Немцы, займаючы заходнія тэрыторыі Расійскай імперыі, пачыналі масава выдаваць паштоўкі і брашуры з відамі захопленых імі гарадоў. Альбом «Замалёўкі з Літвы, Беларусі і Курляндыі» выйшаў у Берліне ў выдавецтве Георга Шцільке ў 1916 годзе. У ім змяшчаецца 60 літаграфій мастака Германа Штрука. Сярод іх дзевяць прысвечаныя Гродну.
Тэкст да ілюстрацый пісаў вядомы нямецкі пісьменнік, паэт і драматург Герберг Ойленберг (Herbert Eulenberg). Атрымаліся мастацкія замалёўкі, якія хутчэй адлюстроўваюць настрой аўтара, чым кажуць нешта пра горад. З іншага боку, у тэксце хапае гістарычных дэталяў, напрыклад пра каралёў, што спыняліся ў Гродне, а значыць аўтар пацікавіўся гісторыяй і асаблівасцямі месца, пра якое пісаў.
Аўтары канала Hrodna 11:27 пагарталі альбом «Skizzen aus Litauen, Weissrussland und Kurland» і зрабілі пераклад тэкстаў. Прыводзім яго разам з малюнкамі.
Драўляная сінагога ў Гродне

Ці не выглядае яна, як кітайскі чайны дамок, гэта драўляная пабудова з трыма ўзроўнямі выгнутых дахаў, як тры капелюшы, пастаўленыя адзін на аднаго? Гэта старая сінагога на ўзвышшы за Гроднам, падобных да якой тут можна сустрэць нямала, і яны падобныя адна да адной — быццам браты Язэпа. Сярод нізкіх, брудных хат, што там стаяць і кожны дзень насалоджваюцца адным з самых прыгожых відаў на горад, ды нагадваюць жабракоў ля Porta Angelica у Рыме, яна сур’ёзна і годна ўзвышаецца, як стары рабін, над навакольным светам. Уся ў сваёй дзіўнасці і драўлянай велічы.
Від на Гродна з падарваным мостам

Гэта від на Гродна, які адкрываецца з той драўлянай сінагогі, якую намаляваў мастак. Глыбока пад намі ўецца Нёман, Мозель Польшчы [Мозель — рака ў Францыі, Люксембургу і Германіі, левы прыток Рэйна], паміж узгоркаў і пагоркаў. Драўляны мост, што там бачны, называюць «нямецкім» — ён быў пабудаваны нашымі сапёрамі ўсяго за некалькі дзён і цяпер служыць пешаходам і транспарту, спалучаючы Гродна з яго сельскімі прадмесцямі. Побач тырчаць велізарныя рэшткі жалезнага моста, падарванага рускімі, нібы расколаты калос царскіх часоў, што ўзвышаецца да неба. На другім беразе выразна бачыцца сам Гродна са шматлікімі цэрквамі і вежамі.
Што пісаў Аўгуст Моцны са свайго замка на гары да Пятра Вялікага, якому гэты горад, прапанаваны як месца для сустрэчы, падаваўся недастаткова годным?
«Прыязджайце спакойна, мой дарагі кузэн. Гродна — гэта горад, які, як польская жанчына, можа смела паказацца сярод усіх іншых дам!»
Уваход у парк у Гродне

Уваходзьце! Тут таксама жывуць багі. Не голыя класічныя алімпійцы, а напудраныя і ўпрыгожаныя стужкамі. Аўгуст Моцны, барочны Юпітэр, часта праходзіў праз гэтую браму, з велічным позіркам вітаючы сфінксаў перад сабой. «Bon jour, mesdames! Ці можаце вы мне сказаць, адкуль я магу атрымаць новыя падаткі? З Саксоніі ці з Польшчы? Такія, што дадуць мне як мага больш забаваў і як мага менш клопатаў маім падданым». Кажуць, калісьці ў Польшчы гаварылі: «За караля Саса еш, пі і папушчай паса». І калі праз стагоддзі нехта з маіх суайчыннікаў з Эльбы будзе праязджаць праз гэтыя мясціны, няхай з усмешкай падумае: «Вось яно як. Усё прыгожае, што тут ёсць, пабудаваў наш кароль».
Манастыр у Гродне

