Цікавасць да ўласнага радаводу ў беларусаў расце з кожным годам. Але жаданне адшукаць продкаў часта сутыкаецца з цяжкасцямі: архівы працуюць па раскладзе, да іх трэба ехаць, а паслугі прафесійных генеалогаў каштуюць немалых грошай. Пры гэтым мала хто ведае, што значная частка беларускіх архіўных дакументаў ужо даўно адлічбаваная, іх копіі захоўваюцца ў адным з самых абароненых месцаў на планеце і даступныя ў сеціве бясплатна.

Гістарычны канал Hrodna 11:27 расказвае, як мармоны ратавалі беларускія архіўныя дакументы ў 1990-х.

Мармонскі след у беларускіх архівах

Як копіі метрычных кніг з беларускіх вёсак і гарадоў апынуліся за акіянам? Гэтая гісторыя вартая ўвагі тых, хто хоча адшукаць сваіх продкаў, але не мае доступу да спраў у беларускіх архівах. Сёння азнаёміцца з часткай дакументаў можна бясплатна праз інтэрнэт. Гэта магчыма дзякуючы працы паслядоўнікаў Царквы Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён (больш вядомых як мармоны).

Для паслядоўнікаў гэтай царквы генеалогія — не проста хобі, а фундаментальная частка рэлігіі. Яны вераць у магчымасць духоўнага саюза з продкамі, таму імкнуцца аднавіць сямейныя сувязі як мага глыбей. Менавіта таму для іх жыццёва неабходна ведаць імёны, даты нараджэння і смерці людзей па ўсім свеце.

У XX стагоддзі, асабліва пасля Другой сусветнай вайны, мармоны распачалі глабальны праект па выратаванні генеалагічных дакументаў ад знішчэння. У 1990-я гады склалася ўнікальная сітуацыя: беларускім архівам катастрафічна не хапала рэсурсаў на захаванне дакументаў, а мармоны мелі грошы і тэхналогіі. Была заключана дамова: амерыканцы атрымалі права зрабіць мікрафільмы (фотакопіі на плёнцы) архіўных спраў, а наўзамен пакідалі архівам абсталяванне або копіі. Такім чынам былі скапіяваныя тысячы спраў, у прыватнасці — дакументы асобных фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, у тым ліку рэвізскія сказкі (вынікі перапісаў у Расійскай імперыі) і метрычныя кнігі — найбольш важныя дакументы для таго, каб скласці родавае дрэва.

Што такое метрычная кніга?

Да прыходу савецкай улады і стварэння сістэмы ЗАГСаў функцыю рэгістрацыі насельніцтва выконвалі рэлігійныя ўстановы: праваслаўныя цэрквы, каталіцкія касцёлы, сінагогі і мячэці. Менавіта яны вялі метрычныя кнігі — галоўныя дакументы, якія фіксавалі жыццёвы шлях чалавека. Па сутнасці, гэта своеасаблівы летапіс жыхароў прыхода, куды святар уносіў звесткі пра кожную значную падзею ў жыцці вернікаў.

Стандартная кніга, як правіла, дзялілася на тры часткі. Першая — аб народжаных. Гэта самы каштоўны раздзел для пачатку пошукаў: тут пазначаны не толькі імя дзіцяці і дата хрышчэння, але і імёны бацькоў, іх саслоўе (напрыклад, «селянін вёскі Моталь») і імёны хросных бацькоў. Другая частка — аб шлюбах. Тут запісвалі, хто з кім ажаніўся, дзе жылі да шлюбу жаніх і нявеста, узрост маладых, а таксама хто быў паручыцелем (сведкам). Трэцяя частка — аб памерлых, дзе фіксавалі дату і прычыну смерці, а таксама месца пахавання.

