«Паша Собалеў быў тут, калі яны (супрацоўнікі ДФР — Hrodna.life) прыйшлі і груба сябе паводзілі. Бедненькі хлопчык схапіў крыжык, цалаваў і хрысціўся». Яшчэ адзін падапечны крычаў «выклікайце «дзядзьку Ку-ку»!" — кіроўцу сацыяльнага таксі, каб з’ехаць, узгадваюць візіт сілавікоў у Гродзенскім дзіцячым хоспісе. Хоспіс за апошні час перажыў ад’езд кіраўніка за мяжу, некалькі судовых разглядаў і крымінальную справу. 28 траўня тут зладзілі свята лета і ўпершыню пасля пачатку пандэміі запрасілі валанцёраў. Супрацоўнікі паведамляюць, што дзяцей менш не стала — наадварот, дадалося. Дырэктар з-за мяжы абяцае, што будзе звяртацца і да Папы Рымскага, абы хоспіс працаваў.
Святлана Алексіевіч і Анджэліна Джалі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку ціск на Гродзенскі дзіцячы хоспіс. Размова доўжыўся каля двух гадзін.
— Мы сёння хочам сказаць, што Гродзенскі дзіцячы хоспіс, нягледзячы на ўсякія чуткі, размовы, адкрыты. Ён працуе. Штотыдзень у хоспіс прыязджае мінімум 24 дзіцяці на заняткі са спецыялістамі, — распавяла падчас свята псіхолаг арганізацыі Марыя Бразінская.
У гэты дзень у хоспісе на вул. Дамейкі, 7 сабраліся дзясяткі дзяцей і бацькоў. Для падапечных зладзілі конкурс малюнкаў на асфальце. Па агульнаму рашэнню перамагла дружба — салодкі падарунак заслужылі ўсе.
Да дзяцей упершыню з пачатку пандэміі прыехалі валанцёры-медыкі. Яны ўжо правялі тры акцыі ў крамах па зборы прадуктаў. Цяпер будуць валянтэрыць як псіхолагі і дапамагаць лекару лячэбнай фізкультуры (ЛФК). Да таго ж, спатрэбяцца проста рукі - дзеці, хоць і калясачнікі, бываюць цяжкімі, і насіць іх лекарам складана.
— Наш хоспіс працаваў, працуе і будзе працаваць, — запэўніла Ірына Ламека, лекар лячэбнай фізкультуры і намеснік дырэктара хоспіса. Яна пажадала дзецям і бацькам «удачы, пабольш вітамінаў і сонца».
Дзяцей стала толькі больш
У хоспісе зараз працуюць два дэфектолагі, лекар ЛФК, адзін абілітолаг (лекар, які займаецца пераважна з дзецьмі з прыроджанымі асаблівасцямі і дапамагае развіваць несфармаваныя функцыі і навыкі - Hrodna.life), тры псіхолагі - адзін займаецца з бацькамі, двое — з дзецьмі. Кіруе з-за мяжы хоспісам дырэктар Вольга Вялічка, дапамагае на месцы намеснік дырэктара Ірына Ламека.
Зараз у хоспісе 56 падапечных — за год шасцёра дзяцей дадалося, паказвае на карткі дзяцей Ірына Ламека. «Хто не можа прыязджаць, мы самі дадому ходзім. Кожны раз у тыдзень нас наведвае. Каму трэба, часцей прыязджае: камусьці патрэбен дэфектолаг, камусьці - масаж», — распавяла Hrodna.life намеснік дырэктара.
У хоспіс пачалі прыязджаць і паўналетнія «паліятыўныя дзеці». У іх чацвёртая група страты здароўя. Яны ўжо скончылі дзяржаўны цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і засталіся без падтрымкі. У хоспісе вырашылі зрабіць для іх асобную групу. «Бацькі вельмі задаволеныя, прыязджаюць з задавальненнем. Ёсць поспехі - дзеці сталі больш адкрытыя, шмат чаму навучыліся», — сказала Ірына Ламека.
Бацькі «не адвярнуліся»
На новым месцы на вул. Дамейкі, 7 яны з ліпеня мінулага года. Месцы тут больш, чым у папярэдніх памяшканнях. Супрацоўнікі паспелі «абжыцца» — аздобілі пакоі малюнкамі і фота.
Усіх бацькоў апыталі па крымінальных справах у дачыненні да хоспіса, але яны «не адвярнуліся», распавялі ў хоспісе. Супрацоўнікі таксама адчулі стрэс. «Дзверы ламалі ў каморку, апарат ШВЛ забіралі на вачах. Я папрасіла — вы ж забіраеце апарат ШВЛ, вы павінны нам даць нейкі дакумент. Мне супрацоўнік ДФР сказаў: „Пайшла прэч адсюль“. Вось і ўсё. Гэта непрыемна», — узгадала намеснік дырэктара.
«Пасля Анджэліны Джолі будзе Папа Рымскі»
Па рашэнні суда хоспіс пазбавіўся памяшканняў на вул. Гагарына і ў Пышках — адтуль да гэтага не могуць забраць свае рэчы. З падатковай інспекцыі прыйшло рашэнне: хоспіс павінен заплаціць падаткі з бязвыплатнай спонсарскай дапамогі, якую ім аказалі. У дачыненні да арганізацыі распачалі крымінальную справу за «раскраданне». Хоспіс наведалі з праверкамі санстанцыі і пажарныя. З рэгіструючага органа ў хоспіс паступіла два папярэджанні - гэтага дастаткова для ліквідацыі, распавяла Вольга Вялічка Hrodna.life.
— Праца і так складаная. А яшчэ калі вось гэта ўсё, гэта, вядома, цяжка. І мне цяжка тут аддалена ўсё вырашаць. А работнікам у Гродне яшчэ складаней, — распавяла Вольга і паразважала аб аддаленай працы. — Цяжкасці ў тым, што калег не бачыш. Калі табе цяжка, калегі падбадзёрвалі. Калі калегам цяжка, ты падбадзёрыш. Жывыя зносіны ёсць жывыя зносіны. А так усё ідзе планава. Супрацоўнікі - вялікія малайцы. Гэта лішні раз даказвае, што хоспіс — гэта людзі, гэта калектыў, які там працуе.
«Планёркі ў нас праходзіць на высокай ноце — што мы з усім справімся, што дзеці будуць, і мы будзем працаваць. Усё наладжана на працу», — паведамляюць супрацоўнікі. Планы вялікія — закупка трэнажораў, арганізацыя летняга адпачынку для дзяцей.
— Пасля Анджэліны Джалі будзе Папа Рымскі. Калі яны зноў будуць на нас ціснуць, мы будзем звяртацца да ўсіх, хто можа дапамагчы, каб хоспіс працаваў, да ўсіх уплывовых людзей, хто нешта значыць на гэтай планеце, — абяцае Вольга.
Чытайце таксама: