У фармаце перформансу адного дня 3 сакавіка прайшла прэзентацыя калекцыі адзення ад дзіцячага хоспіса. Імпрэза адбылася ў нядаўна адрэстаўраванай камяніцы на Гараднічанскай, 23. У хуткім часе ў будынку будзе працаваць офісны цэнтр, але на адзін вечар прастора стала сцэнай для дабрачыннай вечарыны з перформансам, інтэрактыўнай выставай, канцэртам і модным паказам.
Меркаваннем кіраўнічкі дзіцячага хоспіса Вольгі Вялічка, менавіта такі падыход да дабрачыннасці зараз запатрабаваны ў Гродне.
«Дабрачыннасць змяняецца і будзе змяняцца. Зараз дабрачыннасць — гэта частка культуры. Раней людзі маглі проста ахвяраваць і заплаціць, а сёння хочуць быць часткай культурнага працэса. Дабрачыннасць — гэта пра аб’яднання рэсурсаў, пра аб’яднанне зацікаўленых людзей».
Калі раней дабрачыннасць была ў асноўным магчымасццю падтрымаць іншага, то зараз яна грунтуецца на патрэбах грамадства. Людзі хочуць удзельнічаць у адукацыйных імпрэзах, цікавяцца сучасным мастацтвам, хочуць знаёміцца з ініцыятыўнымі асобамі, што жывуць побач.
«Ва ўсім свеце дабрачыннасць вучыцца на зарабляць на сябе самастойна. Мы таксама ствараем сацыяльнае прадпрыемства і будзем выпускаць брэндавае адзенне з сімволікай горада».
Гэта, на думку Вольгі Вялічка, дасць гродзенцам і гасцям горада зручную магчымасць атрымаць рэч, звязаную з гісторыяй Гродна.
Дызайнерка Ірына Варкулевіч, што працавала над калекцыяй «Коска», займалася таксама распрацоўкай інтэр'ераў адрэстаўраванага будынка. «Гэта вельмі добры прыклад рэканструкцыі і мне заставалася толькі дапасаваць да гістарычнага будынка сучасныя інтэр'ерныя рашэнні».