Сёння ў Гродне ўжо не знайсці яўрэяў, якія б памяталі міжваенны Гродна, амаль усе яны загінулі падчас Другой сусветнай. Але ёсць тыя, хто нарадзіўся перад самай вайной і ўратаваўся, дзякуючы адступленню савецкай арміі. Чарговая наша гісторыя з цыклу ўспамінаў - пра 79-гадовую карэнную гродзенскую яўрэйку Алу Куксенка.
Куксенка Ала Мікалаеўна (дзявочае Карпусенка) нарадзілася ў 1940-м годзе ў Гродне на вуліцы Віленскай. Іўдзейка.
«Мая мама Мэра Бярковіч — карэнная гродзенская яўрэйка, а тата — беларус з Віцебшчыны, які прыехаў служыць у Гродна ў 1939 годзе, пасля прыхода савецкай арміі. У нашым горадзе яны пазнаёміліся, ажаніліся і ў 1940-м годзе нарадзілася я. Вядома, з жыцця старога горада я нічога не памятаю, толькі ўжо са слоў мамы».
Сям’я Бярковічаў некалькі пакаленняў жыла ў Гродне на вуліцы Віленскай, 9. Займалася гандлем, як і многія іншыя яўрэі ў горадзе.
«Да вайны Бярковічы ўвесь час жылі ў Гродне. Наша сям’я была рэлігійнай, асабліва дзядуля Абрам. Ён насіў вялікую бараду і часта яго можна было ўбачыць ў сінагозе. Ён быў два разы жанаты. Ад першага шлюбу ў яго было пяцёра дзяцей і ад другога два дзіцяці. Ці жылі яны ўсе разам, я не ведаю. Мая мама вучылася з палякамі ў школе, добра спявала і нідзе не працавала. Дапамагала дома па гаспадарцы. У сям'і была крамка. Гандлявалі гарэлкай і прадуктамі. Мама іншы раз разносіла па горадзе тавар, калі былі заказы. Жылося Бярковічам да 1939, напэўна, добра, нягледзячы на тое, што былі пагромы, якія чынілі мясцовыя палякі».
Калі ў 1939 годзе ў Гродна ўвайшлі часткі Чырвонай Арміі, сям’я Бярковічаў нейтральна да гэтага паставілася. А калі савецкі афіцэраў прыйшоў да кіраўніка сямейства прасіць руку адной з дачок, той быў катэгарычна супраць.
«Мама казала, што яе бацька не хацеў, каб яна выходзіла замуж за беларуса. Ён быў рэлігійным чалавекам і хацеў прытрымлівацца традыцый — аддаць дачку толькі за яўрэя. Але, нягледзячы на забарону, мама ўсё ж выйшла за Мікалая. Тады ў горадзе было шмат падобных выпадкаў, асабліва калі прыгожыя яўрэйкі выходзілі за савецкіх афіцэраў. Бацька быў малодшым лейтэнантам. Праз нейкі час ён і дзядуля неяк пасябравалі, але, як аказалася пазней, і татавы бацькі былі супраць шлюбу. Пасля майго нараджэння мы паехалі знаёміцца да іх, але яны не хацелі нас прымаць».
Ала распавядае, што ў 1941 годзе яна з маці жыла ў дзядулі на Віленскай, 9, а бацька ў вайсковых лагерах вакол Гродна. Ён быў увесь час на вучэннях.
«Мы з мамай да яго часта прыходзілі, нам выпісалі спецыяльны пропуск. 21 чэрвеня мы засталіся з начлегам у яго казарме. Там вечарына ці свята было. А ноччу пачалася вайна. Бацьку ў 4 раніцы забралі, ён развітаўся з намі і з тых часоў мы яго не бачылі. Нас з мамай адразу пагрузілі ў машыну і павезлі. Так нас імгненна эвакуіравалі з Гродна. Ніякіх дакументаў, акрамя пропуску да бацькі, ні адзення, у нас не было. Усё засталося дома. У дарозе я захварэла на запаленне лёгкіх. Мама абмяняла залаты пярсцёнак на коўдру, толькі каб мяне ўхутаць. І ў выніку мы апынуліся ў Малдове. Там маці прапанавалі мяне аддаць на выхаванне іншым людзям, яна не пагадзілася. Сказала, дзе буду я, там будзе і мое дзіця. Пасля маме далі дазвол на выезд у Казахстан. Недалёка ад горада Алматы мама ўладкавалася на працу, а мяне аддала ў дзіцячы сад. З 1942 па 1945 гг. мама актыўна шукала тату. Пісала ва ўсе інстанцыі, але нідзе ніякіх дадзеных не было. Толькі ў 1945 годзе прыйшло паведамленне, што яе муж лічыцца прапаўшым без вестак.
У Казахстане мама пазнаёмілася з яўрэем, які таксама быў у эвакуацыі. Мы жылі разам, і мама зацяжарыла ад яго. У Казахстане яна не хацела заставацца і вырашыла вярнуцца ў родны Гродна. Але каб вярнуцца дадому, нам трэба было атрымаць спецыяльны дазвол. Вярнуліся мы дадому толькі ў канцы 1945 года".
Пасля вайны ў родным горадзе з вялікай сям'і Бярковічаў нікога не засталося — усе загінулі. Маладой цяжарнай жанчыне з дзіцём на руках давялося шукаць сабе часовае жыллё і працу.
«Бацька загінуў, хутчэй за ўсё, у першыя дні вайны, ніякай інфармацыі ў нас не было. Бацькі мамы і ўсе астатнія сваякі таксама загінулі. Адну з мамчыных сясцёр да вайны называлі самай прыгожай яўрэйскай дзяўчынай Гродна, магчыма гэта яе павесілі на балконе ў цэнтры горада. Паводле ўспамінаў тых, хто выжыў, перад пакараннем смерцю яна плюнула ў твар начальніку гета. Я не ведаю, як яе звалі, але хочацца верыць, што гэтая ганарлівая дзяўчына была мая цётка.
Дакументаў на дом не засталося, пасля вайны там ужо жылі іншыя людзі. Калі б нас з мамай не вывезлі ў час вайны, мы б загінулі, як і іншыя мясцовыя яўрэі. Тым больш мы былі сям’ёй савецкага афіцэра. А такіх у першую чаргу расстрэльвалі. Гэта лёс, што нас вывезлі. У Гродне ў жывых засталася толькі сястра бацькі Галя, яна таксама жыла ў нашым доме на Віленскай, але калі пачалася вайна ёй удалося збегчы і схавацца ў Грандзічах. Дапамаглі ёй палякі Азёрскія. Там яна была ўсю вайну і ў яе захаваўся фотаздымак мамы і бацькі. Гэта адзіны здымак бацькоў, які цудам захаваўся".
Ала ганарыцца, што ёй з мамай наканавана было выжыць у першыя дні вайны, а пасля эвакуацыі вярнуцца ў родны Гродна. Сёння жанчына з’яўляецца чальцом іўдзейскай абшчыны горада і з вялікай радасцю адраджае забытыя яўрэйскія традыцыі.
«На вялікі жаль, у Гродне ўжо няма тых людзей з яўрэйскімі каранямі, якія нарадзіліся да вайны. З вялікай абшчыны нікога не засталося. Сёння я смела кажу, што ганаруся тым, што з’яўляюся нашчадкам гродзенкіх яўрэяў і сваёй нацыі ніколі не хавала, і ніколі ад яе не адракуся».
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…