Спадчына

Школьныя выпускныя, ветэраны-жабракі і развітанне з дырэктарам: чым жыў Гродна 100 гадоў таму (24−30 чэрвеня 1924 года)

Стагоддзе таму, у канцы чэрвеня 1924 года, школьнікі ў Гродне адзначалі выпускныя і хуліганілі, горад развітваўся з дырэктарам жаночай гімназіі, якога перавялі на іншае месца працы, а на вуліцы Ажэшкі рамантавалі мост.

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае расказваць, што мы даведаліся са старонак старых выпускаў газеты «Echa Grodzieńskie». Традыцыйна суправаджаем некаторыя газетныя нататкі сваім кароткім тлумачальным каментарыем.


Заканчэнне школьнага года і выпускныя ў школах


З 25 да 27 чэрвеня з 17 да 21 гадзіны ў Габрэйскай гімназіі пад кіраўніцтвам дырэктара Меерсона па вуліцы Паліцыйнай, 12 была адкрыта выстава прац вучняў і вучаніц, якая падводзіць вынікі школьнага году. Выстава размеркаваная па наступных раздзелах: прыроды, гістарычна-геаграфічны, картаграфічны, дэкарацыйна-мастацкія працы, разьба ды іншыя. Асобна дэманстраваліся гульні і забавы вучняў на школьным падворку, а таксама выступленне артыстаў-школьнікаў на маленькай сцэне з двух сюжэтаў: «Суд Асірыса» паводле ўзору егіпецкага пахавання і паэтычная фантазія, якая складалася з твораў розных формаў - ад схаластыкі да футурызму.

Вуліцы Паліцэйская — сённяшняя Кірава.


27 чэрвеня. Кіраўніцтву школы імя Міцкевіча неабходна звярнуць увагу на сваіх вучняў. Зграя хлопцаў гналася за маленькай дзяўчынкай з кошыкамі для працэсіі Божага Цела праз некалькі цэнтральных вуліц горада, пакуль іншая дзяўчынка з вялікай цяжкасцю не здолела яе абараніць. Варта больш пільна сачыць за паводзінамі дзяцей па-за школай!

Школа імя Міцкевіча працавала ў будынку былога царскага рэальнага вучылішча — сёння корпус аграрнага ўніверсітэта на вуглу 1 Мая і Акадэмічнай.


28 чэрвеня ў мясцовай гандлёвай школе, заснаванай тры гады таму, прайшла ўрачыстасць у сувязі з яе заканчэннем першымі 17 выпускнікамі. Урачыстасці пачаліся з выступу дырэктара Маркевіча і старшыні К. Гедройця. Вечарам прайшоў агульны банкет настаўнікаў і выпускнікоў. Выпускнікамі сталі: Халінскі Станіслаў і Люцыян Пшыбушэўскі (з адзнакаю), Улад. Хваеўскі, Грабіцкі, Вацлаў Кулікоўскі, Чэслаў Ляўко, Мечыслаў Мазурчык, Віталіс Мінінчыц, Эдвар Мазуркевіч, Улад. Алдзяеўскі, Леапольд Петрашэўскі, Фелікс Шышко, Фелікс Урбаньскі, Эдвард Занеўскі, Раман Занеўскі, Юзэф Жыўна.

У газеце называецца лічба ў 17 выпускнікоў, але падаюцца чамусьці толькі 16 прозвішчаў. Гаворка ідзе пра гандлёвую школу Польскай Мацежы Школьнай, якой кіраваў дырэктар Станіслаў Маркевіч. Спачатку школа, як і сама гродзенская арганізацыя ПМШ, базіравалася ў Доме Ажэшкі.