Адзін з незлічоных жаночых манастыроў Расіі. Схаваўся ён ціха сярод дрэў. Усхваляваныя маладыя сёстры маліліся там. Іх бледныя шчокі палалі ад любові да нашага Збаўцы, а тонкія вусны няспынна шапталі: «Госпадзі, Госпадзі, памілуй! Госпадзі, змілуйся над намі!» А старыя гарлівыя манахіні, падобныя да змрочнай сястры Толстога, да якой ён звярнуўся перад смерцю, жылі там і трымалі строгі парадак над душамі, якія ім былі давераны. Цяпер, калі свет стаў вялікім шпіталем, тут ляжаць хворыя і паміраючыя, чый позірк спыняецца на забытых чужых абразах святых у нішах і над дзвярыма. Як на зорках, да якіх яны набліжаюцца са сваёй смерцю.
Барочны касцёл у Гродне

Начная пара на Параднай плошчы ў Гродне. Расійскі сабор спіць, як сурок ці аб’еўшыся поп. У сне яго сінія купалы сутыкаюцца і гучаць: «Цлінг! Цлінг! Цлінг!» Размытае расійскае аблічча. Але перад светлым каталіцкім барочным касцёлам, чые вежы ўзбіраюцца ў чорнае неба, усё ажывае. Два айцы-езуіты ў старадаўнім убранні свайго ордэна XVII стагоддзя праскокваюць з партала. Яны перахрысціліся перад дзвярыма. «Скажыце Папу: хутчэй зоры з неба ўпадуць, чым паляк адрачэцца ад сваёй веры!» — шэпча адзін. «Рым чуе вас, сваіх самых адданых сыноў!» — яшчэ цішэй адказвае другі.
Від на Гродна

Колькі ў Гродне цэркваў? Што кажа даведнік пра Гродна? Адкрыйце на старонцы: Гродзенская губерня, горад Гродна. Там напісана: 6 грэка-каталіцкіх цэркваў і 2 праваслаўныя манастыры, 5 рымска-каталіцкіх касцёлаў і 2 кляштары, адна лютэранская кірха, 2 сінагогі, 28 малітоўных дамоў, агулам 46 месцаў малітвы для горада з насельніцтвам каля 55 000 чалавек.
Малюнак Германа Штрука, дзе мастак стаіць ля ракі Нёман і глядзіць на горад па-над верхавінамі дрэў, у першую чаргу паказвае рускі Сафійскі сабор. З яго блакітнымі купаламі-цыбулінамі, якія фантастычна свецяцца, як кобальт, асабліва ў прыцемках зімой, калі сані звіняць па снезе, ён выходзіць на пляц Гродна да польскага прыходскага касцёла. Нягледзячы на сваю навізну, ён груба стаіць, як сапраўдны рускі, на фоне старога барочнага фарнага касцёла, пабудаванага ў 1610 годзе, які цяпер, калі рускія званы замоўклі, зноў узвышаецца на троне са сваімі вежамі без званоў над некалі ганарлівым польскім горадам. Гродна быў месцам пахавання незалежнасці Ягелонскай імперыі. Тут адбыўся другі падзел Польшчы; менавіта тут адрокся ад трону апошні каранаваны кароль Станіслаў Панятоўскі. З тых часоў рака Нёман, якая калісьці цякла зялёнай, як лісце бярозы ў траўні, як кажуць палякі, апранулася ў шэра-карычневы жалобны плашч, і яе хвалі плачуць, працякаючы міма старога Гродзенскага замка.
Крама ў Гродне

Як такія людзі наогул жывуць? Ніколі не ўбачыш, каб яны нешта прадавалі. Яны нават не робяць ні найменшага жэсту, быццам у іх няма ні жадання, ні натхнення нешта рабіць. Яны стаяць панурыя і стомленыя за прылаўкам сваёй крамы, дробныя гандляры, як гэтая жанчына з Гродна. Яна гандлюе змазкай, тлушчамі і гуталінам. А да вайны яна «затарвалася» чорным мылам, калі кілаграм яшчэ каштаваў 40 капеек замест чатырох рублёў, як цяпер, калі яго наогул можна яшчэ недзе дастаць. Калі справы ішлі добра — у старыя часы ў гэтых людзей усё заўсёды было лепш — яна неяк паспрабавала адкрыць бізнес па продажы цукерак. Для маленькіх дзяцей, якіх яна любіла бачыць у сваім магазіне. Але ёй даводзілася занадта часта мыць рукі. Гэта было нязручна для яе. Таму яна кінула гэтую справу. У яе быў адзін выпадак у яе бізнесе: аднойчы да яе зайшоў рускі афіцэр, нейкі неспакойны, як быццам яе магазін быў на Саборнай вуліцы або вуліцы Графа Мураўёва, і папрасіў у яе адэкалон. Ён быў зусім п’яны, як вы можаце сабе ўявіць. Але ён папрасіў у яе яго. Гэта было і застаецца для яе падзеяй.
Яна ведае, што яе бізнес не самы чысты, і ёй часам сорамна за гэта, калі яна бачыць свежавымытых людзей. Але што яна можа зрабіць! Яна не можа гандляваць брусельскімі карункамі. Таму яна працягвае стаяць сярод бруднага і тлустага бязладдзя сваёй крамы, дзе гіры прыліпаюць да вагаў кожны раз, калі яна штосьці ўзважвае. Часам яна дастае кавалак анучы з аднаго з куфраў і выцірае ім пальцы. На жаль, ёй таксама падабаецца выкарыстоўваць гэтую ж анучу для носа. У рэмбрандтаўскім святлаценю сваёй будкі, якая з першага погляду захапляе нават аматара жывапісу, яна затрымліваецца з раніцы да вечара. Затым, калі ўсё вакол яе становіцца чорным, як гуталін, яна запаўзае ў які-небудзь кут, каб адпачыць. Гэта ваш свет! Гэта значыць свет!
Ля францішканскага манастыра

