Домік у вёсцы Гінавічы пад Гродна застаўся ў сям'і Казлоўскіх ад бабулі і дзядулі. Спачатку збіраліся там на свае святы, а потым вырашылі арганізаваць аграсядзібу. У першы год працы атрымалі ўзнагароду за лепшы старт у бізнесе, а сёлета ўжо маюць замовы на палову наступнага года. Чым вабіць мясцовых і замежнікаў «Панскі двор», гаспадары расказалі Hrodna.life.
«Ёсць жаданне — працуйце»
«Тут усё апрабавана на сабе, — расказвае Вольга Казлоўская. — Сям'я была вялікая, у мужавай мамы два браты і дзве сястры. Святы заўжды былі шматлюдныя, бабуля ў нас хлебасольная». Потым сям’я раз’ехалася і даглядаць пустую хату на вёсцы ўнукам стала нязручна. Узімку амаль праз дзень даводзілася ездзіць, каб прапаліць у печы. Тады і задумаліся — што зрабіць, каб не марнаваць час дарэмна. Вырашылі зрабіць тут аграсядзібу.
Калі дзеці выказалі ідэю, мама Ядвіга падтрымала. «Яна ў нас такая, што за любую дзвіжуху, — кажа Вольга. — Знаёмыя таксама раілі паспрабаваць. Усе казалі - будзе толк. Толькі пра тое, якая гэта агромністая праца, не казалі. На той час мала хто гэты бізнес спрабаваў».
Панскі двор па-новаму
Назву сядзібе дала гісторыя мясцовасці. Раней непадалёку насамрэч быў панскі двор. Спачатку тут жылі паны Гвіды, а пасля іх сям’я Будзько. «Ад панскай сядзібы засталося зарослае возера, стары сад і канюшня. Быў яшчэ млын, але яго разбурылі за савецкім часам, — расказвае Іван Казлоўскі. — Бабуля казала, што вяскоўцы хадзілі да паноў на заробкі, працавалі на градах».
На сваім панскім двары Казлоўскія працуюць самі. Іх пяцёра — двое братоў з жонкамі і маці. Усе яны маюць працу ў горадзе, толькі маці зараз на пенсіі. Сядзібай займаюцца ў выходныя ці ў вольны час.
«Тут усё зроблена сваімі рукамі, — расказвае Іван. — Брат мэблю рабіў, я — жырандолі. І лазню самі будавалі, і плітку клалі. Купіць выходзіла даражэй і не так цікава».«Як пачыналі справу, у банк хадзілі, як на працу, — расказвае Вольга. — Бізнес-план скласці, дакументы сабраць, калі ніколі гэтым не займаўся, то зусім не проста. У 2014 з 12 сядзібаў толькі мы атрымалі крэдыт».
Ад лазні да кухні
«Пачыналі справу з лазні, — расказвае Іван. — Пра харчаванне спачатку і не думалі. Потым вырашылі маму да справы прыстроіць. Яна 40 гадоў у грамадскім харчаванні адпрацавала. Сказалі, хопіць, мама, працаваць „на дзядзьку“, давай працаваць на сябе».
Гатуе Ядвіга па сваіх сямейных рэцэптах. Яе пызы, цішка і дранікі з мясам адпавядаюць мясцовым традыцыям.
«Тут на вёсцы як нядзеля, то ў кожнай хаце абавязкова „капустка“, — расказвае Вольга. — Гэта не суп, і не тушаная капуста. Гэта адмысловы мясцовы рэцэпт. Падаюць яе з бульбай у мундзірах і засоленым мясам. Я раней зразумець не магла — як гэта, кожную нядзелю адно і тое ж. А зараз не ўяўляю, як выходнымі нехта капустку не гатуе. Вам кепска? Ці вы захварэлі? Нашы дзеці дзеля бабулінай капусткі ўсе свае справы кідаюць. І гасцям цікава сапраўдную мясцовую кухню паспрабаваць».Сямейны падрад у дзеянні
Самы запатрабаваны час сядзібы — ад красавіка да кастрычніка. На гэту пару кожны з гаспадароў па чарзе бярэ адпачынак. «Добра, што нас чацвёра, каб менш, то не справіліся б», — жартуюць яны.
Раней госці прыязджалі на сядзібу толькі на выходныя. Зараз усё часцей хочуць спыніцца на тыдзень ці два. Асабліва — з вялікіх гарадоў.
«Летам нават усіх прыняць не можам», — прызнаецца Іван. Ды і не патрэбен нам канвеер. Хочацца, каб заставалася па-дамашняму".