Спадчына

Што будавалі на Горкага, дзе быў «чортаў масток» і як планавалі новы парк: Гродна 100 гадоў таму (1−7 ліпеня 1924)

Памятаеце адметны дамок на Горкага, 47А, побач з кінатэатрам «Космас»? Аказваецца, акурат на гэтым тыдні спаўняецца 100 гадоў з пачатку яго будаўніцтва! Што яшчэ цікавага адбывалася ў Гродне ў 1924 годзе? Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае шукаць цікавосткі са старых выпускаў газеты «Echa grodzieńskie».

Некаторыя газетныя нататкі суправаджаюцца тлумачальным каментарыем.


1 ліпеня ў гродзенскім аддзяленні Польскага таварыства гандлю і прамысловасці невядомыя скралі 12 плугоў на агульную суму 300 млн марак.


3 ліпеня на гарадской выставе планаў паркаў узнагародай адзначылі план новага парку, складзены В. Таньскім.

Тагачасны новы парк — гэта сёння фрагмент парка Жылібера, дзе стаіць вечны агонь. Да Першай сусветнай вайны частку гэтай тэрыторыі займаў палац губернатара (былы палац Тызенгаўза), які ў час вайны згарэў. На плане бачым зверху пазначаны будынак гарадскога тэатра — сёння Тэатра лялек. Злева — царква Аляксандра Неўскага, падпісаная як гарнізонная царква (бо туды хадзілі маліцца польскія салдаты праваслаўнага веравызнання). Яна стаяла на сённяшняй плошчы Тызенгаўза.


3 ліпеня пачаў працу школьны лагер у Азёрах для вучняў гродзенскай мужчынскай гімназіі. Гімназісты аплачваюць толькі харчаванне, кошт якога на дзень складае 2 злотыя.


4 ліпеня. Летам магілы нашых нябожчыкаў засаджваюць кветкамі і дрэўцамі сваякі, якія жадаюць ушанаваць нязгасную памяць пра дарагіх сэрцу памерлых. Сонца высушвае расаду кветак, і тыя, хто жадае абараніць уласныя намаганні ад наступстваў гарачыні, вымушаны насіць ваду вёдрамі з калодзежа, размешчанага за паўкіламетра ад могілак. Тым часам да могілак падведзены вадаправодныя трубы. І трохі добрай волі з боку гродзенскага магістрата — ды справа паспяхова вырашылася б для жывых і памерлых.


У цудоўны сонечны суботні дзень 5 ліпеня ў 16 гадзін быў закладзены краевугольны камень пад будову афіцэрскіх дамоў на другой афіцэрскай калоніі па вуліцы Грандзіцкай. Падмуркі пад афіцэрскія дамы выраблены з рэшткаў разбураных фартоў, якія яшчэ нядаўна стаялі на варце. Фундаменты асвяціў ксёндз дэкан Тартыла. Пасля адзін за адным бралі слова генерал Бербецкі, прэзідэнт горада Стэмпнеўскі і стараста Рагалевіч. Яны гаварылі пра права кожнага грамадзяніна валодаць кавалкам роднай зямлі, і перш за ўсё гэтае права належыць тым, хто заслужыў гэта гонарам за свае ўчынкі […] Рашэнне аб пабудове афіцэрскай калоніі выклікана недахопам жылля ў Гродне і жаданнем аб’яднаць афіцэраў у супольнасць. Дзеля гэтага было заснавана афіцэрскае кааператыўнае таварыства для пабудовы ўласных дамоў у Гродне. Яно атрымала 5 ліпеня 1924 года дазвол ад прэзідэнта Рэчы Паспалітай Станіслава Вайцяхоўскага з пералікам усіх адказных за гэтую справу. Зямля для калоніі выдзеленая князем Друцкім-Любецкім, а ўзводзіцца яна паводле праекту архітэктара інжынера Выганоўскага, працы выконваюць інжынеры Штольцман і Клімо.

Пасля закладання краевугольнага каменя ў зале гатэля «Раяль» прайшла вечарына, прысвечаная гэтай падзеі, арганізаваная паручнікам Бендарам.

Гаворка ішла пра будаўніцтва дамоў у трохкутніку сённяшніх вуліц Астроўскага (тады — Панятоўскага), Горкага (тады — Грандзіцкай) і Славацкага. Два з трох узведзеных тады дамоў на сённяшніх вуліцы Астроўскага 4А і Горкага 47А захаваліся да нашых дзён. Іх будаўніцтва было падрабязна занатавана на фотаздымках, якія захоўваюцца ў польскай Bibliotece Narodowej.

