Людзі і справы

«Хатняя праца бывае цяжэй». Гродзенская дальнабойшчыца пра жыццё на колах

Больш за тры з паловай гады Іна Рылоўцава водзіць фуру з прыцэпам. Ездзіць за мяжу, бывае, праводзіць у рэйсе каля месяца. Чэхія, Латвія, Польшча ці Літва — тысячы кіламетраў дарог ужо накруцілі колы гродзенскай дальнабойшчыцы. У сям'і такая праца не выклікае здзіўлення, бо з дальнімі дарогамі звязаны ўсе. Муж Іны — таксама кіроўца-дальнабойшчык, у міжнародных перавозках і лагістыцы спрабуе сябе і дарослая дачка.

Ад бусіка да фуры

«На бусіку ездзіла даўно, яшчэ ў 90х, калі толькі пачыналі ўласную справу, — прыгадвае Іна — потым быў грузавічок-пяцітоннік». У той час яна пакінула працу медсястры і занялася сямейным бізнесам. «Ездзілі ў Польшчу за таварам, потым яблыкі вазілі, пазней сталі прывозіць грузы для іншых, па замовах. З цягам часу перавозкі цалкам выцеснілі гандаль з сямейнай справы. Іна асвойвала дальнія дарогі разам з мужам. Спачатку ездзілі разам на адной машыне, кіравалі па чарзе. «У такім рэжыме можна ехаць даўжэй, менш губляецца часу на «адстой».

Ды і разам — весялей. Да гэтай пары яны стараюцца ездзіць у рэйс удвох, толькі ўжо кожны — за рулём асобнай машыны. Летам мелі паездку ў Рыгу. Тыдзень, пакуль чакалі там загрузкі, правялі разам — Балтыка, мора, сонца — атрымаўся сапраўдны сямейны адпачынак.

Але бывае і так, што маршруты не супадаюць. Зараз Іна адна ездзіла ў Эстонію, уся паездка заняла 20 дзён. «Толькі дарога ў адзін бок бярэ больш сутак. А яшчэ на мяжы можа быць чарга, мытня час займае, разгрузка». Таму ўсё патрэбнае варта мець у машыне, якая робіцца не менш блізкай за дом. «Тут у мяне плітка маленькая. Шмат не трэба, хапае. Імбрык ёсць, патэльня. Тут два спальныя месцы. Камп’ютар з DVD і ён жа — тэлевізар, ловіць асноўныя праграмы. Рацыя яшчэ. Прыбор для кантролю рэжыму працы. Вось і усё».

Дарога і здаровы лад жыцця

Сціплы быт Іну не палохае. Нават у дарозе можна трымацца здаровага харчавання і фізічнай актыўнасці. «Калі адзін кіроўца ў машыне, то можна ехаць дзевяць гадзін запар. Пасля абавязкова патрэбен перапынак на 45 хвілін». Гэтага часу якраз хапае на прыгатаванне дарожнай фірмовай стравы — курынага філе з гароднінай. «Спачатку філе падсмажыць, потым дадаць замарожаную гародніну з пакета і патушыць разам. Потым спецыі, часнычок і гатова».

Прадукты можна купіць у любым супермаркеце, прыгатаваць проста ў машыне і нават паспець за час перапынку вымыць посуд. Калі ж прыпынак больш кароткі (можна разбіць 45 хвілін на часткі), то пабалаваць сябе можна гарбатай ці «кавай па-дарожнаму», са згушчонкай.

У тыя дні, што праводзяцца ў чаканні, Іна выходзіць на доўгія шпацыры. «Гэтым разам у Эстоніі 10 дзён загрузку чакала. То хадзіла па 4−5 кіламетраў у дзень. Аднаго разу прайшла нават 15, захацелася размяцца. Стаянка была каля Таліна. Прыгожа там — паромы ад берага адыходзяць, вечарам ліхтары ў вадзе адлюстроўваюцца…»

Патрэбныя выгоды можна знайсці на стаянках: «У Адажы каля Рыгі не толькі душ быў, але нават і пральная машына». Што да шопінга, то звычайна Іна абмяжоўваецца звыклымі супермаркетамі. «Прайшлася зараз па Талінскіх крамах. Нічога такога асаблівага не пабачыла. У нас нават танней. Ды і што везці? Дома ёсць усё што трэба.»