Чаго ты чакаеш, бацька, на цвёрдым камяні перад францішканскім кляштарам? Любові, якая адтуль з’явіцца, і міласэрнасці? Пяшчотнай, мяккай рукі, якая працягнецца да цябе з талеркай, поўнай бульбы або аб’едкаў, як тыя, што даюць сабаку? Або меднай капейкі або лёгкай пяціпфенігавай манеты, як тыя, што цяпер перадаюцца з рук у рукі тут? Пачакай! Можа быць, той, у гонар каго гэты манастыр носіць сваё імя, выйдзе да цябе: Святы Францішак Асізскі, які называў жывёл сваімі братамі, а кветкі — сёстрамі, які прапаведаваў мір і царства любові на зямлі. Ён упадзе ніцма перад табой, падыме цябе, і дабраславіць цябе жменяю пылу, які ператвараецца ў золата паміж яго пальцамі. І яго блаславёныя вусны сустрэнуць цябе: «Жабрак! Кароль!»
Але ты не верыш. Ты ківаеш галавой у роспачы і працягваеш чакаць. Чаго? Нічога.
Ля Нёмана ў Гродне

Калі ўпершыню наведваеш Гродна, цяжка зразумець польскага ўладара, які, калі ехаў з Варшавы ў Вільню, затрымліваўся ў Гродне на некалькі дзён, а калі, нарэшце, быў вымушаны паехаць далей, заўсёды казаў, што пакідае тут кавалак свайго сэрца. Але калі прыязджаеш у Гродна другі раз, ужо лепш разумееш яго. А калі трапіш туды трэці раз, то пачынаеш гаварыць і адчуваць сябе як той польскі кароль.
Незвычайная магія лунае над пагоркамі Гродна, якія, як сцвярджаюць злыя языкі, павольна ўтвараліся з гарадскога смецця. Можа яно і так! — думаеш, калі праплываеш па Нёмане міма гродзенскіх берагоў. Але ж ці не ўвесь свет — гэта твор стварэння і распаду, якія змяняюць адно аднога, як дыханне ў роце Усявышняга? І ці не з’яўляецца зямля толькі пылам вечнасці і аскепкам большай зоркі?
І асалода разбурэннем, якую нам гэтая вайна дала адчуць як ніколі раней, ахоплівае нас перад выглядам узвышанага горада, які, будучы дзіўным спалучэннем убогасці і прыгажосці, праплывае міма нас. Як і мы міма яго!
Хто такі мастак Герман Штрук
Герман Штрук (Hermann Struck, сапраўднае імя — Хаім Аарон Бен Давід) (6.03.1876 Берлін —
Падчас Першай сусветнай вайны ён быў кансультантам па яўрэйскім пытаннях пры Вярхоўным Усходнім камандаванні (Oberbefehlshaber der gesamten Deutschen Streitkräfte im Osten, Oberbefehlshaber Ost інакш Ober-Ost) нямецкай арміі на былых паўночна-заходніх землях Расійскай Імперыі (Падляссе і Сувальшчына, Беларусь, Літва і Латвія ў той час называліся Ober-Ost), якім ён прысвяціў шматлікія малюнкі і графікі, уключаючы графічныя альбомы. Як артадаксальны яўрэй і перакананы сіяніст, ён быў адным з заснавальнікаў сіянісцкага рэлігійнага руху Мізрахі. У 1924 годзе эміграваў у Палестыну, дзе выкладаў у школе мастацкіх рамёстваў «Бекалель» і быў суарганізатарам Тэль-Авіўскага мастацкага музея, аднак пастаянна наведваў Нямеччыну да таго часу, пакуль фашысты не захапілі ўладу.