Для даследчыка радаводу такія кнігі — сапраўдная «машына часу». Знайшоўшы адзін запіс пра нараджэнне прадзеда, вы даведваецеся імёны яго бацькоў (вашых прапрадзеда і прапрабабулі) і можаце рухацца далей у глыбіню стагоддзяў, аднаўляючы дрэва пакаленне за пакаленнем. Акрамя сухіх фактаў, метрыкі часта хаваюць сямейныя таямніцы: запісы пра пазашлюбных дзяцей, прычыны дзіўных смерцяў або нечаканыя сваяцкія сувязі праз хросных.

Чытайце таксама: Удалы пошук бацькi па ДНК і радавод да дзявятага калена. Як беларусы знаходзяць інфу пра продкаў

Сховішча суднага дня

Лёс гэтых плёнак не менш цікавы, чым іх змест. Арыгіналы дакументаў засталіся ў Беларусі. А вось мікрафільмы адправіліся ў ЗША, у штат Юта, дзе сёння захоўваюцца ў Granite Mountain Records Vault (Сховішча ў Гранітнай гары).

Гэтае сховішча — сапраўдны бункер. Яно высечана ўнутры маналітнай гранітнай гары на глыбіні больш за 200 метраў. Уваход абараняюць шматтонныя дзверы, здольныя вытрымаць ядзерны выбух. Унутры падтрымліваецца пастаянны мікраклімат, ідэальны для захавання плёнак.

Менавіта там, побач з мільёнамі іншых запісаў з усяго свету, ляжаць копіі звестак пра нашых прадзедаў з Беларусі. З развіццём інтэрнэту мармоны пачалі маштабны працэс адлічбоўкі і індэксацыі гэтых мікрафільмаў. Вынікам гэтай працы стаў партал FamilySearch.org — найбуйнейшая ў свеце база генеалагічных звестак.

Як шукаць?

Не варта думаць, што на сайце ёсць «дасье» на кожнага жыхара Беларусі. У асноўным гаворка ідзе пра дакументы XIX — пачатку XX стагоддзя. Аднак у іх знаходзіцца самае каштоўнае для тых, хто хацеў бы знайсці сваіх продкаў, не маючы фізічнага доступу да беларускіх архіваў.

Каб пачаць пошук, неабходна стварыць бясплатны акаўнт. Працэс індэксацыі сёння дазваляе шукаць продкаў, упісваючы ў пошукавы радок імя і прозвішча. Аднак найбольш надзейны шлях — зайсці ў раздзел «Каталог» (Catalog) і скарыстацца пошукам па месцы («Place»). Уводзіць трэба не назву маленькай вёскі, а буйны цэнтр — павятовы горад ці мястэчка (напрыклад, Grodno, Pinsk ці Minsk).

У выніках пошуку звярніце ўвагу на раздзел «Church records» (Царкоўныя запісы). Сістэма пакажа спіс спраў, і тут галоўнае — знайсці іконку фотаапарата насупраць патрэбнага года. Яна азначае, што лічбавыя копіі метрык знаходзяцца ў адкрытым доступе: можна адкрываць і гартаць старонкі проста ў браўзеры, знаходзячы звесткі пра сваіх сваякоў сярод тысяч рукапісных запісаў.

Варта ўлічваць, што сэрвіс не пакажа ўсе метрычныя кнігі культавых устаноў на тэрыторыі Беларусі — скапіяваная была толькі частка дакументаў. Асноўны масіў тых дакументаў, якія дайшлі да нашых дзён, па-ранейшаму захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве ў Мінску і Гродне. Аднак прынамсі гэты сэрвіс істотна спрашчае працу для тых, хто хоча адшукаць сваіх продкаў.

Чытайце таксама: Шкілеты ў шафе і памылкі продкаў: як курс па гісторыі сям’і дапаможа лепш разумець сябе і сваю краіну

Пошук продкаў патрабуе цярпення. Часам даводзіцца прагледзець сотні старонак рукапіснага тэксту, каб знайсці адзін патрэбны радок. Але момант, калі вы знаходзіце запіс пра нараджэнне свайго прадзеда ў кнізе 1890 года, дае неверагоднае адчуванне сувязі з гісторыяй. Удалых вам пошукаў!