Для сняданку 25 красавіка спатрэбіцца тварог, сыр, яйкі, кукурузная альбо рысавая мука, зеляніна для салаткі і садавіна для фрэша. Час прыгатавання хачапуры па-аджарску на тварожным цесце — паўгадзіны. Вялікую частку з гэтага часу займае проста чаканне, пакуль цеста выпякаецца ў духоўцы. Перапынкаў у гатаванні стане на тое, каб пачаць чытаць кнігу ад Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?»
Сняданак пасуе тым, хто трымаецца безглютэнавай дыеты. Таксама тут няма дададзенага цукру і солі.
У кожнага з герояў кнігі свая праўда, як у кожнага кухара свой варыян прыгатавання хачапуры па-аджарску. Я было засумнявалася, ці засталося ў адаптаваным рэцэпце хоць нешта апроч формы, каб называць страву па-ранейшаму. Google падказаў, што «хача» — гэта тварог, а «пуры» — хлеб. Тварагу тут дастаткова, то прэч няпэўнасць і гатуйма!
У гераіні кнігі - свае сумневы. «Рына часта думала, чаму лёс распарадзіўся так, што ў свае немаладыя гады яна не ведае нічога патрэбнага, нічога не нажыла ў гэтым вялікім, багатым, стракатым свеце за апошнія 20 год, затое любіць і трымаецца таго, што перажыла ў гэтым бедным, закінутым кутку ў першыя 20 год жыцця».
Найбольш часу ў прыгатаванні зойме выпяканне «лодачак». Таму найперш гатуем цеста для асновы хачапуры. Гэта проста. Тварог, яйка і муку перамешваем да аднастайнай масы і лепім «лодачкі».
Прадукты для хачапуры (на 2 порцыі)
Тварог — 400 г (2 пачкі)
Яйкі - 3 штукі (у цеста дадаць адно)
Мука кукурузная альбо рысавая — 50−70 г
Сыр сулугуні ці іншы тварожны сыр — 40 г
Зараз ёсць час пакрышыць гародніну на салатку.
Фрэш ў першапачатковыя планы гатавання не ўваходзіў. Але ў вольныя пяць хвілінаў на вочы патрапілі грэйпфруты. І паняслося.
Тым часам «лодачкі» ўжо дайшлі да патрэбнай кандыцыі.
У маім рэцэпце аснова начыння — тварожны сыр з зелянінай. Вялікую лыжку гэтага сыру трэба раўнамерна нанесці на цэнтральную частку лодачкі. Зверху разбіць яйка і вярнуць у духоўку.
Яшчэ адна паўза у гатаванні, дзе зноў ёсць час пагартаць кнігу. Яе гераіня — алкагалічка Рына, што вяртаецца з-за мяжы на радзіму, каб пахаваць памерлую бабулю. Ва ўспамінах Рыны — і замовы ад бабкі-шаптухі, і згадкі пра даўняе каханне і тонкі звон разбітых спадзеваў. Яны зацягваюць за сабою, як у багну. І тым апраўдваюць азначаны аўтаркаю жанр твора — балотная казка. Гэта — добрае абяцанне. Бо ў казках заўжды перамагае дабро. Але не занырвайце пакуль у багну сюжэта. Хачапуры гатовы, час сервіраваць нядзельны сняданак.
Да кнігі Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» цяжка было падабраць адпаведны сняданак. Найпрасцей было б адмовіцца ад гатавання і глынуць трохі віна наўпрост з гарла, загрызці скрылёчкам яблыка. Ажно ў мяне не атрымаецца зрабіць гэта так шчыра, як тое робіць Рына. То буду снедаць як умею. Кніга таксама пра тое, што ўрэшце прыдзецца вярнуцца да сябе, як бы не хацелася ад сябе ўцячы.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…