Па ўсім горадзе грэйдары прыбіраюць снег, а каля аднаго з дамоў па вуліцы Паповіча ў лютым прыбралі і самаробны бардзюрны пандус. Гэта прыстасаванне мясцовыя жыхары пабудавалі ў 2015 годзе. Дазвол на ўстаноўку выдаў ЖЭС № 4. Каментаваць знос пандуса камунальнікі адмаўляюцца.
Адным з ініцыятараў устаноўкі пандуса быў Іван Бараноўскі. Яго маці перасоўваецца ў інвалідным крэсле. Магчымасці самастойна выйсці на міні-рынак, у краму ці супермаркет па суседстве ў яе не было з-за высокіх бардзюраў па дарозе. Шмат гадоў сям’я вусна звярталася да мясцовых уладаў з просьбамі забяспечыць безбар’ернае асяроддзе, але безвынікова.
У 2015 годзе Іван звярнуўся да грамадскіх актывістаў, якія дапамаглі скласці пісьмовы зварот. Пасля гэтага ЖЭС № 4 дазволіў устаноўку трох бардзюрных пандусаў на вуліцы Паповіча.
Сродкі на матэрыялы знайшлі самі актывісты. З усталёўкай дапамагла ініцыятыва «Актыўным Быць Файна». Зручнымі з’ездамі з бардзюра стала карыстацца не толькі маці Івана, Ніна Бараноўская. Бацькі з дзіцячымі вазкамі і веласіпедысты таксама ацанілі зручнасць.«Шчасце доўжылася нядоўга…»
Здавалася, праблема вырашана. Але ўжо ў першую зіму пры расчыстцы дарог ад снегу грэйдар знёс першы пандус. На наступны год той жа лёс напаткаў і другі. У студзені 2019 разбурылі трэці.
«Мы будуем, будуем, а камунальнікі ламаюць. У год па адным пандусе мінімум. Кажуць, што нашы з бетону, а не асфальту, таму „далікатныя“. Адказваю: „Так зрабіце з асфальту“, а ў іх „грошай няма, у бюджэце не прадугледжана“! І што, я зноў пабудую, а ўзімку іх не будзе?»
Ва ЖЭС № 4 адмовіліся каментаваць сітуацыю і накіравалі да кіраўніка ЖКГ Кастрычніцкага раёна. Датэлефанавацца да чыноўніка не ўдалося. У прыёмнай сказалі, што ён вельмі заняты, у яго шмат наведвальнікаў.
«Краіна для жыцця»
Цяпер у Ніны Бараноўскай зноў няма магчымасці выбрацца з дому без суправаджэння сына. Іван звярнуўся ў грамадзянскую ініцыятыву «Гародня» па дапамогу. Анатоль Мышкевіч, актывіст «Гародні», так піша пра сітуацыю на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках:
«Мы адправілі звароту ў гарадскую ЖКГ з просьбай абсталяваць у гэтых месцах зручныя для перамяшчэння людзей з абмежаванымі здольнасцямі з’езды з пешаходных дарожак. Паглядзім, якая яна насамрэч — гэта краіна для жыцця».
Каардынатар ініцыятывы «Гародня»: «Людзі не давяраюць чыноўнікам. Я прапаную гэта выправіць»
У суседнім ЖЭСе такіх праблем няма
«У нас шмат пазітыўных прыкладаў у Гродне, калі мясцовыя ўлады адэкватна рэагуюць на звароты грамадзян і самі вырашаюць пастаўленыя задачы. Напрыклад, суседні ЖЭС № 15 усталёўвае пандусы без праблем — за кароткі час пасля звароту жыхароў быў зроблены адкідны пандус у пад’ездзе для інваліда-вазочніка на вуліцы Рэпіна. Зварот пісаў я асабіста, як актывіст „Гароднi“», — распавядае экс-кандыдат у дэпутаты, юрыст Ігар Банцар.
— Падобны пандус гэты ж ЖЭС усталяваў і ў доме на Фолюшы. На жаль, суседні чацвёрты ЖЭС не можа пахваліцца такой жа рэактыўнасцю. Выходзіць, праблема зусім не ў бюджэце".Грамадзянская ініцыятыва «Гародня» паўстала ў 2017 годзе. Яе ўдзельнікамі сталі сталі экс-кандыдаты ў дэпутаты розных узроўняў, юрысты, актыўныя гродзенцы. Ініцыятыва накіравана на падтрымку гараджан, укараненне грамадзянскага самакіравання, бясплатныя юрыдычныя кансультацыі.