Сыходзяць відавочцы Другой сусветнай, але знакі тых часоў, часам загадкавыя, застаюцца. На старых гродзенскіх будынках дагэтуль можна знайсці нумарацыю і назвы вуліц на нямецкай мове. Некаторыя з іх расшыфраваць цалкам сёння не могуць ні мясцовыя старажылы, ні нават карэнныя немцы.
Засталося няшмат надпісаў на нямецкай мове, да якіх пакуль не дабраліся рукі камунальнікаў. Найбольшую цікавасць у краязнаўцаў выклікае дом на вуліцы Студэнцкай №3, дзе захаваўся надпіс «GEORE 1348». Некалькі гадоў таму значэнне надпіса спрабавала разгадаць краязнаўца Наталля Канюк.

Наталлі Рыгораўне не толькі ўдалося сабраць інфармацыю аб акупацыйных надпісах у Гродне, але і даведацца пра людзей, якія іх наносілі з дапамогай трафарэтаў. Сярод работнікаў мясцовай арганізацыі, якая гэтым займалася, быў і чалавек з сям’і Левандовiчаў, пра якую Hrodna.life ужо пісаў. Зыгмунт Левандовiч перыяд акупацыі ў Гродне памятае, але больш пра працу свайго дзеда і надпіс «GEORE» сказаць не можа.
У доме жылі “Праведнікі свету”
Наталля Канюк меркавала, што ў дамах з такімі знакамі жылі служачыя мясцовых арганізацый. Таксама яна даведалася, што ў доме з надпісам «GEORE 1348» жыла сям’я Наўмюк, адзін з членаў якой працаваў разам з Левандовiчам. Сям’я ў доме на Студэнцкай некалькi месяцаў хавала яўрэйскага хлопца: пазней Наўмюкоў пасмяротна прызналі «Праведнікамі свету».

Немцы так не пішуць
Падобную версію як Наталля Канюк выказаў і краязнаўца Аляксандр Семянчук.
«Хутчэй за ўсё, надпіс азначае, што будынак давялі да ладу для пражывання немцаў. GE- GEbaude – будынак, OR-ORdnung – парадак. Я нават перапісваўся з калекцыянерам Феліксам Варашыльскiм з Гамбургу па гэтай тэме. З яго слоў, ніхто з сучасных немцаў o «GEORE» не чуў”.
Паводле Варашыльскага, сёння немцы так на дамах не пішуць. Магчыма, гэта скарачэнне гродзенскіх немцаў і што яно значыць – ведалі толькі яны. Аляксандр Семянчук мяркуе, што адказ ёсць у гродзенскім архіве, дзе ёсць шмат дакументаў ваеннага часу на нямецкай мове. “Іх яшчэ ніхто не вывучаў, бо трэба добра валодаць нямецкай мовай”, – кажа Аляксандр.
Дарэчы, за домам №3 па вулiцы Студэнцкай знаходзіцца дом №3а, на якім таксама ёсць надпіс «GEORE».
Працяг будзе.




