Сёння ад некалі велізарнай калекцыі драўляных макетаў у Генадзя Зараховіча засталося толькі некалькі штук. Мініяцюрныя храмы, замкі, палацы і дамы разабралі сябры і знаёмыя. Больш за 1000 розных макетаў зрабіў гродзенец за 30 гадоў, большая частка з іх прысвечана роднаму Гродна. На сваіх працах Генадзь ніколі не зарабляў, хоць і ведаў, што ствараў унікальныя рэчы.
Генадзю 54 гады і ён ужо некалькі гадоў як перастаў працаваць з дрэвам — зараз ён пячнік. Пра тое, што ён калісьці актыўна займаўся драўлянымі макетамі, нагадваюць працы ў вокнах яго кватэры на вуліцы Замкавай.
«Я заўсёды працаваў дома і зараз, калі няма чаго рабіць, магу ўзяцца за які-небудзь макет. І рабіць яго магу доўга, бо спяшацца мне няма куды», — кажа Генадзь.
З дрэвам гродзенец пасябраваў яшчэ ў Зэльвенскім інтэрнаце, калі стаў займацца авіямадэлізмам. Аднойчы замест чарговай мадэлі самалёта ён вырашыў зрабіць макет царквы. З першага разу атрымалася не вельмі ўдала, але гэта стала пачаткам вялікага жыццёвага праекта.
Першыя ўдалыя макеты архітэктуры Генадзь пачаў ствараць у пачатку 1980-х гадоў, а ўжо ў 1985 разам з гісторыкам Міхасём Ткачовым і рэстаўратарам Уладзімірам Кіслым у Музеі атэізму (сёння — Музей гісторыі рэлігіі) выстаўляў вялікую калекцыю гродзенскіх макетаў, якая прастаяла больш за паўгода.
«Некалькі тысяч розных работ было ў мяне, — распавядае Генадзь. — Сёння прыватнага дома не хапіла б, каб усё змясціць. Я проста захапіўся гісторыяй Гродна і мне было цікава рабіць аб’екты гэтага горада. Я зрабіў многія дамы з раёна Новы свет, якіх сёння ўжо няма, страчаныя храмы і сінагогі. Для мяне было самым цікавым рабіць тое, чаго ўжо не было. Я рабіў макет згубленых помнікаў і не мог спыніцца, гэта быў як наркотык».
[irp posts="90 368″ name="Фотафакт: Новы свет пазбавіўся чарговага старога дома"]
Макеты храмаў, замкаў і іншых аб’ектаў патрабуюць немалых высілкаў. Неабходна ўлічыць і адлюстраваць у працэсе макетавання ўсе архітэктурныя і гістарычныя асаблівасці.
«Мне хацелася паказаць як мага больш усяго. Зрабіў працу — падарыў і далей за справу, — кажа майстар. — У 1990-х у мяне дома ўжо месца не было, дзе можна было б захоўваць макеты. Калі выстаўляў частку калекцыі на вуліцы, то ўвесь двор на Замкавай займаў. Людзі збягаліся паглядзець. Польскія і беларускія журналісты прыязджалі. Потым і з Расіі завіталі. Але ў адзін момант мне надакучыла рабіць макеты. І я пайшоў у печнікі».
Такія макеты, якія ствараў Генадзь, сёння ў Гродне ніхто не робіць. На стварэнне адной работы сыходзіла ад месяца да некалькіх гадоў. На макетах гродзенец ніколі не зарабляў.
«Маладыя гродзенцы не жадаюць займацца сёння тым, чым я захапіўся ў свой час. Ніколі на макетах толкам не зарабляў. А яны экспертамі ацэньваліся ў вялікую суму, але звычайныя людзі гэтага ніколі не разумелі. Прасілі зрабіць, але ніхто не хацеў плаціць. Усім здаецца: узяў і зрабіў за вечар макет. Насамрэч на адну працу можа спатрэбіцца некалькі гадоў. Свой самы складаны праект царквы з дрэва я рабіў 8 гадоў. Вядома, не кожны дзень рабіў, а вечарамі, з вялікімі перапынкамі».
Генадзю дагэтуль паступаюць заказы на макеты, але рабіць іх з вялікім задавальненнем, як раней, ён ужо не можа. Кажа, мазгі «накіпаюць» ад скрупулёзнай працы. Цяпер ён робіць макеты толькі тады, калі ёсць час і жаданне.
«За некалькі дзясяткаў гадоў наш горад моцна змяніўся. Многіх цікавых і ўнікальных аб’ектаў ужо няма.
Стары замак ператвараецца ў незразумела што, драўляная архітэктура горада руйнуецца. Магчыма, калі-небудзь я ўзнаўлю стары Гродна ў макетах, але гэта будзе зусім іншая гісторыя».
[irp posts="89 718″ name=""Для горада новы музей, а для гараджан памяць". Гродзенец прапануе паставіць на Замкавай макеты згубленых помнікаў гісторыі"]
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…