Спадчына

Беларусы за мяжой гатуюць нацыянальныя стравы: топ-5 рэцэптаў ад шэф-кухараў да святаў

Увосень прайшоў яшчэ адзін гастрафэст з удзелам беларускіх устаноў - але за мяжой. Удзельнікамі сталі беларусы, якія эмігравалі і адкрылі свае кафэ і рэстараны на новым месцы. Для гастрафэста, які арганізавала платформа «Новая Беларусь», яны прыгатавалі традыцыйныя беларускія стравы ў новым прачытанні і падзяліліся іх рэцэптамі. Hrodna.life абраў топ-5 рэцэптаў беларускай кухні ад шэфаў, якія вы можаце згатаваць на святы.

Hastrafest Novaj Biełarusi праходзіў з 1 па 10 снежня ў Польшчы, Грузіі і Літве — краінах, куды найчасцей эмігруюць беларусы. Яго прымеркавалі да першага дня народзінаў праекта «Новая Беларусь». Адзінаццаць бараў, кавярняў і рэстаранаў, заснаваных беларусамі за мяжой, прыгатавалі 35 традыцыйных беларускіх страваў у аўтарскім пераасэнсаванні. Для раскіданых эміграцыяй беларусаў і беларусак гастрафэст мусіў стаць нагодай як бы сабрацца за адным сталом у беларускіх установах, разам есці нацыянальныя стравы, піць беларускія напоі і абменьвацца ідэямі і марамі.

Новае жыццё беларускай кухні

Зараз у аплікацыі «Новая Беларусь» — 33 тысячы карыстальнікаў, а ва ўсёй экасістэмы, якая ўключае іншыя вэб-праекты і дробныя боты — каля 58 тысяч. «У гонар дня народзінаў хацелася кантактаваць з гэтымі людзьмі, сказаць ім „дзякуй“. У многіх гарадах Беларусі праходзілі гастрафэсты, і нам хацелася суполцы беларусаў, якія з’ехалі з краіны, нагадаць, як было выдатна сустракацца ў рамках такіх мерапрыемстваў», — расказаў Hrodna.life кіраўнік па маркетынгу і камунікацыі праекта «Новая Беларусь» Глеб Германчук.

Магчымасці дазволілі ахапіць першым «эмігранцкім» гастрафэстам толькі некалькі буйных гарадоў трох краін. Каманда «Новай Беларусі» сабрала вялікі спіс незвычайных беларускіх рэцэптаў і паклікала ўдзельнічаць найбольш вядомыя ўстановы, звязаныя з Беларуссю. Ужо на падставе спісу страў або інгрэдыентаў з яго кожная ўстанова прапанавала свой сэт страваў і кактэйль, бары — сэт напояў і закуску.

Удзельнікі ўключылі фантазію і іронію: Karčma 1863 у Вільні прапаноўвала «Сэт старадаўняга экстраміста» з «Закускай Ду**на-Марцінкевіча», верашчакай ці мачанкай у гаршчочку з блінамі ці дранікамі на выбар і шляхецкую каву з цукеркамі. The morning after у Варшаве частавалі «Led цэпелінамі» і кактэйлем «Палескi косма».

Рэцэпты зможа паўтарыць кожны

Рэцэпты з фэсту арганізатары апублікавалі на платформе «Новая Беларусь».

«Важна захаваць тое, што прыдумалі кухары, і нейкім чынам прасоўваць. Гэта як бы новае прачытанне тых страў, якія даўно ведала бабуля, маці, — патлумачыў Глеб. — Для нас гэта найбольш каштоўна, такім чынам мы быццам даем новае жыццё беларускай кухні».

1. Верашчака з «Сэту старадаўняга экстрэміста»

Класічны рэцэпт у выкананні Karčma 1863 (Вільня).

Верашчака з «Сэту старадаўняга экстрэміста» (Karčma 1863, Вільня). Крыніца: newbelarus.com

Спатрэбяцца:

  • рабрынкі, каўбасы, грудзінка — 0,5 кг;
  • квас — 1 шклянка;
  • цыбуля — 1−2 шт.;
  • перац, соль, лаўрушка.

Нарэзаць мяса і каўбасы, пасаліць, паперчыць, добранька абсмажыць з двух бакоў. Дробна нарэзаць цыбулю і абсмажыць яе на тлушчы, які вылучыўся падчас гатавання мяса. Мяса з цыбуляй перакласці ў чыгун ці сатэйнік, заліць прадукты хлебным квасам, патушыць атрыманую сумесь прыкладна 10 хвілін на маленькім агні. Гатовую страву можна падаць з дранікамі ці блінамі.

2. «Зэльвенскі сырнік з журавінамі»

Рэцэпт ад шэф-кандытаркі Крысціны Скрабутан (Kakao, Варшава).

