Люди и дела

Як у Гродне затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Успамінаем дзень у 10 фотаздымках

29 траўня 2020 года блогера і заснавальніка «Страны для жизни» Сяргея Ціханоўскага затрымалі на перадвыбарчым пікеце ў Гродне. З таго часу прайшоў год. Падзеі таго дня паўплывалі на жыцці многіх беларусаў. Са слоў некаторых, менавіта ў той дзень для іх пачаліся прэзідэнцкія выбары-2020, якія ў выніку прывялі да пратэстаў, крымінальных спраў, пазбаўлення волі і (або) эміграцыі.

Сотні гродзенцаў 29 траўня 2020 года прыйшлі на Савецкую плошчу, каб сустрэцца з блогерам Сяргеем Ціханоўскім і падтрымаць вылучэнне ягонай жонкі ў прэзідэнты Беларусі. У рэгіёне зарэгістравалі самую маленькую ініцыятыўную групу Ціханоўскіх — 5 чалавек. Блогер разлічваў сабраць не менш 1000 подпісаў у Гродне.
Гродна стаў першым горадам, куды прывезлі «Святлану Ціханоўскую». У той дзень да гродзенцаў прыехала яе кардонная копія. За тры месяцы Ціханаўскай давялося вырасці як палітыку, і як асобе. І вось 1 жніўня яна ў Гродне сабрала не менш за 10 000 чалавек — ужо не як жонка блогера, а самастойная адзінка.
Сяргей Ціханоўскі прыехаў у Гродна са сваёй камандай. Падчас збору подпісаў ён ахвотна рабіў сэлфі з падпісчыкамі па іх просьбе, пытаўся аб праблемах людзей, гутарыў з імі.
На фота — 81-гадовая Галіна Філіпаўна Андрэйчык. Падчас пікету яна падтрымала Ціханоўскага і назвала яго «сыночкам». Пасля гэтага ў дзяржаўных СМІ пачалося цкаванне пенсіянеркі. У выніку затрымання Ціханоўскага пацярпелі і іншыя выпадковыя людзі. Увечары 29 траўня ў сацсетках пагражалі чалавеку, якога памылкова прынялі за супрацоўніка органаў у цывільным, які ўдзельнічаў у затрыманнях. Зусім выпадковыя людзі былі і сярод затрыманых на плошчы: пазней Сяргея Калмыкова, Уладзіміра Навуміка і Васіля Баброўскага адпусцілі з ізалятара ў Мінску. Праз год яны адмаўляюцца размаўляць з прэсай.
Каля 20.00 сустрэча завяршылася. Журналісты ўжо пакінулі плошчу. Таму тое, што адбылося, зафіксавалі відэааператар Ціханоўскага Вяргілій Ушак (потым правёў два месяцы ў зняволенні) і гарадскія камеры відэаназірання. Па словах відавочцаў, дзве жанчыны пачалі пераследваць Ціханоўскага, задаваць яму пытанні і хапаць за вопратку. Ён спрабаваў ад іх сысці. Пазней адну з іх апазналі - гэта Алена Кузьміна. Менавіта яна на скрыншоце відэа. У крымінальнай справе яна не фігуруе.
Тут жа з’явіліся міліцыянты. Натоўп рухаўся, і супрацоўнік РАУС Уладзімір Казлоўскі ўпаў. Сітуацыю назвалі правакацыяй абодва бакі. Былы амапавец Уладзімір Кніга, якога затрымалі разам з Ціханоўскім, у судзе распавёў: была правакацыя, на плошчы было шмат сілавікоў у цывільным. У сваю чаргу пракурор заявіў аб правакацыі з боку Ціханоўскага.
Пасля падзення міліцыянта Сяргея Ціханоўскага пасадзілі ў таніраваны мікрааўтобус. Людзі сабраліся ля яго. Пазней амапаўцы (сярод якіх сілавікі не па форме) ўцяклі ад гродзенцаў і схаваліся ў сваім аўтобусе — складана такое ўявіць праз год.
Пасярэдзіне — чалавек, падобны на Уладзіміра Кнігу, які праходзіць абвінавачаным па «справе Ціханоўскага». Яго абвінавацілі ў тым, што ён нібыта рэзка зачыніў бакавыя дзверы аўтамабіля, у які хацелі змясціць затрыманага Ціханоўскага, пашкодзіўшы механізм. Гэтым ён нібыта нанёс аўтагаспадарцы УУС шкоду ў 229 рублёў. Пасля гэтага, па версіі абвінавачвання, Кніга ўдарыў камандзіра роты АМАП Рахунка, утрымліваў яго за форму і розныя часткі цела, у тым ліку шыю, адцягваючы ад Ціханоўскага. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 і арт.364 КК. З ім судзяць таксама Дзмітрыя Фурманава і Яўгенія Разнічэнка. Ім пагражае ад двух да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
Пасля затрымання Ціханоўскага каля 100 чалавек прыйшлі да будынка УУС Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, каб даведацца лёс блогера і іншых 10 затрыманых.
У сакавіку 2021 года Сяргею Ціханоўскаму прад’явілі канчатковае абвінавачванне па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса:
293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
130 (распальванне сацыяльнай варожасці);
191 (перашкода працы ЦВК);
342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Пацярпелымі па справе прызнаныя чатыры супрацоўнікі міліцыі: Казлоўскі, Рахунок, Хваленя і Буднік. Уладзімір Казлоўскі прад’явіў Разнічэнку іск на суму 8000 рублёў. Пацярпелы амапавец Дзмітрый Рахунок заявіў іск да Уладзіміра Кнігі (яны раней разам служылі ў АМАПе) на суму 2000 рублёў. Ён збіраецца пералічыць іх у дзіцячы дом. На 31 траўня запланавана апошняе слова абвінавачаных па справе — гісторыя для многіх фігурантаў працягваецца праз год.