28 чэрвеня ў 10 гадзін адбылося ўрачыстае набажэнства па выніках заканчэння вучобы ў дзяржаўнай жаночай гімназіі імя Эміліі Плятэр у Фарным касцёле. Пасля гэтага вучаніцы сабраліся ў вялікай гімназічнай залі, дзе дырэктар Гжэндзельскі ў сардэчнай і па-сапраўднаму бацькоўскай прамове даў наказ на будучыню, заклікаў да працы над сабою, а перш за ўсё да выпрацоўкі ў сабе той рэдкай, але найкаштоўнейшай рысы — пачуцця абавязку. Нарэшце, на развітанне ён сказаў, што за праведзеныя ў нашым горадзе гады сапраўды палюбіў гэтых дзяцей, якія назаўсёды застануцца ў яго памяці. Вялікі плач дзяцей і гарачы пратэст бацькоў быў найлепшым пацвярджэннем, якім дарагім кіраўніком быў для іх Гжэндзельскі, якога, нягледзячы на шматлікія просьбы і петыцыі, з гэтай пасады знялі. Абы гэта не адбілася на ўстанове ў будучыні.

Вечарам у той жа дзень у жаночай прафесійна-тэхнічнай школе па вуліцы Пілсудскага, 28 першыя чатыры вучаніцы атрымалі свае атэстаты. З’яўленне гэтай вучэльні ў Гродне стала важнай справай для нашага горада, дзе ў здаровай маральнай атмасферы дзяўчаты атрымліваюць прафесійную падрыхтоўку на аснове агульнай адукацыі, заснаванай на любові да радзімы і выкараненні забабонаў быццам рамесніцтва — гэта ніжэйшая катэгорыя працы сярод іншых прафесій. Гэтая праца ўжо сёння дае плён і першыя дзяўчаты выходзяць са школы, каб здаць экзамен па атрыманых ведах на больш шырокім полі і падумаць пра закладанне ўласнай рукадзельнай майстэрні. Урачыстасць завяршылася паказам прац выпускніц, а 29 чэрвеня ў нядзелю ў 15 гадзін тут адбылася выстава, латарэя фантаў, праведзеная намаганнямі школьнага кола моладзі Чырвонага Крыжа.

Ян Гжэндзельскі - кіраўнік жаночай гімназіі ў Гродне. Дзякуючы яму пачалося стварэнне ўласнага кабінета фізікі, пашырылася бібліятэка. Быў рэдактарам газеты «Dziennik Kresowy». У 1924 годзе гродзенскі суд прыгаварыў яго да двух месяцаў зняволення за знявагу суда на старонках выдання. З нататкі ніжэй можна даведацца, што Гжэндзельскі быў таксама актыўны ў дадатковым навучанні вайскоўцаў.


27 чэрвеня прайшла апошняя лекцыя з цыклу па вайсковай гісторыі дырэктара Гжэндзельскага для падафіцэраў гродзенскага гарнізона. Да больш чым сотні слухачоў далучыліся генерал Л. Бербецкі, палкоўнік Люберадзкі, палкоўнік Дзежыкрай-Стакальскі, маёр Багеньскі, маёр Хафбаўэр, капітан Міхалік і паручнік Хейнік. Пасля выступу, які ахопліваў час ад лістападаўскага пастання да здабыцця Польшчаю незалежнасці, дырэктар Гжэндзельскі звярнуўся з развітальным словам да падафіцэраў з тлумачэннем, чаму два гады таму заснаваў гэты курс — у сувязі з адказнасцю вайскоўцаў перад Айчынай, заклікаў да гонару за мундзір. Пасля заканчэння выступу слова ўзяў генерал Бербецкі, які адзначыў высокае значэнне падафіцэрскага корпусу, а таксама падзякаваў дырэктару Гжэндзельскаму за яго лекцыі і пажадаў поспеху ў далейшым жыцці.


Рамонт, палітыка і праблемы ветэранаў вайны


29 чэрвеня кіраўніцтва Віленскага паляўнічага таварыства нагадвае паляўнічым, у тым ліку гродзенскім, што ў адпаведнасці з законам «Аб паляванні» ахоўны перыяд для качак і балотных птушак заканчваецца не ў дзень Святога Пятра і Паўла, а 14 ліпеня. Віленскае таварыства паляўнічых не сумняваецца, што паляўнічыя і дзяржаўныя ўлады будуць выконваць дзеючы ў краіне закон «Аб паляванні».


29 чэрвеня ў 16 гадзін у гарадскім тэатры прайшла сустрэча Народнай нацыянальнай партыі (Związek Ludowo-Narodowy) пры ўдзеле паслоў сейму — экс-міністра скарбу Кухарскага, Кадлубоўскага і іншых. Затым у гатэлі «Раял» ладзілася палітычная канферэнцыя.