Праекты дамоў распрацаваў архітэктар Вітальд Выганоўскі як тыповае жыллё для чыноўнікаў і вайскоўцаў на тэрыторыі так званых Крэсаў Усходніх.

Найбольш цікавым падаецца факт, што пры будаўніцтве гэтых дамоў выкарыстоўвалі рэшткі гродзенскіх фартоў для фундаменту.

Кааператыў, дарэчы, неўзабаве збанкрутаваў - і ў выніку паўсталі толькі тры дамы (трэці не захаваўся), а на яго месцы паўстала так званая «Паштовая калонія». Цікава, што падобная сітуацыя з банкруцтвам кааператыва здарылася ў той жа час на цяперашняй вуліцы 17 Верасня, каля заапарка — але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

У доме на Астроўскага 4А жыў пазней вядомы польскі алімпіец Вітальд Герута. У доме на Горкага 47А быў у савецкі час тайны гатэль абласнога камітэта камуністычнай партыі, дзе неафіцыйна прымалі дэлегацыі з Мазамбіка, Анголы, Нікарагуа і іншых краін, якія вялі змаганне з каланіялізмам.

Дом па вул. Астроўскага № 4а, даваенны № 4. Тут жыў Вітальд Герута
Другі ацалелы дом вайсковай калоніі цяпер мае адрас Горкага 47а
Тры дамы Грандзіцкай афіцэрскай калоніі ў Гродне, пабудаваныя ў 1924 годзе
Грандзіцкая афіцэрская калонія ў Гродне. 1924 год
Грандзіцкая афіцэрская калонія ў Гродне. 1924 год
Будаўніцтва дамоў у Грандзіцкай афіцэрскай калоніі ў Гродне. 1924 год
Будаўнікі дамоў Грандзіцкай афіцэрскай калоніі ў Гродне. 1924 год
Будаўніцтва дамоў у Грандзіцкай афіцэрскай калоніі ў Гродне. Закладанне фундаментаў. 1924 год
Будаўніцтва дома ў Грандзіцкай афіцэрскай калоніі ў Гродне (пачатак узвядзення сцен), 1924 год
Будаўніцтва дома ў Грандзіцкай афіцэрскай калоніі ў Гродне, 1924 год
Будаўніцтва дома ў Грандзіцкай афіцэрскай калоніі ў Гродне, 1924 год
Будаўніцтва дома ў Грандзіцкай афіцэрскай калоніі ў Гродне, 1924 год
Будаўніцтва дома ў Грандзіцкай афіцэрскай калоніі ў Гродне, 1924 год
Будаўніцтва дома ў Грандзіцкай афіцэрскай калоніі ў Гродне, 1924 год
Будаўніцтва дома ў Грандзіцкай афіцэрскай калоніі ў Гродне, 1924 год
Дабудаваны дом у Грандзіцкай афіцэрскай калоніі ў Гродне. 1924 год
Дабудаваны дом у Грандзіцкай афіцэрскай калоніі ў Гродне. 1924 год
Дабудаваны дом у Грандзіцкай афіцэрскай калоніі ў Гродне. 1924 год
Дабудаваны дом у Грандзіцкай афіцэрскай калоніі ў Гродне. 1924 год
Дом, пабудаваны афіцэрскім кааператывам у Гродне ў 1924 годзе. На першым плане бачныя валуны і фрагменты Гродзенскіх фартоў

6 ліпеня ў 16 гадзін у доме па вуліцы Ажэшкі, 28 адбыўся надзвычайны сход сяброў Саюза легіянераў.


6 ліпеня. Мост на вуліцы Ажэшкі ўжо часткова разабраны. Застаўся толькі кавалак для пешаходаў, і той цягам двух тыдняў павінен быць дэмантаваны. Закрыццё для камунікацыі гэтай найбліжэйшай артэрыі будзе настолькі ўражлівае для жыхароў, што нават надзея на новы прыгожы мост і радасць ад гэтай думкі ў сэрцы гродзенца не заўсёды будзе кампенсаваць нязручнасць. Застаецца толькі спадзявацца, што магістрат, які дбае пра зручнасць гараджан, парупіцца зрабіць часовы пераход праз прыватны ўчастак, ці, як абяцаў прэзідэнт горада, пакладзе хоць бы некалькі дошак на асновах маста, што наноў будуецца, каб палегчыць злучэнне.

