Спадчына

Горад адзін, а ўспаміны розныя: сталая гродзенка ўспамінае горад 1930−40-х

Hrodna.life працягвае збіраць гісторыі гараджан, якія нарадзіліся ў Гродне ў міжваенны час. Усе ўспаміны лягуць у аснову кнігі пра жыццё ў даваенным горадзе. Гэтым разам раскажам пра Раісу Шымбарэвіч, якая ўсё жыццё пражыла на беразе Нёмана на вуліцы Рыбацкай.

«Я — беларуска»

Нарадзілася Раіса Міхайлаўна ў 1934 годзе. Яе бацька і дзед — карэнныя гродзенцы, а маці была родам з вёскі блізу горада. Калі пачалася Першая сусветная, сям’я Шымбарэвічаў з’ехала ў Расію, у Саранск, а вярнулася ў родныя мясціны ў пачатку 1920-х гадоў.

«Сям'я мая была праваслаўная і ўсё жыццё мы пражылі ля Каложы, — распавядае Раіса. — Пры паляках стары храм быў практычна зачынены і службы вялі там толькі на вялікія святы. Улады імкнуліся ўсяляк беларусаў акаталічыць. Вы думаеце, што тут шмат палякаў? Не, гэта беларусы каталіцкага веравызнання. Касцёл тады дапамагаў людзям. Я — беларуска. А так да 1939 года ў нас не пісалі нацыянальнасць. Пісалі: каталік, праваслаўны, юда ці мусульманін».

Бацька працаваў на Нёмане, а маці прыслужвала ў яўрэяў

На беразе Нёмана ў сям'і Шымбарэвічаў быў свой дом з участкам і гаспадаркай. Раіса Міхайлаўна расказвае, што за польскім часам жылося гродзенцам вельмі цяжка, але пры жаданні кожны мог палепшыць сваё становішча. «Першы час працы не было і давалі толькі 1 злоты па беспрацоўі. Памятаю, бацька распавядаў, што летам людзі падзараблялі „на камянях“ — дзесьці брук рамантавалі».

Сям’я Шымбарэвiчаў на набярэжнай Нёмана (1920-я гады). Раіса Міхайлаўна расказвае, што іх сям’я ўсё жыццё жыла на вуліцы Рыбацкай. Гэтую вуліцу ў міжваенны час акружалі могілкі - адныя ля Каложы, іншыя амаль ля Новага моста. Апошнія могілкі мясцовыя называлі «турэцкім».
З часам бацька Раісы Міхайлаўны знайшоў працу на Нёмане, а мама займалася хатняй гаспадаркай і часам хадзіла прыбіраць да яўрэяў.

«Бацька ў 1930-х працаваў матросам на параходзе, а пасля вайны быў капітанам. Зараз ужо не ўзгадаю, куды ў 1930-я хадзіў яго параход, але, здаецца, уверх па Нёмане да Лунна і назад да літоўскай мяжы. Бацьку падабалася працаваць на параходзе. А мама з 8 гадоў працавала служанкай у яўрэяў і ведала іх мову добра. Працавала пакуль замуж не выйшла. Агулам, у даваенным Гродне, калі чалавек не краў, то яму працавалася добра і ён мог сабе многае дазволіць».

[irp posts="53 660″ name="Лавіў нямецкіх шпіёнаў і не толькі. Сталы гродзенец успамінае міжваенны Гродна"]

Аляксандраўскую царкву разабралі, а новай так і не пабудавалі

Па ўспамінах жанчыны, у старым Гродне самымі багатымі былі яўрэі, якія часта казалі палякам: «вашы вуліцы — нашыя камяніцы, вашы легіёны — нашы мільёны». Яўрэі ў даваенным Гродне трымалі практычна ўвесь гандаль. Раіса Міхайлаўна памятае, як хадзіла з мамай на невялікі кірмаш на плошчы Баторыя, памятае і яўрэйскую краму з тканінамі.

«Тады горад быў маленькі і чысты. Была ў нас у Гродне да вайны прыгожая праваслаўная Аляксандраўская царква [рэд. — на сённяшняй плошчы Тызенгаўза, насупраць Вечнага агню). Яе палякі разабралі і груды камянёў павезлі ў кірунку Сабачай горкі для далейшага будаўніцтва. Абяцалі пабудаваць зноў, але ў час вайны ўвесь гэты матэрыял бясследна знік».

Бацькі Раісы Міхайлаўны ў цэнтры Гродна (1930-я гады)

Саветы не чапалі, а немцы выселілі

Раіса Міхайлаўна ўспамінае, што большасць гродзенцаў сустракала савецкую ўладу ў верасні 1939 года. Яна адзначае, што толькі заўзятыя палякі не любілі рускіх.

