Рэдакцыя Hrodna.life прааналізавала аб’явы продажу гатовага бізнесу і камерцыйнай нерухомасці на сайтах kufar.by і myrealtor.by. Выявілася, што многія месцы шукаюць новых уладальнікаў. Нярэдка — з-за ад’езду папярэдніх за мяжу. Усе цэны ў матэрыяле — у беларускіх рублях, калі не паказана інакш.
Што можна купіць у Гродне?
Лазертаг за 15 000
У аб’яве прадаўцы абяцаюць навучыць працаваць з абсталяваннем, распавесці пра тонкасці пазаарэннага выязнога лазертага і нават падзяліцца ўсёй наяўнай інсайдэрскай інфармацыяй і планамі на наступны сезон. Купіць бізнес можна ў растэрміноўку. Прадавец абяцае, што ўкладанні могуць акупіцца ўжо за шэсць месяцаў.
Кафэ LaBar за 32 200
Прадаецца са жніўня 2021 года. Першапачаткова ў аб’яве пазначалі кошт 41 000 беларускіх рублёў, цяпер жа кафэ патаннела на 9000. Пры гэтым магчымы гандаль. Кафэ прадаецца з абсталяваннем і мэбляй.
Крама Rostok за 10 000
У сувязі з ад’ездам з Беларусі прадаюць краму натуральнай касметыкі, прадуктаў харчавання і суперфудаў. У аб’яве згадалі пра напрацаваную вялікую кліенцкую базу, размяшчэнне ў прахадным месцы ў цэнтры горада, побач з ажыўленай дарогай.
Крама разліўнога піва за 17 000
Невялікая крамка на Дзевятоўцы працуе ўсяго дзевяць месяцаў. Але ў сувязі з ад’ездам уладальнікаў з краіны яго вырашылі прадаць з абсталяваннем і таварам.
Бар «Піплз» за 49 000
У сувязі з пераездам прадаюць і караоке-бар. Бар цалкам абсталяваны ўсім неабходным, каб працаваць з першага дня пакупкі, пішуць прадаўцы. На гэтым месцы ўстанова працуе каля 10 гадоў.
Гасцінічна-рэстаранны комплекс «НЁМАН» за $ 5 млн
У гасцініцы 75 нумароў, класічны і піўны рэстараны, кавярня, канферэнц-зала, сауна. У комплекс уваходзяць таксама аўтастаянка і паркінг. Комплекс прадаюць з 2021 года.
Рэстаранны комплекс «TURAN» за $ 2,65 млн
Двухпавярховы будынак уключае ў сябе рэстаран на 200 пасадачных месцаў і бар-рэстаран на 100 пасадачных месцаў. У аб’яве зазначана, што «комплекс уражвае сваім раскошным інтэр'ерам, выкананы з якасных аздобных матэрыялаў з высокім узроўнем інжынерна-тэхнічнага абсталявання».
Пякарня з тандырам за 15 000
Цалкам абсталяваная пякарня з тандырам з цэглы ручной працы з электратэнамі і аўтаматыкай. Пякарня паспела папрацаваць менш за месяц і закрылася. У продаж уваходзяць: тандыр, печ, цестамес, шалі, мэбля, сістэма відэаназірання, шкляная вітрына, мыйкі, сталы, халадзільнік. Пакупнікам абяцаюць дапамогу з рэцэптурай хлеба. Памяшканне знаходзіцца ў арэндзе.
Месца, праўда, падаецца няўдалым. Велакафэ, якое адкрывалася ў гэтым жа памяшканні вясной 2021, таксама не прапрацавала доўга.
Цэнтр музычных забаваў за 42 000
Цэнтр «Рок Плэй» знаходзіцца ў будынку на вуліцы Будзёнага, ёсць асобны ўваход. Сярод абсталявання: рэплікі музычных інструментаў для сімулятараў рок-гурта Guitar Hero і Rock Band, гульнявыя кансолі, мікрафоны, мікшар мэбля і іншае. У пакоі ўсталявана рэкуперацыйная сістэма вентыляцыі, асушальнік паветра, ёсць гукаізаляцыя столі і сценаў. Зроблены рамонт у стылі рэпетыцыйнай кропкі. Новы ўладальнік атрымае таксама бібліятэку з больш чым 2500 кампазіцый: ад поп-музыкі і класічнага року да цяжкага металу. У кошт таксама ўваходзіць: сайт з магчымасцю рэзервавання, Instagram, суполка ў VK, падарункавыя сертыфікаты. Калі не хочаце купляць гатовы бізнес, можна купіць толькі абсталяванне — тады выйдзе на 20% танней.
Гандлёвае памяшканне ў галерэі «У Майстра» за 249 000
Памяшканне былой галерэі «У Майстра» знаходзіцца ў гістарычным цэнтры, па адрасе вуліцы Кірава, 8. Зроблены дызайнерскі рамонт з натуральнымі аздобнымі матэрыяламі: цэгла, дрэва, метал. «Выгадная лакацыя — выдатны аўтамабільны і добры пешаходны трафік, ёсць магчымасць размясціць вонкавую шыльду», — так апісваюць памяшканне прадаўцы. Яны прапануюць новым уладальнікам выкарыстоўваць памяшканне пад гандаль, офіс або барбершоп.
Гандлёва-офісны цэнтр АВС за $ 2,8 млн
Праўда, на іншым сайце — іншы кошт: у аб’яве за кастрычнік 2021 будынак каштаваў $ 3,4 млн. Усе памяшканні цэнтра здадзеныя ў доўгатэрміновую арэнду. У будынку чатыры паверхі, пры жаданні можна купіць адзін.
Гандлёвы цэнтр «АН-3» за $ 1,25 млн
Гандлёва-офісны трохпавярховы будынак па вуліцы Антонава прадаюць са снежня 2021 года. Агульная плошча — 1255 кв. м.
Які яшчэ гатовы бізнэс можна купіць у Гродне?
Журналісты Hrodna.life знайшлі сярод аб’яў таксама: краму кветак, салоны прыгажосці, пункт пракату, паліграфію і перасоўны гандлёвы павільён.