Гаворка тут ідзе пра неіснуючы ўжо сёння мост у самым пачатку вуліцы Ажэшкі, калі ісці ад чыгуначнага вакзала. Пра пачатак яго рамонту гродзенскія газеты пісалі тыдзень раней.


6 ліпеня. Пры завулку, які вядзе на так званы «д'ябальскі масток», што злучае вуліцу Пілсудскага з Ажэшкі, стаіць будынак з цэментных блокаў, пра які доўга не было вядома, ці з’яўляецца ён прыватнай, ці гарадской уласнасцю. Нядаўна магістрат гэты будынак абгарадзіў новым плотам з двума ўваходамі. Вуліца дзякуючы гэтаму набыла эстэтычны выгляд, грамадскасць — зручнасць, бо цяпер гэты будынак, даўно ператвораны ў прыбіральню, падзелены як унутры, так і звонку. Бракуе толькі надпісаў «для жанчын» і «для мужчын» на дзвярах.

«Чортаў масток» — гэта быў пакручасты драўляны мост, які праз даліну Гараднічанкі злучаў сённяшнія вуліцы Леніна і Ажэшкі. Ён знаходзіўся на спуску да Гараднічанкі каля цяперашняга корпуса ГрДУ і выходзіў паміж домам-музеем Ажэшкі і Шахматна-шашачным клубам. У пачатку XX ст. пра гэты мост хадзілі розныя байкі і чуткі-жахалкі. Знеслі яго ў 1960-х.


6 ліпеня адбылося пасяджэнне Сельскагаспадарчага таварыства з выступамі прафесара Яноўскага і Маршалковіча. Пасяджэннем кіраваў старшыня гродзенскага аддзялення таварыства граф Красінскі. У паведамленнях рабіўся націск на патрэбу паляпшэння лугоў для выпасу жывёл, каб у далейшым мець магчымасць экспартаваць мяса на ўсход. Валвоцкі паскардзіўся, што таварыства ў цяжкім фінансавым стане. Ардынатар Біспінг паведаміў, што сядзіба Абрэмшчына знаходзіцца ў цяжкім стане, а перамовы з гандлярамі з Індуры па паляпшэнні яе становішча скончыліся беспаспяхова. Пані Тарасовіч паведаміла пра дзейнасць Колка вясковых гаспадыняў. Дырэктар Савіцкі распавёў пра працу пчалярскай секцыі, пасля чаго дэ Ласі распавёў пра кіраўніцтва сушылкай на тэрыторыі лясніцтва.

Граф Міхал Красінскі - старшыня таварыства — быў ветэранам польска-бальшавіцкай вайны і сябрам знакамітага польскага генерала Андэрса. Быў расстраляны савецкімі салдатамі побач з уласным маёнткам у Квасоўцы 20 верасня 1939 года. Яго жонка Марыя Чартарыйска і дочкі былі высланыя ў Казахстан. Былы маёнтак Абрэмшчына — сёння ў складзе вёскі Занявічы каля Індуры. Згаданы ў сувязі з маёнткам Біспінг — Ян Біспінг з маёнтка Масаляны, даволі скандальны землеўласнік, якога двойчы судзілі за забойства, але абодва разы апраўдалі. Сям’я О’Браенаў дэ Ласі - буйныя землеўласнікі ў Гродне і ваколіцах. Валодалі Аўгустоўкам (цяпер — вуліца Рэпіна). Маўрыцы О’Браен дэ Ласі ў 1930−33 быў прэзідэнтам Гродна.


6 ліпеня. У спякотныя дні без дажджу падмятанне вуліц — адна з найбольш пакутлівых пошасцяў Гродна. Клубы пылу літаральна перашкаджаюць дыханню пешаходаў, а адзіны станоўчы бок нашага горада ў выглядзе шматлікіх дрэваў, якія затрымліваюць свежае паветра, знікае праз нерашучасць гарадскіх уладаў. Здавалася б, справа даволі простая: паставіць на найбольш ажыўленых вуліцах горада некалькі бочак з вадою, каб падчас падмятання паліваць вуліцы. Але пакуль гэтая прапанова, выказаная не ўпершыню, застаецца незаўважанай.

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024