«Так, былі людзі незадаволеныя, бо ў іх забіралі бізнес, а беднякам у Гродне было добра. Галоднымі ніхто не сядзеў. Так пражылі да прыходу немцаў».

[irp posts="49 922″ name="Гета, гестапа ў Скідзелі і турма ў Гродне. 88-гадовая гродзенка ўспамінае нямецкую акупацыю"]

Нямецкую акупацыю Гродна жанчына памятае лепш за ўсё са свайго дзяцінства. У той час сям'і Шымбарэвічаў прыйшлося памяняць дом на Рыбацкай на кватэру на Базыліянскай. Немцы высялялі ўсіх людзей, якія жылі паблізу берагоў Нёмана.

«Вайна ў чэрвені 1941 года пачалася вельмі рана. Мы пачулі гул самалётаў і першы снарад упаў у раёне Нёмана. Нашы войскі хутка адступілі. Ніхто не быў гатовы да вайны, нават страляць не было чым. Мірныя жыхары хаваліся ў падвалах. Ужо ў 1942 годзе нас выселілі з дому. Немцы выдалі ўказ, што над Нёманам нельга жыць людзям і пры гэтым знішчылі ўсе лодкі жыхароў. Баяліся, што людзі будуць перавозіць партызан».

Міхал Шымбарэвiч, бацька Раісы Міхайлаўны, на левым беразе Нёмана (1930-я гады). Па ўспамінах жанчыны, у міжваенны перыяд ля кожнага дома на Рыбацкай былі свае лодкі.
На другі год нямецкай акупацыі сям’я Шымбарэвічаў адправілася на вуліцы горада ў пошуку новага жылля. У той час, па ўспамінах Раісы Міхайлаўны, у горадзе было шмат пустых яўрэйскіх пабудоў.

«Дзе хочаш, там і засяляйся. Мы пайшлі на Базыліянскую і жылі ў адным яўрэйскім доме да 1944 года. Мама прапаноўвала бацьку заставацца там і далей, але тата баяўся, што вернуцца жыхары. Ніхто тады ў Гродне не ведаў, што яўрэяў спаляць».

Хадзіла ў гета пагуляць

Сталая жанчына да сёння добра памятае гета на Замкавай і як там утрымлівалі мясцовых яўрэяў.

«У яўрэяў збіралі золата і іншыя каштоўныя металы, карціны. Спачатку паціхеньку… Я бачыла наша гета і была там дзіцём. Нічога страшнага там не было, памятаю, што яно было вялікае».

Раіса Міхайлаўна кажа, што ў гета ў цэнтры Гродна было шмат дамоў і ў кожным жыло па 5−10 яўрэйскіх сем’яў. Адной сям'і давалі адзін пакой. Мужчын з гета накіроўвалі на працу ў горад, а жанчыны і дзеці ўвесь час праводзілі на вуліцы або ў дамах. Немцы не дазвалялі яўрэям проста так выходзіць з гета.

[irp posts="48 960″ name="Больш чым успаміны: 92-гадовая гродзенка пра міжваенны Гродна, акупацыю і дэпартацыю ў Нямеччыну"]

«Я памятаю адзін выпадак з гета. У маці была карова і яна хадзіла туды за бульбянымі ачысткамі і я іншы раз з ёй. Немцы далі на гэта дазвол. Адзін раз у гета паехаў нейкі мужык і я села да яго ў фурманку. Немец прапусціў, бо думаў што мы ўдвох. Мужык у гета паехаў па сваіх справах, а я знайшла яўрэйскую сям’ю Бярковічаў - у іх мама працавала да вайны. Памятаю, хлопчыкаў клікалі Iчы і Лёфка, іх маму звалі Марыя, а бабулю Ханна. У той дзень з Лёфкам мы цэлы дзень гулялі ў гета.

Горад я ўжо тады ведала. Замест таго, каб выйсьці з гета праз Замкавую, пайшла на Віленскую. Іду ў беленькай сукенцы, як ні ў чым не бывала, падыходжу да прахадной. Паліцай да мяне: «Ты куды ідзеш?». Я ў адказ — дадому іду. Сказала, што жыву на Базыліянскай і прыйшла ў гета з мамай. Заблукала. Падышоў немец, яму пераклалі. Ён дастаў шакаладку, пляснуў па задніцы і адправіў за браму. Паліцай потым падышоў да мяне і сказаў, што калі яшчэ хоць раз пабачыць у гета, то не выпусціць — пайду разам з жыдамі".

