Спадчына

Схоплены «Герой Беларусі», разбурэнне кляштара брыгітак і візіт кіназоркі: чым жыў Гродна 100 гадоў таму (17−23 чэрвеня 1924 года)

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае расказваць, што можна даведацца са старонак старых выпускаў газеты «Echa Grodzieńskie». На гэтым тыдні - сапраўдны крымінальны баявік пра беларускага разбойніка з Белавежскай пушчы, паведамленне пра дахоўку кляштара брыгітак, якая валілася пешаходам на галовы, ды іншыя падзеі з жыцця Гродна ў 1924 годзе.

Традыцыйна суправаджаем некаторыя газетныя нататкі кароткім тлумачальным каментарыем.


17 чэрвеня ў Гродна вярнуўся кіраўнік мясцовага следчага ўпраўлення камісар Бжэчак, які разам з 20 паліцыянтамі з нашага горада ўдзельнічаў у ліквідацыі банды ў Белавежскай пушчы. Аблава скончылася поспехам і быў схоплены Рыгор Дулько, якога ў народзе называюць «Героем Беларусі». Яго настолькі баяліся, што здараліся выпадкі, калі ён адзін рабаваў адразу па 6−8 чалавек, а пасля рабунку, загадваў тым класціся на зямлю як баранам, забараняючы варушыцца, пасля чаго спакойна сыходзіў. Цяпер «слаўны герой» сядзіць за кратамі.

Хто такі Рыгор Дулько? «Echo Warszawskie» піша пра яго як пра 23-гадовага «паўукраінца, паўбеларуса» з вёскі Масева. Дулько дэзерціраваў з польскага войска і ў Белавежскай пушчы на чале 3−5 жыхароў вёскі Масева здзяйсняў напады ў масках на дарогах у ваколіцах станцыі Нарэўкі. Журналісты адзначалі, што гэты калектыў падтрымлівалі «сяляне русіны і беларусы». Напады Дулько скончыліся тым, што 8 траўня 1924 года ён у Белавежскай пушчы завалодаў адным з пастарункаў, дзе забіў 20-гадовага падляснічага Аляксандра Малішэўскага. Пасля гэтага польскія ўлады арганізавалі аблаву ў Белавежскай пушчы і ў выніку ў чэрвені 1924 года Рыгора Дулько арыштавалі. Яго расстралялі ў Беластоку 1 кастрычніка 1925 года.


17 чэрвеня з кішэні ў Антона Палешука на Скідзельскай плошчы скралі 30 млн марак. Злачынца Уладзімір Астаф’еў дастаўлены ў суд. У гэты ж дзень у Зіны Ліс са Скідзельскай вуліцы, 21 невядомыя скралі 40 злотых, а на чыгуначным вакзале Тэадор Мазюк паздымаў з вагонаў замкі і завесы на суму 500 злотых.


17 чэрвеня. Аддзел гродзенскага Чырвонага Крыжа разам з дырэктарам Якімовічам доўгі час выношваў ідэю арганізацыі «Станцыі апекі над немаўлятамі і іх маці», якую ажыццяўляе амерыканскі Чырвоны Крыж. Нарэшце гэты праект набірае дакладныя формы праз атрыманне ад гродзенскага Магістрата гадавой субсідыі ў памеры 1000 злотых, а таксама праз гатоўнасць аказання дапамогі з боку Крыс, дэлегаткі амерыканскага Чырвонага Крыжа з Варшавы. Яна дапаможа з пошукам медсястры, якая б адказвала за такую пляцоўку ў Гродне. Ёсць надзея, што ўжо ў ліпені «станцыя» пачне сваю працу. Паводле дадзеных, у Польшчы штогод памірае 45 тысяч дзяцей на першым годзе жыцця.

Амерыканскі Чырвоны Крыж у першыя гады пасля заканчэння Першай сусветнай вайны падтрымліваў усе таварыствы Чырвонага Крыжа, якія дзейнічалі на тэрыторыі знішчаных вайной краін Еўропы. Напрыклад, у 1920 годзе ў Беластоку дзякуючы дапамозе Амерыканскага Чырвонага Крыжа адкрыўся дзіцячы дом.


