Спадчына

«Друзья, купите папиросы». Як песня яўрэя з Гродна стала вядомая ва ўсім свеце

Цяжка адшукаць аркестр клезмераў [выканаўцы народных яўрэйскіх песень], у рэпертуары якога не было б песні «Папяросы». У савецкія часы яе перапявалі выканаўцы рускага шансону Алік Бэрісан і Аркадзь Северны. Пазней песня з’явілася ў рэпертуары расійскага гурта «Чиж и Ко». Аўтара мелодыі адшукаць немагчыма, а аўтар словаў - Герман Яблакаў - нарадзіўся ў Гродне. Гісторыю жыцця Яблакава і яго галоўнага хіта ўзгадаў Telegram-канал Радыё «Harodnia».

Герман Яблакаў

З 10 гадоў спяваў у хоры, з 12 — граў у тэатры

Герман Яблакаў, у дзяцінстве Хаім Яблонік, нарадзіўся 11 жніўня 1903 года ў беднай яўрэйскай сям'і брукара (спецыяліста па брукаванні дарог) Абрама Яблоніка і яго жонкі Рівы-Леі Шілінгоф. У 10 гадоў Хаім ужо спяваў у сінагагальным хоры кантара [кіраўнік хора ў храме — Радыё «Harodnia»] Сланімера, а праз два гады ён пачаў граць дзіцячыя ролі ў мясцовым яўрэйскім тэатры, а таксама ўдзельнічаць у моладзевай сіянісцкай арганізацыі.

У 1920 годзе Хаім пакінуў дом і далучыўся да суполкі актораў Аб’яднанай Ковенскай группы, якая давала прадстаўленні на ідыш у гарадах і мястэчках Літвы, Польшчы і Заходняй Беларусі.

Даў імправізаваны канцэрт чыноўнікам, бо не паверылі, што ён артыст

У 1924 годзе праз Германію і Галандыю Яблакаў эміграваў у Амерыку. Там ён граў у правінцыйных тэатрах Манрэаля, Тарона і Лос Анджэлеса, якія давалі прадстаўленні на ідыш. Пазней ён пераехаў у Нью-Ёрк. Там, на Эліс-Айлэндзе ён даў імправізаваны канцэрт для іміграцыйных чыноўнікаў, бо тыя не паверылі, што ён прафесійны артыст.

Хутка Яблакаў стаў адной з самых пазнавальных асоб раёна Другой Авеню [раён Манхэтана — Радыё «Harodnia»], бо там размяшчаліся памяшканні тэатраў, дзе адбываліся спектаклі яўрэйскіх тэатральных труп.

Рэклама тэатра Яблакава на Другой авеню

У Амерыцы змяніў імя

Калі Яблонік пераехаў у Амерыку, ён змяніў сваё імя. Спачатку ён стаў Хайманам, а пазней Германам. Таксама ён змяніў прозвішча на Яблакаў.

Гродзенец спалучаў талант актора, рэжысёра, драматурга, паэта, кампазітара і прадзюсара. Але асноўнай дзейнасцю Яблакава былі музычныя спектаклі і п’есы. Самы паспяховы быў «Дер Паец» [Клоўн — Радыё «Harodnia»]. Дзякуючы папулярнасці спектакля «Клоўн», Яблакаў пачаў весці перадачу на ідыш на радыё. А маску клоўна з гэтага спектакля Яблакаў будзе выкарыстоўваць у сваёй далейшай творчасці.

Напісаў песню «Папяросы» пад уражаннем ад пакутаў дзяцей

У адной з радыёпраграм Яблакава ў 1932 годзе ўпершыню прагучала песня «Папяросы». Яна адразу стала папулярнай. Яе Яблакаў напісаў яшчэ ў 1922 годзе ў Коўне [Літва — Радыё «Harodnia»], пад уражаннем ад пакутаў дзяцей, якія асірацелі пасля Першай сусветнай вайны. Яны спрабавалі зарабляць на жыццё, прадаючы папяросы на вуліцах. Выгляд дзяцей нагадаў Яблакаву пра яго дзяцінства ў Гродне, дзе ён спрабаваў прадаваць папяросы мінакам.

У 1933 годзе песня патрапіла ў музычнае выдавецтва братоў Каммен «J and J Kammen Co.», якое яе апублікавала. У 1935 годзе Яблакаў выкарыстаў песню ў аднайменным спектаклі, у аснову якога патрапіў сюжэт песні. А кінарэжысёр Генры Лінн стварыў 15-хвілінны кароткаметражны фільм, у якім ролю 11-гадовага прадаўца папярос сыграў будучы галівудскі рэжысёр Сідні Люмет.

Афішы спектакляў «Папяросы»

Хто напісаў музыку для песні - высвятліць немагчыма

Пасля Другой сусветнай вайны Яблакаў выдаў кнігу «Клоўн: Вакол свету з тэатрам на ідышы». У ёй Яблакаў распавёў гісторыю напісання песні і пацвердзіў, што музыка не яго аўтарства. Хто аўтар мелодыі - высвятліць немагчыма, бо падобная кампазіцыя сустракаецца ў народных песнях балгар, румын і грэкаў.

Тады ж адбыўся сапраўдны выбух папулярнасці песні. Яго выклікала выкананне твора дуэтам сясцёр Бэры (Багельман). Яблакаў добра ведаў сясцёр і прымаў удзел у пастаноўцы песні. Вынікам стаў маленькі шэдэўр, які хацелі слухаць усе — нават тыя, хто не ведаў мовы ідыш.

Песня «Папяросы» у выкананні сясцёр Бэры

Адшукаў сваю пляменніцу, якая адзіная ацалела з гродзенскай сям'і

Яблакаў шмат гастраляваў са сваёй трупай па Паўднёвай Амерыцы, Ізраілі, Скандынавіі і іншых еўрапейскіх краінах. Ён часта граў са сваёй жонкай, акторкай і спявачкай, Бэлай Майсел. У 1947 годзе падчас сямімесячнага тура па лагерах перемешчаных асобаў з Германіі, Аўстрыі і Італіі, Яблакаў даў больш за 100 спектакляў для 180 тыс яўрэяў, якія перажылі халакост. У адным з такіх лагераў ён адшукаў сваю пляменніцу Дору. Яна была адзінай, хто ацалеў з яго гродзенскай сям'і.

Сам Яблакаў пражыў да красавіка 1981 года. Ён пахаваны ў Нью-Ёрку, разам са сваёй жонкай Бэлай Майзель.

Могілка Германа Яблака і яго жонкі Бэлы Майзель у Нью-Ёрку. Крыніца: shanson.org
Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024