З 30 чэрвеня перапыненая камунікацыя на вуліцы Ажэшкі перад вакзалам у сувязі з пашырэннем жалезабетоннага моста. Даезд да вакзала будзе ажыццяўляцца праз вуліцы Напалеонаўскую, Ягелонскую і іншымі вакольнымі вуліцамі.


З 30 чэрвеня да 6 ліпеня ў Гродне праходзіць «Тыдзень інвалідаў», прысвечаны ветэранам войска, пад наглядам генерала Леона Бербецкага. Будуць распаўсюджвацца налепкі з выяваю «Белага арла» па 1 злотым за штуку. Кіраўнік ваяводскай рады А. Фірэк звярнуўся да гродзенцаў: «Няхай ў гэты час кожны хоць невялікім ахвяраваннем верне доўг тым, хто ўласнымі грудзьмі бараніў краіну ад нашэсця бальшавіцкіх ордаў і хто сёння працягвае свае жабрацкія рукі да вас, дарагія суайчыннікі».


Чытайце таксама:


Крымінал у Гродне


25 чэрвеня ў Нехы Любіча з вуліцы Напалеонскай, 8 праз узламанае акно невядомыя скралі розныя рэчы і тканіну на 300 млн марак.


26 чэрвеня магазін Эпштэйна Гдаля па вуліцы Індурскай, 18 узламалі невядомыя і скралі розныя рэчы на 96 млн марак.


28 чэрвеня на Сенным рынку ў Гродне ў Элеаноры Урбанскай з вуліцы Мала-Артылерыйскай невядомыя скралі торбу з дакументамі. З фарбярні на вуліцы Маставая, 21 невядомыя, выбіўшы акно, скралі тканіны на 500 злотых. У гэты ж дзень з аднаго вагону на станцыі Гродна адразу ў трох чалавек — Генрыка Скадзеўскага, Яна Вільчака і Рыгора Антановіча — невядомыя скралі дакументы і грошы.

Вуліца Напалеонская — сённяшняя Карбышава. Вулачка Індурская — невялікая вуліца ў раёне сённяшнай плошчы Савецкіх пагранічнікаў і завода карданных валаў.

Падзяліцца
Меткі: гісторыя

Апошнія запісы

Навучыцца экалагічна выказваць эмоцыі, прыгатаваць моці і станцаваць K-pop: якія гурткі для дарослых ёсць у Гродне

Калі звыклыя хобі ўжо надакучылі і больш не прыносяць задавальнення, самы час выйсці за межы…

19 верасня 2024

«Раней было развіццё, сёння — захаванне таго, што існуе». Як мiжнародны фестываль тэатра лялек у Гродне стаў «зборам» сяброўскіх краін (і чаму на яго ўсё ж варта ісці)

Мастацтва тэатраў лялек у Беларусі ўзнялося надзвычай высока і 30 гадоў трымала планку якасці. Беларускіх…

18 верасня 2024

«Гродзенскія анёлы» спусціліся з нябёсаў на могілкі. Там прайшла прэзентацыя кнігі Святланы Несцярэнкі

«На могілках! А дзе ж яшчэ праводзіць прэзентацыю? Аўтарка кнігі пра гродзенскі праваслаўны некропаль Святлана…

18 верасня 2024

Прыгожая хімія і лагічны падыход. Як беларуска ў Беластоку занялася рэпетытарствам

У Беларусі Света выкладала хімію ў каледжы і працавала ў антыдопінгавай лабараторыі. Зараз яна жыве ў…

17 верасня 2024

52 ахвяры: гісторыя Станіслава і Яніны Збоньскіх — серыйных забойцаў, якія любілі Гродна

Гродна 100 гадоў таму праславілася як “база” серыйных забойцаў Збоньскіх. Адсюль з вуліцы Фабрычнай, 9 цягам…

15 верасня 2024

«Трэба дзесьці быць дзіваком, вар’ятам». Руслан Кулевіч — пра 4 гады эміграцыі, прабачэнні Бондаравай і як улады шукалі яго мёртвага бацьку

Журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч летам 2020-га збіраўся згуляць вяселле, а да канца года - выпусціць…

12 верасня 2024