Зэльвенскі сырнік з журавінамі (Kakao, Варшава). Крыніца: newbelarus.com

Спатрэбяцца:

  • тварог — 520 г;
  • тварожны сыр — 520 г;
  • цукровая пудра — 190 г;
  • яйкі — 5 шт.;
  • вяршкі 30% — 410 г;
  • ваніль;
  • соль;
  • крухмал — 70 г;
  • сушаныя журавіны — 65 гр.

Тварог (калі ён буйны, то ператрыце праз сіта або блэндарам) і тварожны сыр змяшаць, усыпаць цукровую пудру, соль і ваніль, змяшаць. Убіць па адным яйкі, старанна перамешваючы. У асобнай ёмістасці змяшаць крухмал з вяршкамі, каб не было камякоў. Далей уліць гэтую сумесь у асноўную тварожную. Змяшаць да аднастайнасці. Усыпаць сушаныя журавіны, папярэдне абдаўшы іх кіпенем. Выпякаць 15 мін пры 200 °C пасля 55 мін 180 °C.

3. Cуп «Жур па-белаазёрску»

Рэцэпт ад шэф-кухара Барыса Сычыка, Karma Crew (Варшава).

Жур па-белаазёрску (Karma, Варшава). Крыніца: newbelarus.com

Жур — вельмі наварысты суп, які аб’ядноўвае і беларускую, і польскую кухні, але ў Karma вырашылі дадаць у яго трохі дзяцінства і дробку малой радзімы — Белаазёрска. Атрымаўся сметанковы булён на жытняй заквасцы з каўбаскамі і грыбамі.​

Спатрэбяцца:

  • масла — 100 г;
  • мука жытняя — 100 г;
  • таматавая паста — 40 г;
  • цыбуля рэпчатая — 400 г;
  • морква — 400 г;
  • бульба — 600 г;
  • вешанкі — 400 г;
  • каўбаскі на ваш густ — 1 пачка
  • вада — 3 л
  • соль — 35−40 г;
  • перац чорны
  • лаўровы ліст — 3 шт.;
  • пятрушка ​— 20 г;
  • кроп — 20 г.

Абсмажыць, па чарзе дадаючы, лук, моркву, муку і таматавую пасту. Далей дадаць перац, соль і лаўровы ліст. Потым ваду і бульбу. Вешанкі нарваць рукамі і абсмажыць на патэльні, па гатоўнасці дадаць дробна парэзаныя каўбаскі. Дадаць падсмажаныя складнікі ў суп і варыць 10−15 хвілін. У канцы дадаць парэзаную дробна зеляніну. Падаваць з хлебам.

4. Печаныя яблыкі «З дзіцячых мараў Каліноўскага»

Аўтарскі рэцэпт ад каманды бара 5327° (Тбілісі).

Печаныя яблыкі «З дзіцячых мараў Каліноўскага» (5327°, Тбілісі). Крыніца: newbelarus.com

Спатрэбяцца:

  • яблык з тонкай лупінай;
  • цукар;
  • пламбір;
  • варэнне вішнёвае, малінавае.

Яблык чысцім ад костачак, дадаем лыжачка цукру ў месца, дзе былі костачкі. І адпраўляем запякаць пры 180° на 15−20 хв у духавую шафу. Калі яблыкі спекліся, кладзем пламбір на месца надрэзу і паліваем варэннем, упрыгожваем вішняй або малінай.

5. «Смёрэброд па-беларуску»

Рэцэпт ад шэф-кухара GiGi (Варшава) Максіма Ліцвінава.

Смёрэброд па-беларуску (GiGi, Варшава). Крыніца: newbelarus.com

Спатрэбяцца:

  • бурак;
  • зярняткі каляндры;
  • часнык;
  • чорны перац;
  • слабасалёны соевы соус;
  • цукар мускавада;
  • вада;
  • шматкі чылі;
  • маскарпонэ;
  • крэм-сыр;
  • вяршкі 30%;
  • норы;
  • селядзец;
  • ксантан;
  • шпінат.

Тром на буйную тарку бурак, на яго кладзем дробненую каляндру, часнык, чорны перац. Заліваем усё гарачым алеем так, каб той трапіў на ўсе спецыі. Мяшаем і даем настаяцца некалькі дзён. Варым яйка пашот ці ўсмятку. Робім марынад для яек: змешваем па адной частцы соевага соусу, цукару, вады і 1/10 шматкоў чылі. У марынад закладаем яйкі і накрываем у кантакт папяровай сурвэткай, каб яны прамарынавалі раўнамерна за 2 дні. Зробім сырную пену ці мус. Бярэм па адной частцы маскарпонэ, крэм-сыру, вяршкоў 30%. Ставім на самы маленькі агонь на пліту, мяшаем да поўнага распушчання складнікаў. Працэджваем праз шыноа/сіта з дробнай фракцыяй, дадаем тэкстуру ксантан (1 г на 1 кг) для стабілізацыі. Потым перабіваем блэндарам (насадка нож) і заліваем у сіфон. Норы падсушваем на патэльні і перабіваем у кавамолцы. Селядзец рэжам у дробны тартар. Шпінат бланшыруем 40 секунд, пагружаем у ледзяную ваду, прасушваем. Пачынаем збор смёрэброда. Падсмажваем жытні хлеб, разразаем на тры часткі, на іх укладваем пластамі буракі без вадкасці, селядзец, шпінат, два яйка, пену, прысыпаем пылам з норы.

