Юрый Яраш з Гродна атрымаў позву ў суд з-за гнома на падваконніку. У руцэ ў гнома быў сцяжок з «Пагоняй». Цацку ў акне расцанілі як адзіночны пікет, праведзены без дазволу гарвыканкама. Сведкай па справе была былая аднакласніца жонкі гродзенца.
Выклік прыйшоў Юрыю Ярашу 3 лютага па СМС:
«Суд Октябрьского района г. Гродно вызывает Вас в качестве лица, в отношении которого ведется административный процесс, к 10.00
08.02.2021 по делу об административном правонарушении в отношении Вас по ч.1 ст. 23.34 КоАП РБ по адресу ул. Дубко, 9 зал. 105. Судья Шпак В.И. При себе иметь паспорт. Стороны вправе обратиться с заявлением о рассмотрении дела в ваше отсутствие», — прачытаў Юрый.
Пра тое, як навагодні гном на доўгіх ножках давёў сям’ю да суду, гродзенцы распавялі карэспандэнтцы Hrodna.life.
«Мінакі з дзецьмі часта спыняліся, любаваліся вокнамі і ўсміхаліся»
Юрыю Ярашу 44 гады. Ён — выкладчык фізікі і матэматыкі. Цяпер ён займаецца рэпетытарствам — дапамагае школьнікам падцягнуць вучобу і падрыхтавацца да цэнтралiзаванага тэсцiравання. Жонка Юрыя, Таццяна — хатняя гаспадыня. У іх двое дзяцей. Дачка ўжо студэнтка, а сын вучыцца ў гімназіі. Сям’я Яраш жыве на Вішняўцы,
на першым паверсе аднаго са шматпавярховікаў па вуліцы Пестрака. Вокны іх кватэры выходзяць у двор.
«У нас прынята ўпрыгожваць вокны кватэры, — распавёў Юры карэспандэнтцы Hrodna.life. — Улетку жонка высаджвае ў навясныя гаршкі кветкі, зімой лепіць сняжынкі на шыбу».
У гэтым годзе Таццяна ўпрыгожыла кветачніцы яловымі галінкамі, на вокны наклеіла сняжынкі і лядзяшы з паперы, зрабіла казачныя кампазіцыі. У акне спальні быў Санта Клаўс і гірлянда.
«Мінакі з дзецьмі часта спыняліся, любаваліся вокнамі і ўсміхаліся».
У сям'і Яраш ва ўсіх ёсць творчыя захапленні. Дачка добра малюе. У мінулым годзе яна паступіла на дызайнерскі факультэт універсітэта імя Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне. Сын вучыцца ў гімназіі, грае на фартэпіяна. Нядаўна на конкурсе маладых выканаўцаў у Маладзечне атрымаў дыплом першай ступені. Юрый грае на гітары.
Таццяна вышывае бісерам іконы, шые, распрацоўвае дызайн сваёй кватэры і мэблі. Нядаўна рабілі рамонт у кватэры — усё змены прыдумала яна сама.
Гнома купілі перад Калядамі ў звычайнай краме
Гнома на доўгіх ножках Юры і Таццяна купілі ў адной з крам Гродна перад Калядамі. У Новы год гном стаяў пад елкай. У руку яму далі папяровы сцяжок з «Пагоняй».
На падаконніку гном апынуўся 12 студзеня. У гэты дзень сям’я рабіла паслянавагоднюю прыборку — збіраліся прапыласосіць падлогу ад іголак, якія абсыпаліся з жывой елкі. Падчас уборкі Таццяна ўбачыла праз акно дзвюх жанчын з роварамі. Яны фатаграфавалі вокны кватэры. У адной з іх яна пазнала былую аднакласніцу, Вольгу Бондараву. Яны вучыліся разам з восьмага па адзінаццаты клас у школе № 30 (цяпер гімназія № 1 імя Карскага), у хіміка-біялагічным класе.
«Я выйшла на вуліцу і павіталася з Вольгай. Яна ў гэты час тэлефанавала і шукала нумар нашага дома. Я сказала, што гэта мае вокны. Вольга села на ровар і адразу з’ехала».
«Мы з нагоды гноміка»
Увечары 12 студзеня да сям'і Яраш прыйшла міліцыя. Юрый успамінаў у размове з Hrodna.life, што малады лейтэнант сказаў: «На тэлефон 102 паступіў ананімны званок з нагоды гноміка са сцягам на вашым падваконніку. Трэба адрэагаваць».
Юрый патлумачыў міліцыянту, што звычайна гном стаяў ля елкі, а на падваконнік трапіў падчас уборкі. Міліцыянт выслухаў і прама ў пярэднім пакоі склаў пратакол. Потым зазірнуў у пакой сфатаграфаваць гноміка. Сказаў, што перадасць пратакол участковаму інспектару і прапанаваў прыбраць цацку з акна.
«Мы вярнулі гнома пад ёлку. Я падпісаў пратакол. Копію дакумента мне не пакінулі».
Праз тыдзень, вечарам 19 студзеня, да Ярашаў прыйшоў участковы. Юрый з Таццянай якраз збіраліся ў госці да суседзяў.
Міліцыянт сказаў: «Гэта з нагоды гноміка». Ён патлумачыў Юрыю і Таццяне, што гном са сцяжком на падаконніку расцэньваецца як адзіночны пікет і склаў новы пратакол:
Адміністрацыйны працэс у дачыненні да Юрыя вядзецца па «народным» артыкуле 23.34, ч.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў). Пакараннем па ёй можа быць папярэджанне, або накладанне штрафу ў памеры да 30 базавых велічынь (870 рублёў), або адміністрацыйны арышт.