Годнае стаўленне ў паліклініках, ільготны праезд, працаўладкаванне, стварэнне ўмоваў для навучання — гэта няпоўны пералік таго, што можна зрабіць, каб Гродна стаў больш прыязным для сталых людзей. Такога меркавання прытрымліваюцца студэнты гарадзенскага «Універсітэту Залатога Веку», якія зняліся ў роліку, прымеркаваным да Міжнароднага дня сталых людзей.
Міжнародны дзень сталых людзей адзначаецца 1 кастрычніка.
У Беларусі з гэтай нагоды традыцыйна ладзяцца рознага кшталту канцэрты, сустрэчы ветэранаў і г. д. Аднак ці дастаткова гэтага, каб зрабіць жыццё сталага чалавека сапраўды годным?
Кіраўніца праграмы «Універсітэт Залатога Веку» (дзейнічае ў Гродне з 2010 г.) Лана Руднік (на здымку) прытрымліваецца такога меркавання:— «Быць пачутымі, адчуваць сябе патрэбнымі, мець магчымасць развівацца — гэта куды больш важныя рэчы, чым быць запрошанымі ў якасці назіральнікаў на канцэрты, тэатральныя выступы раз на год на Дзень Сталых людзей.
Мы стараемся рабіць усё, каб у нашым горадзе, у нашай краіне нарэшце пачалі распрацоўвацца стратэгіі і мясцовыя планы па спрыянню актыўнаму даўгалеццю, каб сталых людзей успрымалі не як спажыўцоў медыцынскіх і сацыяльных паслуг, але як каштоўны рэсурс для грамадства, каб дзяржава нарэшце зразумела важнасць аб’яднання намаганняў усіх, хто працуе ў кірунку паляпшэння якасці жыцця сталых людзей.
Толькі разам, без падзелу на сваіх і чужых, мы можам зрабіць нашыя гарады і вёскі сапраўды прыязнымі да людзей у любым узросце, дапамагаць сталым людзям адаптавацца да жыцця ў сучасным свеце, вучыцца, максімальна доўгі час падтрымліваць свой фізічны стан, адчуваць павагу з боку грамадства".
На Гарадзеншчыне, як і ў цэлым па Беларусі, амаль кожны чацьвёрты жыхар ужо дасягнуў пенсійнага ўзросту. З кожным годам колькасць такіх людзей будзе павялічвацца. Без рэфармавання сістэмы сацыяльнай і медыцынскай дапамогі, без падтрымкі ініцыятываў па навучанні, сацыялізацыі і перакваліфікацыі сталых людзей забяспечыць годны ўзровень жыцця гэтых людзей будзе немагчыма.
Таму ўжо зараз важна заняцца стварэннем нацыянальнага і мясцовага планаў дзеянняў па спрыянні актыўнаму даўгалеццю. На гэта, у прыватнасці, звярталі ўвагу ўдзельнікі міжнароднай канферэнцыі, якая адбылася вясной у Гродне.
Распрацаваная ўдзельнікамі рэзалюцыя з канкрэтнымі прапановамі па зместу такіх планаў дзеянняў была накіраваная ў розныя структуры ўлады. Свае водгукі на прапановы даслалі прадстаўнікі некалькіх парламенцкіх камісій, міністэрстваў, аблвыканкамаў.
Праект «Паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей праз адукацыю, актывізацыю і валанцёрскую дапамогу» рэалізуецца грамадскім аб’яднаннем «Цэнтр «Трэці сектар» і прафінансаваны Фондам «Памяць, адказнасць і будучыня» (EVZ) у межах праграмы «Месца сустрэчы: дыялог». Арганізатар праграмы ў Беларусі - міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Узаемапаразуменне».
Гэтая публікацыя не адлюстроўвае меркаванне фонда EVZ. Адказнасць за змест нясе аўтар/нясуць аўтары.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…