Рэцэпт гастфеста без межаў

Найбольш гасцей гастрафэст збіраў у выхадныя. Напрыклад, ва ўстановах Грузіі ў кожны выхадны было ў два-тры разы больш людзей, чым звычайна. Больш наведвальнікаў прыходзілі туды, дзе былі паўнавартасныя рэстаранныя сэты. Да бараў было менш цікавасці: яны адкрываюцца пазней, і калі, напрыклад, у сэт ўваходзіць суп — не ўсе ўвечары хочуць есці суп. Памер порцый паводле рэцэптаў беларускай кухні і цану вызначалі самі ўстановы. Каманда не збірала з устаноў платы за ўдзел, як гэта робяць у Беларусі.

У сам дзень народзінаў «Новай Беларусі» 2 снежня арганізатары раздавалі кампліменты. Можна было выбраць дадатковыя порцыі ежы, дэсерт, дадатковы шот, або зніжку 20% для гасцей рэстарана. Былі і варыянты ад устаноў. Напрыклад, у бары «Карма» ў Варшаве раздавалі стыкіры з нумарамі і разыгралі татуіроўку ад майстра. Усе 10 дзён фэсту ўсе ўстановы падавалі ежу са свечкамі ў гонар дня нараджэння платформы. Чалавек мог апублікаваць у сябе фота, як ён задзімае свечку, і ўдзельнічаць у розыгрышы падарункаў ад «Новай Беларусі». Пераможцы актыўнасцяў атрымалі таксама магчымасць вячэры ва ўстанове, якую яны абяруць самі ў сваім горадзе.

Адной з мэтаў фэсту было аб’яднаць і блогераў, і ўдзельнікаў, падтрымаць беларускія бізнэсы за мяжой. У кожнай установе быў адзін інфлюэнсер. З ім можна было сустрэцца там у пэўны час і павячэраць за адным сталом. Так, Мікіта Мелказёраў хадзіў у «Какаву» ў Варшаве, Алесь Ждановіч (Маляваныч) быў у Тбілісі. І інфлюэнсерам, і гасцям вельмі спадабалася.

Чытайце таксама: Калі самім вырашаць, на што пойдуць падаткі: беларусы ствараюць для сябе бібліятэку ў Вільні

Такія мерапрыемствы і месцы, дзе яны праходзяць, таксама становяцца як бы культурным мостам паміж беларусамі-эмігрантамі і жыхарамі краіны, куды яны пераехалі, лічаць арганізатары.

Ужо падчас фэсту прыходзілі заяўкі ад іншых беларускіх устаноў грамадскага харчавання за мяжой, і запыты на фэст ад беларусаў з іншых гарадоў і краін. «Новая Беларусь» хоча працягваць праект, і калі гэта адбудзецца, наступны гастрафэст будзе больш маштабным. Хутчэй за ўсё, такія мерапрыемствы будуць раз на паўгода. Пакуль каманда збірае зваротную сувязь.

Чым яшчэ займаецца платформа

Гастрафэст — дадатковы праект для «Новай Беларусі». У экасістэму ўваходзяць яшчэ чатыры вэб-прадукты і некалькі больш дробных, у тым ліку Telegram-боты. Іх задача — дапамагчы беларусам унутры краіны і за мяжой самастойна вырашаць свае праблемы.

Гастрафэст стаў першым паўнавартасным афлайн-праектам каманды. Да гэтага, улетку, «Новая Беларусь» была тэхнічным партнёрам некалькіх фестываляў за мяжой. З дапамогай QR-кода кожны ўдзельнік мог знаёміцца ​​з афішай, выступоўцамі і лакацыямі. Гэта быў як бы навігатар фэсту, спакаваны ў дадатак. Была і інфармацыйная падтрымка, і новыя опцыі - push-паведамленні для аўдыторыі фестывалю, калі збіраецца дождж ці арганізатар жадае нешта сказаць.

Чытайце таксама: «Проста загугліць нешта — вельмі складана». У Польшчы ствараюць беларускі гістарычны партал для замежнікаў

У бліжэйшы час каманда «Новай Беларусі» засяродзіцца на іншых праектах. Сярод іх сэрвіс знаёмстваў у віртуальным фармаце ў мабільным дадатку. Больш сур’ёзны праект — медыяагрэгатар, дзе ўсе навіны будуць злучацца ў адну плынь, да якой у карыстальніка будзе хуткі доступ. Аўтары распрацуюць механіку для бяспечнага выкарыстання сервісу ў Беларусі. У распрацоўцы ў каманды віртуальны офіс для буйных дэмакратычных сіл і іншыя праекты.

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024