— Адкрыццё музея не ўваходзіла ў мае надзённыя жыццёвыя планы, але атрымалася, нібы сам лёс мяне да гэтага падштурхнуў, — расказаў Анатоль Грышук парталу planetabelarus.by. — Бог даў мне магчымасць нешта стварыць у гэтым жыцці. Напрыклад, тыя ж «Каробчыцы», якія нараджаліся без генпланаў, падрадаў і знакамітых дызайнераў. Усё сам — мераў абцасам і мроіў: тут будзе тое, тут — гэта.
«Грышук Арсенал» ствараўся гэтак жа — з гісторыі сям'і, асабістых пераваг, падарункаў сяброў і цікавасці да роднага горада. Hrodna.life абраў 5 фактаў пра музей з інтэрв'ю ўладальніка.
1. На стварэнне музея натхніла зброю дзеда і бацькі
Грышук кажа, што пачалося ўсё з уланскай бацькавай шаблі, з якой гуляў у дзяцінстве, і знойдзенай пазней шашкі дзеда, які служыў у ахове расійскага цара.
«Я зацікавіўся прыватнай гісторыяй сваёй сям'і - і халоднай зброі агулам. Мой бацька нарадзіўся ў польскім горадзе Ломжы, у чыне малодшага афіцэра служыў уланам у Сувалках, меў польскія ваенныя ўзнагароды за баявыя заслугі: ордэн Virtuti military і медаль «За ўдзел у абарончай вайне 1939 года».
Чытайце таксама: Халодная зброя, рыцарскія даспехі і сямейныя рэліквіі. Былы дырэктар мясакамбіната адкрыў у Гродне галерэю-музей
2. Сямейным ўзнагародам адведзена асобная вітрына
Толькі ў самага Грышука іх больш за паўсотні. Самай незвычайнай узнагародай у экспазіцыі Грышук лічыць «Ордэн Усмешкі» ад ЮНЕСКА. Ён атрымаў яго за шматгадовую дапамогу дзецям. Паводле традыцыі, пры ўручэнні гэтага ордэна трэба выпіць шклянку цытрынавага соку. Абавязкова — з усмешкай.
3. Частка экспазіцыі пра хобі Грышука — паляванні і рыбалцы
«Дзе я толькі не паляваў! Самыя вялікія замарочкі былі ў Аўстрыі, дзе мяне спачатку застрахавалі на два мільёны, вазілі правяраць, ці ўмею я страляць, пасля чаго трэба было здаць экзамен, затым атрымаць пасведчанне — і толькі тады ўжо дазволілі паляваць [ … ] я ж люблю і „ціхае паляванне“, заўзяты грыбнік. А што наконт іншых трафеяў… Расамаха здабытая на Чукотцы, зайцы і мядзведзь таксама адтуль, воўк — бераставіцкі».
Чытайце таксама: «Гонім, каб захаваць традыцыі». Самагонку і медавуху наліваюць гасцям у Каробчыцах
4. Спорт — у памяць пра сябра
«Гэта медалі Аляксандра Курловіча, двухразовага алімпійскага чэмпіёна па цяжкай атлетыцы: Сеул, Барселона. Мы сябравалі, ён перада мной займаў пасаду сенатара. Аляксандр вельмі хваравіта ўспрыняў скарачэнне яго пасады прадстаўніка алімпійскага камітэта па Гродзенскім рэгіёне. І хутка «згарэў»… яму трэба было адчуваць сябе патрэбным, пры справе. Мне вельмі крыўдна за такое стаўленне да былых спартыўных лідэраў!
Напрыклад, у Японіі алімпійскі чэмпіён любога часу можа з двума сваімі гасцямі наведаць любы рэстаран, і яго чэк, за выключэннем спіртнога, пагасіць алімпійскі камітэт краіны".
Чытайце таксама:
- Историк написал книгу про чемпиона-олимпийца из Гродно Александра Курловича. На издание пока нет денег
- В Гродно открыли памятник двукратному олимпийскому чемпиону Александру Курловичу
5. Да чаго тут масоны
«О, масоны — асобная тэма, у Гродне яны былі вельмі ўплывовыя. Самы выбітны — граф Раман Ігнацы Патоцкі, сын познаньскага ваяводы, у 1780 годзе стаў кіраўніком масонскай ложы. Адна з 13 аб’яднаных ложаў Кароны і Літвы знаходзілася ў Гродне. У нас прадстаўлены друк, нагрудныя знакі, цырыманіяльныя мячы розных ордэнаў».
Чытайце таксама: Ж — Жылібер. Батанік і масон, што даў імя парку. 5 фактаў пра самага вядомага ў Гродне француза