Больш за 5 гадоў Лена Майсюк выкарыстоўвае ў сваім рацыёне травы і дзікія расліны. Каб прыгатаваць абед, яна ідзе не ў краму, а на градку, за… пустазеллем. Аказваецца, ім можна цалкам бясплатна замяніць і зеляніну з рынку, і аптэчныя вітаміны. Як прыгатаваць салаты, дэсерты і нарыхтоўкі з таго, што само расце побач з намі, Лена распавяла Hrodna.life. Паспрабуйце і вы, пакуль лета не скончылася.
«Першай пачынаю есці сныць. Яна прабіваецца скрозь леташнюю лістоту як толькі сыходзіць снег. Першыя сціснутыя лісцікі ўтрымліваюць мікраэлементы і вітамін С. Яны дапамагаюць аслабленаму за зіму арганізму набрацца сіл. Потым раскрытае лісце робіцца больш сухім і жосткім», — распавядае Лена.
Наступныя на чарзе — крапіва, лебяда (марь белая), зоркаўка (звездчатка, макрыца), жоўтыя кветкі дзьмухаўца, трыпутнік, маці-і-мачаха, шчаўе. Гэтыя расліны ў розных спалучэннях яна выкарыстоўвае для салатаў.
Захапленне травамі пачалося з праполкі градаў. Дакладней, з пошуку спосабаў барацьбы з пустазеллем. Пачала глядзець у інтэрнэце, што гэта за расліны. Аказалася, многія з іх вельмі карысныя. Вырашыла паспрабаваць на смак.«Спадабалася мар белая, яе называюць лебядою, але яна мае толькі падабенства формы лісця. У дзьмухаўца ўсе рэкамендуюць лісце, але мне смак не зайшоў. Затое жоўтыя кветкі па вясне проста так ем. А яшчэ рыхтую з іх сіроп. На тры літры вады з дзьмухаўцамі дадаю ўсяго адну лыжку цукру. У падвале ён нармальна захоўваецца цэлы год. Карані дзьмухаўца па восені капаю і раблю кававы напой».
Крапіва і макрыца добрыя для салата. А вось падбел (маці-і-матчаху) Лена раіць выкарыстоўваць, хутчэй, як прыправу — занадта шмат у ёй усяго карыснага.«Крапіву смела можна зрываць, узяўшы пад лісцікам. Так яна не ўкусіць. Калі згарнуць у камячок і прыкусіць зубамі, то можна есці нават сырой. Часам у гатовыя гарачыя стравы дадаю лісце — яны робяцца больш эластычнымі і не джаляць».
Наступны дэлікатэс — лопух. «Сцябліны рэгулярна тушу, як спаржавую фасолю. Лісце пакідаю на адвары для мыцця валасоў. Гэта двухгадовая расліна. Разеткі першага году больш разгалістыя. Лепш выбіраць для гатавання іх. Яны не горкія. Сёлета паспрабавала засаліць іх у слоіках з расолам, як агуркі».
Ведаў пра расліны з кожным сезонам робіцца больш. У чымсьці дапамагае разабрацца падораная ў дзяцінстве дзядулем кніга па батаніцы. Многае падказвае інтэрнэт. «Нядаўна мне ў Сербіі распавялі аб дадатку Pl@ntnet — наводзіш фотакамеру смартфона з праграмай, робіш выразнае фота і дадатак шукае інфармацыю пра расліну. Так адкрыла для сябе вельмі смачны баршчэўнік звычайны. Вядома, ведаючы пра небяспеку баршчэўніка Сасноўскага, звярнулася да аднаго з дасведчаных травазнаўцаў. Ён пацвердзіў: мой баршчэўнік — ядомая расліна. Ужо спрабавала і гэты смак стаў адным з маіх фаварытаў».
Звычайны чай таксама паступова выцесніўся з кухні травянымі зборамі. «Яны духмяней і я адчуваю, як дзейнічаюць травы. Увесь зялёны сезон іх нарыхтоўваю. Канюшыну і святаяннік проста збіраю і сушу. Скрыпень і лісце суніцы ферментую».
Звычайна гэта бывае так: трэба сесці перад ноўтбукам і ўключыць цікавы фільм. Пажадана — навукова-папулярны або дакументальны. «Пакуль глядзіш — „круціш“ лісце паміж далонямі, пакуль яны не пацямнеюць ад вылучанага соку. Звычайна хапае 20−40 секунд на шарык. Гатовыя шарыкі трэба скласці шчыльна адзін да аднаго і накрыць мокрым ручніком. Зверху пакласці гнёт на суткі. Дасушваць можна на падваконні, час ад часу пераварочваючы».
«Яшчэ ў мяне растуць валошкі, рамонкі, сардэчнік, дзіванна. Хачу ў гэтым годзе паспрабаваць нарыхтаваць лісце вінаградніка. І вядома — працягваць вывучаць, якая трава расце ля дома».
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…