8 сакавіка 1945 года ў Любчы пад Навагрудкам нарадзілася жанчына, чый выраб пабіў у продажы легендарны Chanel № 5. The New York Times назвала яе «найлепшым носам Амерыкі». Hrodna.life узгадвае шлях да поспеху Сафіі Гройсман (Ходаш).
Ад дзяўчынкі з беларускай правінцыі да віцэ-прэзідэнткі амерыканскай кампаніі
Соф’я нарадзілася ў беднай сям’ёй былых партызан Ходашаў. З Любчы Ходашы перабраліся ў Навагрудак, а адтуль у 1960-м эмігравалі ў Польшчу. Там Сафія вывучылася на хіміка. Там жа яна пазнаёмілася з мужам. Пражыўшы ў новай краіне пяць год, яна з бацькамі і мужам адпраўляецца за акіян. Запрашэнне ў ЗША выслала яўрэйская сям’я, якую бацькі Сафіі выратавалі ў час вайны.

У Амерыцы Сафія пачала працу лабаранткай у канцэрне International Flavors&Fragrances — адным з лідараў па вытворчасці парфумерыі. Аднойчы яна з лёгкасцю знайшла памылку ў існуючай формуле і выправіла яе. Яе прафесійная кваліфікацыя аказалася вышэй, чым ад яе чакалі. Сафія пачала сама складаць новыя парфумерныя кампазіцыі, працавала над іх паляпшэннем, даводзячы формулы да ідэалу. Яе прага да эксперыментаў, якія мелі поспех, звярнула на сябе ўвагу. З часам Сафія стала віцэ-прэзідэнткай кампаніі IFF.
«Каралева руж» з Беларусі
Асаблівасць парфумерных кампазіцый Гройсман у тым, што яны складаюцца з 4−7 кампанентаў, у той час калі большасць парфумераў выкарыстоўвае сотні. А яе фірмовая нота — ружа, за што яе празвалі «Каралевай руж».
Самую папулярную ў свеце парфуму — Lancome «Tresor» (франц. скарб) — Сафія стварала для сябе. А аднойчы, убачыўшы італьянскую акторку Ізабелу Раселіні, падумала, што гэты пах б ёй пасаваў. Праз некаторы час на сустрэчы з прадстаўнікамі кампаніі Lancome Сафія прапанавала ім сваю парфуму, якая тады называлася «№ 2933». Ужо пазней яна атрымала назву, якую будзе ведаць увесь свет. Паўтара года парфумерка працавала над паляпшэннем формулы, але вярнулася да пачатковага варыянта.
Чытайце таксама: Узгадваем лёс Ральфа Ларэна — сына эмігрантаў з Гродна і Пінска
Тагачасная Каралева Гішпаніі называла «Tresor» сваёй любімай парфумай, а Ізабела Раселіні - сваім фірмовым водарам на ўсе часы і выпадкі. Парфумерны рэсурс The Perfume Society на сваім сайце піша пра Гройсман як пра «Пікасо ў свеце парфумерыі».

Парфума так прыйшлася даспадобы жанчынам ва ўсім свеце, што абагнала па продажах легендарны Chanel № 5. Пры гэтым яна застаецца актуальнай дзесяцігоддзямі: «Tresor» уваходзіць у топы найпапулярнейшых парфумаў і сёння. Знайсці яе можна ў кожнай парфумернай краме свету.
Сафія Гройсман і брэнды
У розныя часы Сафія Гройсман стварала парфумы для такіх брэндаў, як Bvlgari, Boucheron, Calvin Klein, Christian Lacroix, Clinique, Estee Lauder, Frederic Malle, Karl Lagerfeld, Kenzo, Lalique, Lancome, Oscar de la Renta, Yves Rocher, Yves Saint Laurent і іншых.

У 1994 і ў 1999 гадах Гройсман атрымала ўзнагароды Асацыяцыі жанчын-кіраўнікоў у сферы вытворчасці касметыкі за вялікі ўклад у парфумерную індустрыю.
Гройсман не забывае пра Беларусь
Сама Гройсман не раз падкрэслівала сваё беларускае паходжанне, узгадваючы сваё дзяцінства і кветкі, якія яго атачалі.
«Беларусы — народ вельмі добры, сумленны, таварыскі. Паміж людзьмі чалавечныя адносіны, адзін другому заўсёды дапаможа. Беларусы — як маленькая сям’я: яны ўмеюць любіць адно аднаго. Таму для мяне пах Беларусі - гэта празрыстасць, свежасць і дабрыня», — казала яна.
У 2006 годзе Сафія Гройсман упершыню пасля эміграцыі наведала Беларусь і сваю малую радзіму — Любчу. І нават знайшла дом, у якім вырасла.
«Калі я сышла з трапа самалёта на гэтую зямлю, то ў мяне зашчыміла сэрца. Я адчула, што была ўжо тут, што гэта мая радзіма. Словамі гэтага не апісаць. Я плакала. І цяпер вось успамінаю і плачу. Я ганаруся, што нарадзілася ў Беларусі», — казала Сафія Гройсман.
Мікалай Наваградскі