Паміж выхадам першага і другога паэтычнага зборніка Святланай Куль прайшло пяць гадоў. Пра новую кнігу паэткі «Вершы. Байкі. Паэмы. Кніга 2» піша Ірына Шатыронак.
У каляровым афармленні новай кнігі выкарыстаны ілюстрацыі-выцінанкі мастачкі Вольгі Бабурынай. Прыгожая ідэя з сімвалам матылька мае некалькі сэнсаў, гэта сімвал жыцця, любові, душы, а расчыняеш кнігу і ўражанне, што матылёк ляціць.
Змест кнігі падзелены на глаўкі: «Яна ў сваім жыве календары», «Асабістае», «Балады і песні», «Настальгія», «Памяць», «Вайна», «Вянкі, вясёлкі, нізкі», «Паэмы», «Байкі».
У паэзіі Святланы Куль ўдала спалучаюцца яе гістарычныя веды — летазлічэнне, даты, таямніцы часу і каляндар.
Гарадзенская паэтка таленавіта шматгранна, ёй падуладныя розныя формы: санет, паэма, балада, песня, лірыка, байка. Перад намі - спелы творца, які ў пастаянным пошуку, у развіцці, гэта толькі пацвярджае маладосць яе духу і памкненняў.
Думаю, выхад новай кнігі вершаў Святланы Куль — не толькі падзея ў творчым і культурным жыцці Гродна, але і ў сучаснай беларускай паэзіі ў цэлым. Гарадзенскія чытачы могуць толькі ганарыцца, што з намі побач жыве, працуе, удасканальваецца і творыць паэт вялікага майстэрства і незвычайнага індывідуальнага почырку. Прыйшоў час паэта Святланы Куль, ёй ёсць, што сказаць свету, і яна шчодра з намі дзеліцца сваёй лірай.
Паэтычны дар немагчыма абмежаваць нейкімі рамкамі, талент вольны, ён падпарадкоўвае ўсе, і прафесію таксама. Хоць Святлана Куль пераконвала нас, што можа перамыкацца, трымаць унутраную дысцыпліну, запрагацца ў работу гісторыка-навукоўца.
Ужо верасень, хутка пачнуцца лекцыі, навуковыя канферэнцыі, выступы, чацвёрты год Святлана Куль працуе ў Польшчы. Энергія паэзіі застаецца з ёй, гэта цалкам самастойная і незалежная субстанцыя, час ад часу яна назапашваецца ўнутры і потым вырываецца бурным патокам, цешачы і мучая Святлану нечакана новымі тэмамі, мастацкімі вобразамі.
Звярнула ўвагу на адну дэталь. Усе вершы ў зборніку маюць назвы і даты напісання. Апошні не пазначаны, хутчэй за ўсё, гэта аўтарскі прыём. Аўтар не развітваецца з намі, адкрыты канец, мяркую, абяцае ў будучыні новыя сустрэчы.
Аднойчы мне не хопіць словаў,
Дыханее спыніцца на ўздыху,
Я замаўчу,
Хай ціха-ціха
Для вас гаворыць сад вішнёвы.
З маёй тугой, з маёй усмешкай
Хай шэпчуць, што сказаць павінна,
Мае лілеі і шыпшына,
Мае півоні каля сцежкі.
І мой арэх, магутны, пышны,
Што памятаў маё дыханне…
Калі для вершаў слоў не стане,
Яны замест мяне напішуць.
У афішы прэзентацыі, што прайшла ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы, было напісана «Гісторык і паэт». Напэўна так правільна. Але мне больш падабаецца «Паэт» — асобна, самастойна. Святлана Куль — сама стаіць і вылучаецца ад іншых у сучаснай беларускай паэзіі сваёй адметнасцю стылю, самадастатковым поглядам і глыбінёй светаразумення.
Пажадаем паэту радасных творчых пакут і новых кніг.
У добры шлях!
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…