Юная Раіса Міхайлаўна на сваёй лодцы з сяброўкамі ля берага Нёмана (1950-я гады)

Яўрэі прапаноўвалі рэчы — мама не брала

Вядома, што немцы ў гета забіралі ў яўрэяў іх дарагія рэчы. Але многае засталося ў кватэрах, дзе яны раней жылі. Раіса Міхайлаўна ўспамінае, што перад вайной сям’я Бярковічаў раздавала свае рэчы, ведаючы што ў іх могуць забраць усё.

«Бабуля Ханна, у якой мама працавала, хацела пакінуць нам многія рэчы, але гэта не адбылося — мама з’ехала і не жадала нічога чужога. І ўжо калі ў гета мама прыехала за ачысткамі і сустрэлася з Бярковічамі, яны яе лаялі і называлі дурной. Усе рэчы гэтай сям'і прапалі, калі яўрэяў дэпартавалі ў гета. А Бярковічы да вайны жылі паблізу піўзавода і былі багатыя. Што з імі стала пасля гета — ніхто не ведае. Шкада было яўрэяў. Яны складалі большую частку насельніцтва даваеннага Гродна, а пасля вайны, можа 10 чалавек, якім удалося схавацца, засталіся ў жывых у горадзе».

«Не так немцы бушавалі ў Гродне, як нашы мясцовыя перакруты»

Бацька Раісы Міхайлаўны пры немцах працягваў працаваць на параходзе. Па ўспамінах жанчыны, для яго работа падчас акупацыі была вельмі страшнай. Ён знаходзіўся паміж двух агнёў: немцы не дазвалялі партызан перавозіць, а яны ўвесь час прыходзілі з лясоў.

«Паціху бацька перавозіў. Ніхто не хацеў пад немцамі жыць, яны нас называлі „русіш швайн“. Былі ў нас і падсобнікі новай улады з бел-чырвона-белымі павязкамі. Я нават і не ведала, што гэта за павязкі ў іх на руках. Толькі нядаўна я зразумела, што гэта. Не так немцы бушавалі ў Гродне, як нашы мясцовыя пярэкруты».

Дакументы трох розных дзяржаў бацькі Раісы Міхайлаўнай. Сярод іх пуцяводныя лісты і розныя пасведчанні.
Гродзенка ўспамінае, што горад у час вайны моцна не пацярпеў, толькі цэнтр. Па яе ўспамінах, моцныя баі былі за вызваленне горада ў 1944 годзе.

«Было страшна, калі стралялі з двух берагоў Нёмана. У вайне наша сям’я страціла дзядзьку, якога забіў нямецкі снайпер з другога боку Нёмана. Ён пайшоў па ваду ў калодзеж. А так у час вайны ў нас у хляве збіраліся мясцовыя жыхары і быў у нас там прыёмнік невялікі. Дарослыя калі збіраліся, то дзяцей выганялі, бо баяліся што яны могуць нешта расказаць. А за шакалад дзеці тады маглі многае расказаць немцам».

[irp posts="47 989″ name="Школа, гандаль, рэпрэсіі, вайна. 93-гадовая гродзенка пра жыццё ў міжваенны і ваенны час"]

Прыезджыя займалі пустыя кватэры гродзенцаў

Пасля вайны ў Гродна сталі прыязджаць людзі з вёсак, суседніх гарадоў і Расіі. Па ўспамінах Раісы Міхайлаўны, карэнных гродзенцаў заставалася вельмі мала.

«Тата казаў маме, што калі Гродзенская вобласць адышла б у Польшчу, каб яна брала дзяцей і ехала ў Расію. Мы засталіся ў СССР. У палякаў мы былі хамамі і быдлам. Пасля вайны заўзятыя католікі з’ехалі хутка ў Польшчу, а на іх месцы людзі прыязджалі з розных куткоў і займалі пустыя кватэры. Першы перапіс жылога фонду быў у 1946 годзе. І калі людзі паспелі заняць кватэры, то за імі іх і запісвалі».

Пасля вайны Раіса Міхайлаўна пайшла ў школу, былую «усэмку» на вуліцы Базылiянской, там ёй выдалі першыя школьныя падручнікі на беларускай мове. Усё жыццё жанчына пражыла ў Гродне і працавала прадаўцом.


Для того, чтобы обеспечить бесперебойное энергообеспечение, вам понадобится купить генераторы. Только так вы защитите свое оборудование от перепадов напряжения и обеспечите непрерывное производство.


Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024