў сыпаць апошнімі словамі, якімі багатая руская мова.

Кіраўнік сеансу вымушаны быў ужыць самыя пераканальныя аргументы, каб пазбыцца ад госця з таго свету. Пасля гэтага разбудзілі «J.S.»., пасля чаго сеанс надалей адбываўся без медыума.

Праз некаторы час столік зноў распачаў сваю тэлеграфічную працу. Гэтым разам прамаўляў Рамуальд Правіцкі, які быццам бы 140 гадоў таму жыў у памяшканні, дзе ладзіўся сеанс. Ён адказваў толькі на пытанні сённяшняга гаспадара кватэры пана «B» і раз’юшваўся, калі да яго звярталіся іншыя асобы. На пытанне, дзе цяпер знаходзіцца сын пані «J», якая прысутнічала на сеансе, адказаў, што ў мясцовасці «Старая Загора ў Балгарыі» і што той выехаў адтуль.

Пра загінулага сына «W» распавёў, што ён насамрэч жыве ў Сібіры, цяпер жа хворы. Гэта было пацверджана атрыманым лістом з Сібіры, у той час як яго маці лічыла сына памерлым. Пра дачку той жа жанчыны госць з таго свету распавёў, што яна таксама жывая, але баіцца пісаць да маці.

Пасля гэтага ў транс увайшла пані «J», але на вельмі кароткі час, каб толькі сказаць, калі дакладна наступны раз будзе праведзены сеанс у гэтым памяшканні.

На далейшыя пытанні Правіцкі адказаў, што яго метрыкі знайсці не атрымаецца з-за таго, што касцёл, у якім ён быў ахрышчаны, стаяў на тым месцы, дзе цяпер у Гродне «Гатэль Славянскі». На просьбу, каб даў які знак сваёй прысутнасці ў памяшканні, пачаў хутка круціць столікам на чатырох ножках, ды так хутка, што ўдзел чалавечых рук у гэтым абсалютна выключаны.

Медыум «J.S.» перад адыходам да сну адчуваў моцнае свярбенне ў вачах, а затым халодныя і гарачыя токі ў левай руцэ цягам некалькі наступных дзён, а таксама пакутаваў ад моцнай ікаўкі.

Гатэль «Славянскі» знаходзіўся ў будынку на сённяшняй вуліцы Савецкай, 14. Гэта сапраўды будынак былога касцёла і кляштара Святога Духа.

Падзяліцца
Меткі: гісторыя

Апошнія запісы

Навучыцца экалагічна выказваць эмоцыі, прыгатаваць моці і станцаваць K-pop: якія гурткі для дарослых ёсць у Гродне

Калі звыклыя хобі ўжо надакучылі і больш не прыносяць задавальнення, самы час выйсці за межы…

19 верасня 2024

«Раней было развіццё, сёння — захаванне таго, што існуе». Як мiжнародны фестываль тэатра лялек у Гродне стаў «зборам» сяброўскіх краін (і чаму на яго ўсё ж варта ісці)

Мастацтва тэатраў лялек у Беларусі ўзнялося надзвычай высока і 30 гадоў трымала планку якасці. Беларускіх…

18 верасня 2024

«Гродзенскія анёлы» спусціліся з нябёсаў на могілкі. Там прайшла прэзентацыя кнігі Святланы Несцярэнкі

«На могілках! А дзе ж яшчэ праводзіць прэзентацыю? Аўтарка кнігі пра гродзенскі праваслаўны некропаль Святлана…

18 верасня 2024

Прыгожая хімія і лагічны падыход. Як беларуска ў Беластоку занялася рэпетытарствам

У Беларусі Света выкладала хімію ў каледжы і працавала ў антыдопінгавай лабараторыі. Зараз яна жыве ў…

17 верасня 2024

52 ахвяры: гісторыя Станіслава і Яніны Збоньскіх — серыйных забойцаў, якія любілі Гродна

Гродна 100 гадоў таму праславілася як “база” серыйных забойцаў Збоньскіх. Адсюль з вуліцы Фабрычнай, 9 цягам…

15 верасня 2024

«Трэба дзесьці быць дзіваком, вар’ятам». Руслан Кулевіч — пра 4 гады эміграцыі, прабачэнні Бондаравай і як улады шукалі яго мёртвага бацьку

Журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч летам 2020-га збіраўся згуляць вяселле, а да канца года - выпусціць…

12 верасня 2024