Гродзенцы адсвяткавалі 9 траўня на Кургане Славы 77-ю гадавіну Дня Перамогі. На свяце можна было паглядзець выставу зброі і выступ сабак, падпісаць паштоўку і заплесці сабе косы або купіць шашлык і салодкую вату.

Усклалі кветкі і паслухалі пра прывід фашызму

Пасля ўрачыстага шэсця ўдзельнікі мерапрыемства сабраліся ля сцэны. Са святам іх выйшлі павіншаваць старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік і інспектар – памочнік прэзідэнта па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў. Ён у сваім выступе адзначыў, што “прывід фашызму і нацызму зноў падымае галаву зусім недалёка ад нас”. Дзе менавіта, Караеў не ўдакладніў.

Пасля ўсіх віншаванняў і хвіліны маўчання першымі да Вечнага агню ўсклалі кветкі ветэраны. Потым яны засталіся сядзець на крэслах непадалёк. З імі можна было сфатаграфавацца або ўручыць кветкі асабіста.

“Катюша” і “Клён кудрявый” – двойчы

На сцэне падчас свята іграў аркестр, спявалі артысты. Пад гукі песень “День Победы” і “Буд проклята всеми война”, падлеткі і дзеці, якія прыйшлі на свята, маглі залезці на БТРы і танкі або паспрабаваць разабраць аўтамат.

Жадаючыя маглі падняць штангу або напісаць імёны сваіх герояў вайны на стэндзе з папяровымі зоркамі.

Для гледачоў выступалі дрэсіраваныя сабакі, якія служаць для аховы, патруля і іншых баявых задач. Адзін з іх – сабака па мянушцы “Норман”. Яму ўжо 6 гадоў і ён асабліва цешыў дзяцей, даючы сябе пагладзіць. 

Больш спрактыкаваныя гледачы маглі паслухаць чытанне паэзіі на ваенную тэму, а самыя творчыя – праспяваць пад гармонік. Таксама можна было самастойна змайстраваць вырабы або адправіць паштоўку ў намёце пошты. 

У астатні час удзельнікі свята групаваліся вакол намётаў з ежай і напоямі. Пад “Смуглянку” і “Кацюшу” актыўна куплялі шашлык і салодкую вату.

Увечары ў 22.00 свята завяршылася салютам.