Сувенірныя манеты з выявамі Гродна з’явіліся ў лістападзе адразу ў дзвюх «грашовых» сістэмах. Праект «113 гарадоў», што чэканіць імянныя манеты для кожнага з гарадоў Беларусі, 24 лістапада паведаміў пра выхад гарадзенскага рубля. А 18 лістапада банк Вейшнорыі адрапартаваў аб выхадзе вейшнорскага талера.
Hrodna.life разыграе па адной манеце кожнага віду паміж сваімі чытачамі і падпісчыкамі. Падрабязней пра розыгрыш — у канцы тэксту.
Рубель з Фарным касцёлам
Гродзенскі рубель стаў дванаццатым у праекце «113 гарадоў Беларусі». Ён мае на аверсе выяву Фарнага касцёла і герба горада, а на рэверсе — мапу краіны і бусла над ёй. Манета зроблена з латуні, мае рыфлёны гурт. Дыяметры гродзенскага рубля складае 25 мм. Манета запакавана ў пластыкавую капсулу.
[irp posts="32 565″ name=""Гарадзенскі рубель" падрыхтаваны да выпуску. Чакаем манету ў кастрычніку"]
Выглядае новы рубель «дорага, багата», таму варта яшчэ раз нагадаць, што гэта толькі сувенірная манета, каторая не з’яўляецца плацёжным сродкам.
Талеры з замкамі трох сталіц Вейшнорыі
Што да вейшнорскіх талераў, то яны чарговы раз «развіртуалілі» фэйкавую краіну, у складзе якой летам нечакана аказалася Гродзенская вобласць.
[irp posts="32 239″ name="Прачнуўшыся ў Вейшнорыі. Канапавыя войскі да вучэнняў Захад-2017″ гатовы"]
Падчас вучэнняў «Захад-2017» Вейшнорыя моцна пусціла карані ў свядомасці тутэйшых грамадзян, схільных да хайпу. Зараз у Вейшнорыі, як у Грэцыі - ёсць усё. У тым ліку — герб, сцяг, пашпарт, нацбанк і ўласныя талеры.
На рэверсе кожнай манеты выбіта мапа і герб Вейшнорыі, аверс талераў чэканіцца ў трох варыянтах — з выявай Гродна, Ліды і Смаргоні - трох сталіц віртуальнай дзяржавы.
[irp posts="34 444″ name="Вейшнорскі талер прайшоў тэставанне"]
Манеты выраблены з латуні, маюць ахоўна-дэкаратыўнае пакрыццё, насечку па рабру і кант па выступу акружнасці. Дыяметр талера складае 32 мм, вага — 13,2−13,4 грама. «Плацёжным сродкам» талер з’яўляецца толькі ў Вейшнорыі. То бок, у Беларусі ім можна карыстацца выключна ў якасці сувеніра.
Чэканіць «гарадскія» рублі і «вейшнорскія» талеры Валерый Сіманаў з Дзяржынска. Праз незвычайнае хобі ён імкнецца нагадаць пра цікавыя старонкі беларускай гісторыі жыхарам краіны і замежнікам. Набыць манеты можна праз групы праекта «113 гарадоў» у сацсетках.
Адмыслова для Hrodna.life аўтар перадаў гродзенскі рубель і тры вейшнорскія талеры для розыгрышу. Яго меркаваннем, сярод чытачоў адзінага беларускамоўнага партала ў Гродне манеты з выявай горада будуць найбольш запатрабаванымі.
Залайкаць і расшарыць
Гарадзенскі рубель мы разыграем паміж нашымі падпісчыкамі, якія матэрыяльна падтрымліваюць Hrodna.life праз Талаку. Шанец атрымаць адзін з вейшнорскіх талераў мае любы чытач партала. Розыгрыш пройдзе ў нашых групах у Facebook і Вконтакте. Сачыце за імі пільна!