Гульнявы клуб, крама цукерак і «Каўбасны буцік» прадаюцца ў Гродне. Таксама можна памяняць аўто на кебабную ў цэнтры горада. Hrodna.life паглядзеў, які гатовы бізнес прадаюць у Гродне і колькі ён каштуе.
«Шэф-кебаб» гатовыя памяняць на аўто
На вуліцы Савецкай, 7 за дагаворную цану прадаюць «Шэф-кебаб». Бізнес прапануюць адразу з рамонтам, абсталяваннем, лагатыпам і штатам супрацоўнікам.
Як варыянт, уладальнік гатовы абмяняць бізнес на аўто з даплатай у абодва бакі.
Міні-кафэ на «Юбілейцы»
На Юбілейным возеры прадаюць два гатовыя міні-кафэ. Побач размяшчаецца пляж, прыпынак грамадскага транспарту і стаянка. Туды праведзена электрычнасць, водазабеспячэнне і каналізацыя.
Паводле ўладальнікаў, у кафэ ёсць усё неабходнае: паверхня для смажання, лядоўні, сталы, фрыцюрніца — усё ў працоўным стане. Таксама аформлены дамовы з пастаўнікамі.
Цана дагаворная.
Кветкавыя крамы
У гандлёвым цэнтры прадаюць кветкавую краму, якая працуе з 2020 года. Паводле ўладальнікаў - адзіная кветкавая крама на вялікі жылы раён. Бізнес прадаюць разам з халадзільным абсталяваннем, мэбляй, тэхнікай і часткай тавара. Цана дагаворная.
Выглядае на тое, што гэта крама Topflowers.by (яна ж «Про Букет») на Суворава, 308.
Яшчэ адну кветкавую краму прадаюць за 16 тыс. рублёў. Яна працуе з 2015 года і паводле апісання, мае добрую кліенцкую базу. У бізнесу нізкая арэнда і ёсць сайт. У самой краме ўсталявана новая лядоўня.
Студыя прыгажосці
У гандлёвым цэнтры Kazarma Mall прадаюць студыю прыгажосці плошчай 36 кв.м. У бізнесу ёсць аформленая старонка ў Instagram, дзе больш за 1800 падпісчыкаў, а таксама база кліентаў на больш чым 1800 чалавек.
У студыю ёсць магчымасць правесці ваду. Камуналка ў месяц каля 1100 рублёў. Ёсць усё абсталяванне для функцыявання студыі: фатэлі, лямпы, відэасвятло, вешалкі, шафы для матэрыялаў, рэсэпшн, падстаўкі. У памяшканні студыі можна праводзіць мерапрыемствы да 45 чалавек.
Цана бізнесу — 42 тыс. рублёў. У гэтую суму закладзена асабістае суправаджэнне ўладальнікаў студыі на працягу месяца. Яны ўвядуць у кантэкст бізнесу, каманднай працы, маркетынгу, а таксама стратэгіі павелічэння абароту штомесяц.
Студыя касметалогіі
Побач з гандлёвым цэнтрам OldCity прадаюць студыю касметалогіі і эпіляцыі. Яе цана — 35 тыс. рублёў.
У памяшканні ёсць мэбля, гідраўлічная кушэтка, касметалагічныя апараты, касметыка, расходнікі, тэрмінал, профіль у Instagram, праграма анлайн-запісу з базай кліентаў, а таксама брэндаванне бізнесу.
Пункты выдачы заказаў OZON
На вуліцы Белыя Росы, 77 за 9000 рублёў прадаюць пункт выдачы заказаў OZON. Штомесячная арэнда памяшкання — 1200 рублёў. Паводле апісання, у гэтым месцы нізкая камуналка, абароты растуць штомесяц і «зусім хутка стабільна будзе ў плюс».
Яшчэ адну кропку выдачы заказаў прадаюць на вуліцы Суворава. Гэта кропка танней на 1,5 тысячы рублёў — 7500. Штомесячная арэнда памяшкання — 475 рублёў.
Каўбасны буцік
Краму мясных вырабаў «Каўбасны буцік» плошчай 45 кв.м. прадаюць за 51 тыс. рублёў. У будынку тры памяшканні: гандлёвая зала, халадзільная камера і офіснае памяшканне з пераапранальняй.
У краме ўсталявана новае халадзільнае абсталяванне і сістэма кандыцыянавання з летнім і зімнім рэжымамі працы. Ёсць новы бойлер і сантэхніка, мэбля і абсталяванне.
У краму штодзённа прывозяць прадукцыю з кааператываў «Абухава» і «Капцёўка». Бізнес прадаюць пад ключ з захаваннем персаналу і без перапынку ў працоўным працэсе.
Крама цукерак «Спартак»
У цэнтры Гродна на плошчы Савецкай 2А за 16 тыс. рублёў (цана «без тавару») прадаюць краму, якая працуе па франшызе фабрыкі «Спартак». Памяшканне плошчай 44 кв.м арэнднае — стаўка € 20 за квадрат.
Крама працуе са студзеня 2023 года. У памяшканні зрабілі рамонт, набылі новую мэблю. У краме працуюць два прадаўцы. З красавіка 2024 года крама пачала выходзіць на прыбытак, напісана ў апісанні.
Гульнявы клуб
У мікрараёне Альшанка прадаюць гульнявы клуб за 26 тыс. рублёў. Ён працуе з 1 лютага 2024 года.
У клубе:
- чатыры прыстаўкі Play Station 5;
- чатыры тэлевізары з дыяганаллю 55 цаляў;
- восем бесправадных геймпадаў;
- восем крэсла-мяхоў;
- гульні на дысках.
Студыя адбельвання зубоў
На вуліцы Шчорса, 11Б прадаюць студыю адбельвання зубоў Smile Bar. Цана бізнесу — 29 тыс. рублёў.
У памяшканні плошчай 16 кв.м. зрабілі рамонт, таксама ёсць новая тэхніка і мэбля. Паводле апісання, сярэдні чэк за дзень 250−350 рублёў, а сам бізнес прыбытковы і не патрабуе шмат часу. У бізнесу ёсць свой таргетолаг і сторымэйкер, а таксама старонка ў Instagram.