На мяжы Гродзенскай вобласці, каля самай Белавежскай пушчы, другі год адраджаюць беларускі абрад гукання вясны. Гуканне ладзяць у вёсцы Залессе, якую ад вымірання ратуе арнітолаг Сяргей Сідарук і яго жонка Наста Хмель, спявачка з гурта «KRIWI».
У Залессі вясну гукаюць у апошнія выхадныя сакавіка. Фармат свята — традыцыйны абрад з аўтэнтычнымі веснавымі спевамі, дзе кожны — ўдзельнік. У перапынках паміж дзеяй людзі стасаваліся, гралі на барабанах, талакой варылі кашу і глінтвейн, ляпілі пельмені і гулялі па дзікіх ваколіцах. Сёлета гуканне вясны, на якое госці з’ехаліся з Мінска, Брэста, Гродна і нават Берліна, супала з днём сусветнай акцыі Гадзіна Зямлі - яно праходзіла 30−31 сакавіка.
«Вядома, што Гадзінай Зямлі мы Зямлю не ўратуем, але гэта масавая акцыя, пра якую 100 чалавек пачуюць, 10 зразумеюць і нешта зробяць. І я хачу ўдзельнічаць у такіх акцыях, каб хоць неяк замарудзіць працэс знішчэння прыроды», — патлумачыла Наста.
Калі Наста Хмель жыла ў Мінску, з 2004 года 10 вёснаў разам з музыкамі гурта «Джамбібум» ладзіла гуканні на востраве пасярод вадасховішча на ўскрайку горада. Перастала ладзіць у сталіцы, бо апасалася, што ўлады палічаць гэта за няўзгодненае масавае мерапрыемства.
Балота Дзікое каля сядзібы — вялікі некрануты абшар, на якім гняздуюць разнастайныя віды птушак, у тым ліку тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Балота ўваходзіць у склад нацыянальнага парку «Белавежская пушча». У ваколіцах вельмі шмат соваў.
Аграсядзіба скіраваная на экатурызм. Гаспадары адмыслова не будавалі лазню, каб адсеяць аматараў напівацца. Сюды прыязджаюць замежнікі-натуралісты, бёрдвочары і людзі, якія шукаюць адпачынку ад гораду ў глушы (так званы дзіджытал-дэтокс). Акрамя гукання вясны, тут ладзілі арніталагічныя летнікі, святкаванне Купалля, тэатральны фэст «Прызба», канцэрты, але надта масавыя мерапрыемствы гаспадарам не даспадобы — зашмат працы з арганізацыяй і адказнасці.
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…