Праект «GOOD IMPACT» — Школа сацыяльнага прадпрымальніцтва запусціў набор у рэгіёнах Беларусі, у тым ліку ў Гродзенскай вобласці.
Школа сацыяльнага прадпрымальніцтва «Good Impact» — гэта праект па навучанні сацыяльных прадпрымальнікаў. Праграма курса пабудавана на міжнароднай методыцы, адаптаванай да беларускіх умоў. У якасці экспертаў выступаюць беларускія і міжнародныя спецыялісты.
«Курс навучання ўжо прайшоў у Гомелі і Брэсце, хутка мы пачнем і ў Гродне. Мы хочам прыцягнуць як мага больш удзельнікаў з нашага горада і вобласці. Навучанне бясплатнае. Для нас важна развіваць і падтрымліваць сацыяльныя праекты», — распавяла кіраўнік «Студыі карысных кампетэнцый», каардынатар праекта па Гродне Лана Руднік падчас медыя-сняданку для журналістаў 18 ліпеня.
Арганізатары ў якасці прыкладаў сацыяльных бізнес-ідэй прадставілі тры праекты, якія былі рэалізаваныя ў Гродне.
Рыма Ушкевіч — Дзіцячая экастудыя «ВЕТКА»
«Наша экастудыя працуе ўжо тры гады. Спачатку ў нас было фінансаванне па праекце ад «Зялёнай сеткі». Мы арандавалі памяшканне і запрашалі людзей, якія маглі б праводзіць заняткі для дзяцей пра самавыхаванне ў экасяброўскім ключы. Заняткі былі для дзяцей, але прыходзілі і бацькі. І мы са здзіўленнем назіралі, як ім было цікава.
Праз некаторы час праект скончыўся і мы засталіся без фінансавання. А ўмовы былі - стаць устойлівымі. Пачалі думаць, што рабіць. Важна было прыдумаць, каб праект самаакупаўся. У выніку, уклаўшы свае намаганні і сродкі, мы арандавалі памяшканне ў цэнтры горада і пачалі запрашаць знаёмых і сяброў у наш экасадок, які назвалі «ВЕТКА». Пачыналі з малой колькасці дзяцей, спачатку нічога не акуплялася. Але з часам у нас з’явіўся свой стыль і ідэя развіцця. Сёння ў нас два памяшканні і адданыя бацькі. Ёсць і іншыя праекты, а таксама планы на будучыню".
Галіна Алісава — прадпрыемства «Штучки в ваши ручки»
«Наша прадпрыемства маладое, усяго тры гады. Мы вырабляем падушкі з эфектам антыстрэса. На прадпрыемстве нас усяго 11 чалавек, з іх 70% людзей з інваліднасцю. Калі мы толькі адкрываліся ва Упраўленні па працы і занятасці прапанавалі нам запрасіць на працу людзей з інваліднасцю. Доўга думалі, але пагадзіліся. І не прагадалі, гэтыя людзі добра працуюць. Яны разумеюць усю адказнасць і шануюць рабочыя месцы. І я зрабіла выснову, што можна не баяцца і браць такіх людзей на працу».
Сняжана Кудрыцкая — кавярня «Кофе пауза»
«Яшчэ пры адкрыцці нашай установы мы вырашылі зрабіць акцыю: кожны аўторак 10% ад выручкі будзе адлічвацца на дабрачыннасць. Мне заўсёды хацелася дапамагаць людзям і было шмат розных спосабаў, але мы вырашылі рабіць гэта менавіта так. Магчыма, наша акцыя будзе прыкладам іншым кіраўнікам. З дапамогай такіх праектаў мы больш будзем думаць пра дабрачыннасць. Людзей, хто мае патрэбу ў дапамозе сёння шмат. Акрамя дабрачыннасці, мы ў кавярні ствараем умовы не толькі для моладзі і людзей старэйшага ўзросту, але і для дзяцей. Для мяне, як мамы, важна, каб бацькі больш часу надавалі сваім дзецям».
Набор на курс працягнецца да 12 жніўня
Дваццаць удзельнікаў Школы пройдуць курс навучання асноў сацыяльнага прадпрымальніцтва (распрацоўка канцэпцыі стварэння сацыяльнага прадпрыемства, стварэнне бізнес-плана, планаванне маркетынгавай стратэгіі і г. д.), пазнаёмяцца з вопытам работы паспяховых сацыяльных прадпрымальнікаў, атрымаюць ментарскую падтрымку. Удзельнікі, якія паспяхова прайшлі навучанне,
бізнес-ідэі якіх будуць планаваць найбольшы сацыяльны эфект, атрымаюць фінансавую падтрымку для старту свайго бізнесу. Курс пачнецца ў верасні і завяршыцца ў чэрвені наступнага года.
Запоўніць заяўку на ўдзел можна тут.
Проект реализуется в рамках программы Федерального министерства иностранных дел Германии «Развитие сотрудничества с гражданским обществом стран Восточного партнерства и России»