17 чэрвеня ў Гродне працягнуліся вайсковыя вучэнні па стральбе ў прысутнасці запрошаных гасцей — старшыні суда Гедройця, старасты Рагалевіча, прэзідэнта Стэмпнеўскага, прадстаўніка Сельскагаспадарчага таварыства Ейнаровіча, прадстаўніка габрэйскай гімназіі Шуклкеса, дырэктара сельскагаспадарчага сіндыката доктара Савіцкага. Першы стрэл у гэты дзень зрабіў кіраўнік Трэцяй вайсковай акругі генерал Бербецкі. Афіцэрскія спаборніцтвы скончыліся 19 чэрвеня. Перамогу святкавала афіцэрская каманда 76 пяхотнага палку, адзначаная дыпломам першай ступені. Капітан Вітольд Крыдэль, капітан Эразм Рудзецкі, капітан Эдвард Косаўскі, паручнік Томаш Залеўскі, паручнік Канстанцін Кісель, падпаручнік Мечыслаў Васілеўскі занялі першае месца з вынікам у дакладнай стральбе 424 балы і баявой стральбы 1175 балаў. Дыпломы падпісалі генералы Бербецкі і генерал Балінскі. Агульная сума балаў 76 пяхотнага палку — 1599, другім стаў 1-ы полк легіянераў (1468 балаў), 3-е месца заняў 6-ы полк легіянераў (1261 балаў). 76 пяхотны полк перамагаў і ў мінулым годзе ў спаборніцтвах ІІІ Корпусу, а далей заняў трэцяе месца на чэмпіянаце арміі ў Торуні.

Навіна пра пачатак вайсковых вучэнняў з’яўлялася ў мінулым аглядзе старой прэсы.


У ноч з 17 на 18 чэрвеня ў канцылярыі мужчынскай гімназіі быў праведзены арыгінальны крадзеж. Праз выбітае акно злачынца прабраўся ў будынак і параскідаў па ім не надта важныя паперы, скраўшы адну толькі круглую пячатку гімназіі. Магчыма, у Гродне хутка з’явяцца новыя «гімназісты» і новыя гімназічныя атэстаты. Паліцыя занялася справай.



20 чэрвеня ў Апалоніі Яблонскай скралі 90 злотых. Злачынца Аляксандр Бубенка затрыманы і перададзены ў суд.


З 20 чэрвеня вайсковыя аркестры будуць бясплатна граць для грамадскасці ў Гарадскім парку, а не ў Швейцарскай даліне. Па панядзелках у 17−19 гадзін будзе выступаць аркестр 81 пяхотнага палку, а па пятніцах у той жа час — аркестр 76 пяхотнага палку.

У папярэдніх выпусках мы згадвалі, што канцэрты ў парку перанеслі падалей ад гімназіі імя Міцкевіча, каб не замінаць правядзенню пасляабедзенных лекцый. Паколькі ў канцы чэрвеня навучанне ў польскіх школах заканчвалася, відаць скончыліся і лекцыі, а аркестры перанесліся на ранейшае месца. Практыка бясплатных канцэртаў у парку для гараджан дзейнічала тады ў Гродне ўжо некалькі гадоў.


21 чэрвеня. Ці здзейснілі мы злачынства, свядома не задэклараваўшы заручальны пярсцёнак, які з’яўляецца сімвалам рэлігійнага абраду, так жа як крыжык або медальён? Гэтае пытанне паўстала пасля візіту ў падатковую аднаго з грамадзян з-пад Гродна. Яго выклікалі па падазрэнні ва ўтойванні грашовых сродкаў і ў якасці пацвярджэння паказалі на яго заручальны пярсцёнак. Фігурант справы прызнаўся, што сапраўды не задэклараваў яго, але патлумачыў, што гэта не прадмет раскошы, што ён звязаны з рэлігійным абрадам. Нягледзячы на гэта, быццам бы нават быў складзены пратакол. Гэты візіт выклікаў шырокае абмеркаванне ў Гродне сярод шмат якіх асоб, якія падзяліліся адносна гэтага пытання. Таму мы заклікаем шырокую грамадскасць да атрымання тлумачэнняў па складаных пытаннях ад адказных за гэта прадстаўнікоў.

Як бачым, праблемы з падатковай — вечныя. Як былі 100 гадоў таму, так і цяпер ёсць.


21 чэрвеня ў Яўгеніі Кладоўскай з вуліцы Тэлеграфічнай, 6 невядомыя з памяшкання скралі вопратку на 800 млн.


