На прэзентацыю кнігі Руслана Кулевіча «Гісторыі з гродзенскіх вуліц» 16 студзеня ў Цэнтры гарадскога жыцця сабралася больш за сотню гараджан. Многія казалі, што чакалі гэтай імпрэзы год. Ад таго часу, калі вышлі першыя ўспаміны гродзенскіх старажылаў. Аўтар здівіў гасцей не толькі вынікамі плённай працы. Напрыканцы сустрэчы на вачах сотні сведкаў Руслан зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне Тані.
«Прыйшоў паглядзець на герояў кнігі Руслана, бо яны насамрэч унікальныя людзі, — кажа Дзіма Чуйкоў, адзін з наведвальнікаў, — Напэўна, мы апошняе пакаленне, што мае магчымасць з імі сустрэцца. Прэзентацыя прашла каларытна, эмацыйна і вельмі па-мясцоваму».
Серыю артыкулаў па ўспамнах сталых гродзенцаў Руслан пачаў публікаваць на Hrodna.life два гады таму. Летась выбраныя гісторыі выйшлі кнігай. Журналіст расказаў, што шукае і знаходзіць герояў проста на вуліцах горада — падыходзіць да сталых людзей і распытвае іх, дамаўляецца на сустрэчы, прапаноўвае сваю ўвагу.
Выйшла з друку новая кніга Руслана Кулевіча: першыя асобнікі атрымліваюць героі
«Зараз збіраць успаміны лягчэй. Маёй візіткай стала першая кніга. Паказваю яе людзям і кажу, што вашы ўспаміны таксама могуць увайсці ў кнігу,» — расказаў аўтар. Другая крыніца герояў - сарафаннае радыё. Інфармацыю пра журналіста, які цікавіцца ўспамінамі, сталыя гродзенцы перадаюць з рук у рукі сябрам і знаёмым. Многія маладыя, прачытаўшы кніжку, пачынаюць распытваць сваіх пажылых сваякоў і таксама знаёмяць іх з Русланам Кулевічам, альбо прыносяць у рэдакцыю фотаальбомы сваякоў, якія жылі ў Гродне да вайны.
«Без Руслана можа і не захаваліся б гэтыя гісторыі», — мяркуе гродзенскі краязнаўца і экскурсавод Міхаіл Нарынкевіч, — Ён робіць вялікую справу". Меркаваннем Нарынкевіча, асабістыя ўспаміны жыхароў напаўняюць гісторыю горада жыццём. «Горад — гэта не толькі камяніцы і пабудовы. Людзі - яго жывая гісторыя. Іх ўспаміны — найвялікшая каштоўнасць».
Пенсіянеры Галіна і Генадзі Лобкіс прыйшлі на прэзентацыю, даведаўшыся аб імпрэзе з сацыяльных сетак. «Мы не працуем і маем шмат вольнага часу. Таму цікавімся культурным жыццём горада і стараемся наведваць розныя мерапрыемствы. У афішы аб гэтай прэзентацыі нас зацікавіла назва кнігі. Мы любім гродзенскую гісторыю, маем дома некалькі кніжак Віктара Саяпіна, то вырашылі пазнаёміцца і з новай гродзенскай кнігай», — распавяла Галіна.
«Мяне шчыра дзівіла, што аўтар такі малады чалавек, — прызнаўся Генадзь. — Аказваецца, наша моладзь цікавіцца не толькі камп’ютарнымі гульнямі ці забавамі. Вельмі ўражаны яго працай».
«Рэдагавала і перажывала. Немагчыма было не ўцягнуцца эмацыйна,» — дзеліцца ўражаннямі ад працы з тэкстамі Кулевіча Надзея Вішнеўская, што рыхтавала кнігу да друку. «Мяне гэтыя кнігі, і першая, і другая, захапляюць тым, наколькі яны жывыя. Пра адно і тое ж людзі вельмі па-рознаму расказваюць. Іх успаміны паказваюць шматпланавасць горада і часу. Калі чытаеш падручнік, гэтага не адчуваецца».
Нечаканым фіналам імпрэзы стаў сюрпрыз, падрыхтаваны Русланам для сваёй дзяўчыны. Запрасіўшы яе ў цэнтр залі, нібыта для дапамогі, ён зрабіў Тані прапанову.
«Я нічога не ведала заранёў і не чакала ніякіх сюрпрызаў», — распавядае Таня, — Наадварот, я сама падрыхтавала сюрпрыз для Руслана, каб павіншаваць яго з выхадам кнігі."
Па словах Тані, захопленасць Руслана справаю вельмі прыцягальная і служыць крыніцай натхнення і для яе. «Мне падабаюцца людзі, у каторых гараць вочы, калі яны расказваюць пра сваю штодзённую працу. Руслан як раз такі. Што тычыцца ўспамінаў сталых людзей, то я б не сказала нават, што гэта была праца над кнігай. Хутчэй, гэта яго жыццё. Ён не можа ўжо без новых гісторый, герояў, матэрыялаў, фотаздымкаў. Калі дзень прашоў без фоткі ці знаходкі, лічы, жыў дарма. Для яго гэта вельмі важна, гэта справа жыцця».