Астатні вольны час у рэйсе дапамагае каратаць інтэрнэт. «Пакуль на ўсіх гарадскіх сайтах навіны пачытаю, то і дзень пройдзе. Думаю — вязаць хіба навучыцца, ці што?» Але пакуль інфармацыя цікавіць больш за рукадзелле.

Жаночая-нежаночая справа

Праца кіроўцы-дальнабойшчыка, паводле Іны, не самая складаная. «Работа як работа. Нічога асаблівага. Заўсёды кажу, што дамашняя праца бывае нашмат больш цяжкай», — адказвае яна на пытанні пра «жаночую-нежаночую» прафесію.

«Чаго баяцца? Галоўнае, каб машына не ламалася. Бо і мужчына не кожны можа нешта сам адрамантаваць, калі паломка ў рэйсе». У асноўным усе абслугоўваюцца на СТА. А самастойна — хіба лямпачку памяняць. «Бывае, для паркоўкі ўмовы складаныя, свае габарыты цяжка ўбачыць. Тады, канечне, падыдуць, памогуць. Але не толькі мне, як жанчыне, любому кіроўцу памогуць».

Здзіўляцца жанчыне за рулём фуры мужчыны збольшага перасталі. «Мытнікі ды інспектары ДАІ ўспрымаюць сітуацыю спакойна: „Ні паблажак, ні прыдзірак.“ Калегі-кіроўцы ўсё часцей расказваюць, што ў Еўропе сустракалі шмат жанчын-дальнабойшчыц і як яны класна ездзяць».

У гэта Іне паверыць не складана. У самой дачка таксама мае правы катэгорыі Е і допуск на міжнародныя перавозкі. Летась яны разам мелі рэйс у Чэхію. А зараз першыя замежныя рэйсы пачала рабіць яшчэ адна жанчына з іх сям'і - сястра мужа Іны. «Хвалюецца яшчэ, тэлефануе часта, раіцца. Але ездзіць ёй спадабалася. Ведаем і іншых жанчын-дальнабойшчыц на Гродзеншчыне. У Ашмянскім раёне, у Воранаўскім».

Гэтым разам Іна прыехала дадому толькі на паўдня — раніцай трэба выязджаць на Брэст. «Толькі сходзім з дачкой у краму і адразу дахаты». Яна спяшаецца — дома час сыходзіць нашмат хутчэй, а пагаварыць ёсць пра што — дачка вядзе ўсю лагістыку сямейнага бізнеса, а ў мамы заўжды знойдуцца патрэбныя парады. І не толькі пра бізнес.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Навучыцца экалагічна выказваць эмоцыі, прыгатаваць моці і станцаваць K-pop: якія гурткі для дарослых ёсць у Гродне

Калі звыклыя хобі ўжо надакучылі і больш не прыносяць задавальнення, самы час выйсці за межы…

19 верасня 2024

«Раней было развіццё, сёння — захаванне таго, што існуе». Як мiжнародны фестываль тэатра лялек у Гродне стаў «зборам» сяброўскіх краін (і чаму на яго ўсё ж варта ісці)

Мастацтва тэатраў лялек у Беларусі ўзнялося надзвычай высока і 30 гадоў трымала планку якасці. Беларускіх…

18 верасня 2024

«Гродзенскія анёлы» спусціліся з нябёсаў на могілкі. Там прайшла прэзентацыя кнігі Святланы Несцярэнкі

«На могілках! А дзе ж яшчэ праводзіць прэзентацыю? Аўтарка кнігі пра гродзенскі праваслаўны некропаль Святлана…

18 верасня 2024

Прыгожая хімія і лагічны падыход. Як беларуска ў Беластоку занялася рэпетытарствам

У Беларусі Света выкладала хімію ў каледжы і працавала ў антыдопінгавай лабараторыі. Зараз яна жыве ў…

17 верасня 2024

52 ахвяры: гісторыя Станіслава і Яніны Збоньскіх — серыйных забойцаў, якія любілі Гродна

Гродна 100 гадоў таму праславілася як “база” серыйных забойцаў Збоньскіх. Адсюль з вуліцы Фабрычнай, 9 цягам…

15 верасня 2024

«Трэба дзесьці быць дзіваком, вар’ятам». Руслан Кулевіч — пра 4 гады эміграцыі, прабачэнні Бондаравай і як улады шукалі яго мёртвага бацьку

Журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч летам 2020-га збіраўся згуляць вяселле, а да канца года - выпусціць…

12 верасня 2024