Раскапаную пабудову археолагі датуюць сярэдзінай-канцом 14 стагоддзя. Зруб дома, драўляная падлога і фундамент печы добра захаваліся. Хата аказалася багатай на знаходкі: у ёй знайшлі ўпрыгожанні, прадметы побыту і фрагменты металічных зліткаў - тагачасныя грошы. Hrodna.life наведаў раскопкі 19 верасня.

www.youtube.com/watch?v=3Bmet7e_WQI&feature=youtu.be

Добры дзень у вашу хату

Раскапаная зараз хата — ужо сёмая пабудова, якую знайшлі археолагі падчас цяперашніх раскопак на тэрыторыі Старога замка. Аднак гэта хата мае свае адметнасці. Найперш, яна вельмі вялікая для свайго часу, мае каля 9 метраў у даўжыню і каля 4 у шырыню. Зараз адкрыта каля 6 метраў пабудовы. Астатняя частка знаходзіцца па-за межамі раскопа, «у профілі».

Да хаты прымыкае яшчэ адна пабудова. Яе зруб амаль цалкам за межамі раскопа. Цікава, што гэта частка ўбудавана ў сцяну хаты, а брусы абедзвюх пабудоваў злучаны драўлянымі клінамі.

«У цэнтры раскопа знаходзіцца вялікая хата. Усярэдзіне пабудовы — драўляны фундамент печы і яе астаткі. Магчыма, вакол печы былі палаці, дзе людзі спалі. Добра захаваліся дошкі падлогі», — распавёў археолаг Аляксандр Хацько.

Хату гараджан 14 стагоддзя знайшлі на раскопках Старога замка ў Гродне

Чым хата багата, тым археолагі рады

«Ёсць над чым падумаць і што вывучаць», — кажа Наталля Кізюкевіч, загадчыца аддзела археалогіі гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея.

Хату гараджан 14 стагоддзя знайшлі на раскопках Старога замка ў Гродне

Сярод знаходак — жалезная голка, срэбны кавалак плацёжнага злітка, некалькі наканечнікаў для стрэлаў, крэсіва для здабычы агню, два пярсцёнкі, свінцовы медальён, фрагмент бранзалета, разныя ўпрыгожанні з косці і нават скарлупінне ад лясных арэхаў, што завалілася ў шчыліны паміж дошак падлогі. Прычым усе знаходкі былі зроблены ў межах адной хаты.

«Звычайна ў слаях такога часу знаходзяць адзінкавыя жалезныя рэчы, часцей за ўсё цвікі. А гэты раскоп нас парадаваў».

Толькі маленькі пазл

Некаторыя знаходкі патлумачыць лёгка. Напрыклад, вялікая колькасць наканечнікаў для арбалетных балтоў гэта следства блізасці да абарончай сцяны. А вось рабіць нейкія высновы наконт самой хаты археолагі не спяшаюцца. «Цяжка сказаць, хто тут жыў. Калі б ускрывалі ўсю тэрыторыю Замкавай гары, можна было б паспрабаваць вывесці нейкую сістэму. Але па адным фрагменце гэта зрабіць не атрымаецца. Сённяшні раскоп — толькі маленькі пазл агульнай карціны».

Хату гараджан 14 стагоддзя знайшлі на раскопках Старога замка ў Гродне

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]