Чытайце таксама:

Апошнія запісы

Навучыцца экалагічна выказваць эмоцыі, прыгатаваць моці і станцаваць K-pop: якія гурткі для дарослых ёсць у Гродне

Калі звыклыя хобі ўжо надакучылі і больш не прыносяць задавальнення, самы час выйсці за межы…

19 верасня 2024

«Раней было развіццё, сёння — захаванне таго, што існуе». Як мiжнародны фестываль тэатра лялек у Гродне стаў «зборам» сяброўскіх краін (і чаму на яго ўсё ж варта ісці)

Мастацтва тэатраў лялек у Беларусі ўзнялося надзвычай высока і 30 гадоў трымала планку якасці. Беларускіх…

18 верасня 2024

«Гродзенскія анёлы» спусціліся з нябёсаў на могілкі. Там прайшла прэзентацыя кнігі Святланы Несцярэнкі

«На могілках! А дзе ж яшчэ праводзіць прэзентацыю? Аўтарка кнігі пра гродзенскі праваслаўны некропаль Святлана…

18 верасня 2024

Прыгожая хімія і лагічны падыход. Як беларуска ў Беластоку занялася рэпетытарствам

У Беларусі Света выкладала хімію ў каледжы і працавала ў антыдопінгавай лабараторыі. Зараз яна жыве ў…

17 верасня 2024

52 ахвяры: гісторыя Станіслава і Яніны Збоньскіх — серыйных забойцаў, якія любілі Гродна

Гродна 100 гадоў таму праславілася як “база” серыйных забойцаў Збоньскіх. Адсюль з вуліцы Фабрычнай, 9 цягам…

15 верасня 2024

«Трэба дзесьці быць дзіваком, вар’ятам». Руслан Кулевіч — пра 4 гады эміграцыі, прабачэнні Бондаравай і як улады шукалі яго мёртвага бацьку

Журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч летам 2020-га збіраўся згуляць вяселле, а да канца года - выпусціць…

12 верасня 2024