22 чэрвеня ў Гродне праводзіўся збор ахвяраванняў у падтрымку парафіі сясцёр назаратанак з брыгіцкага кляштара, да ўдзелу ў якім заклікаў заснавальнік гродзенскага музея Юзаф Ядкоўскі:

«Кляштар брыгітак, сённяшні назаратанак, некалі знаходзіўся на самым ускрайку горада на ўездзе з боку Скідзеля. Гэтая фундацыя, якая шчодра адорвалася ў першай палове XVII стагоддзя праз Аляксандру з Сабескіх Весялоўскую, яе мужа Крыштафа Весялоўскага і маршалка Вялікага княства Літоўскага Якуба Сабескага — бацьку караля Яна ІІІ, прыёрку (адну з першых) Ганну Сабескую, дачку Марка Сабескага, сёння хіліцца да заняпаду».

Са званіцы, узведзенай асобна на ўзор італьянскіх кампанілаў, дахоўка валіцца на галовы вандроўнікам, мураваная кляштарная агароджа ў крапасных традыцыях у шмат якіх месцах пагражае абвалам, з сярэдзіны падцёкі, якія сведчаць пра стан даху, што нагадвае рэшата. Такое становішча надалей працягвацца не можа. Кляштар, які ўтрымлівае школу, хоць і мае знішчаны ў часе сусветнай вайны фальварак Каханаў, аднак жа не можа мець больш карысці без маёмасці. Некалі вялікія багацці, якія належалі раней кляштару (Узлаўцы ў Слонімскі павеце, Крамяніца з фальваркамі; Рагозніца, Квасікоўшчына і Марцінаўцы ў Ваўкавыскім павеце) адабраў яшчэ расійскі ўрад.

Кляштарныя каштоўнасці (на суму ў 2083 залатыя чырвонцы ці дукаты) ўжо ў 1794 годзе былі аддадзеныя на «патрэбы Радзімы», як сведчыць распіска, атрыманая на загад Т. Касцюшкі, што да сёння захоўваецца ў кляштары.

Дзеля вызвалення Рэчы Паспалітай нават не вагаліся перадаць срэбраную труну святога Клеменса вагою ў 107 лотаў (1 лот роўны 12,65 грамы, то бок агульная вага — 1,35 кг) 11-й пробы.

Былы брыгіцкі кляштар і касцёл на сённяшняй вуліцы Маркса — выдатны прыклад барока. Зараз касцёл адрэстаўраваны, у кляштары працягваецца рэстаўрацыя. Званіца, пра якую згадвала газета, была разбурана ў савецкі час.


22 чэрвеня ў Гарадскім парку адбыліся вялікія ўрачыстасці на карысць Польскага таварыства дабрачыннасці. Маршыраванне дзяцей пад музыку, дзіцячыя гімнастычныя выступы, танцы, пошта, феерверкі і іншыя неспадзянкі, канцэрт вайсковага аркестра. Кошт уваходу — 1 злоты для дарослых, паўзлотага — для дзяцей і вайскоўцаў.


22 чэрвеня ў Нёмане падчас купання патануў Іцка Чабан, жыхар Беластоку. Расследаванне праводзіць Першы камісарыят дзяржаўнай паліцыі ў Гродне.


23 чэрвеня ў Гродна прыехаў артыст Юзаф Вэнгжын, вядомы на варшаўскіх сцэнах, які дасць шэраг прадстаўленняў у нашым тэатры. Пасля гэтага будуць зробленыя сумесныя з нашым тэатральным калектывам кінематаграфічныя здымкі. Сам Вэнгжын распавёў: «У Гродзенскім тэатры не быў, але затое мой венскі сябар і адначасна знакаміты рэжысёр кінематаграфічнай фірмы Фрыдэрык Фішэр выйшаў з тэатру пад вялізным уражаннем, хваліўшы сцэнар і рэжысёрскія рэчы, якія бачыў раней у нямецкіх тэатрах».

Юзаф Вэнгжын быў вельмі папулярным тэатральным акторам, а таксама сапраўднай зоркай нямога, а потым гукавога кіно ў міжваеннай Польшчы. Аднак пазней яго лёс склаўся трагічна. Яго сын загінуў у канцлагеры Аўшвіц у час Другой сусветнай, пасля чаго Вэнгжын патрапіў у залежнасць ад алкаголю, а потым трапіў у псіхіятрычны шпіталь. Памёр усімі забыты ў 1952 годзе.

Падзяліцца
Меткі: гісторыя

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024