Людзі і справы

«Вучыце гісторыю, яна на нашым баку». Васіль Герасімчык пра «калектыўнага Каліноўскага» і небяспеку тушэння вогнішчаў бензінам

Ці ёсць нешта агульнае паміж падзеямі 1863 і 2020 гадоў? Што б рабіў Каліноўскі, калі б жыў у наш час? У чым каштоўнасць таго паўстання, калі праз 160 гадоў беларусы мусяць працягваць барацьбу? Канечне, гісторыя не мае ўмоўнага ладу, але шукаць гістарычныя паралелі вельмі цікава і пазнавальна. Асабліва, калі параўноўвае падзеі знаўца. Для Telegram-канала «Тётя Ира разрешила» пра месца Каліноўскага ў гісторыі і яго ўплыў на сучасную сітуацыю разважаў гродзенскі гісторык, даследчык дзейнасці Кастуся Каліноўскага, Васіль Герасімчык.

«Тушылі вогнішча бензінам» — пра агульныя рысы падзеяў 1863 і 2020 годоў

«Любая гістарычная падзея складаецца ў выніку пэўных умоваў у грамадстве, дзяржаве і часе, — кажа Васіль Герасімчык аб прычынах паўстання пад кіраўніцтвам Каліноўскага. — Да паўстання 1863 года прывялі, апроч іншага, памылкі з боку кіраўніцтва Расійскай імперыі:

не разлічылі, да чаго у выніку [ціск] можа прывесці. Яны спрабавалі тушыць вогнішча бензінам".

У гэтым, на думку Герасімчыка, ёсць падабенства падзеяў 160-гадовай даўніны з пратэстамі 2020 года ў Беларусі. У дадатак да падабенстваў - часткова тая самая мясцовасць, рэгіён, дзе адбываліся падзеі: «Прастора, якую сёння называюць міжмор'ем, прастора колішняй Рэчы Паспалітай, у межах якой знаходзяцца сучасныя Беларусь, Украіна, Польшча, краіны Балтыі. Гэта важны рэгіён на сутыкненні цывілізацый, дзе такія гістарычныя працэсы прыспешваюцца».

Фотакалаж з выявай даты пачатку паўстання на адным з будынкаў у Гродне

Ёсць падабенствы і паміж логікай развіцця падзеяў, мяркуе гісторык.

«Напярэдадні паўстання ўзнік мірны маніфестацыйны рух. Грамадства адгукнулася на разгон з прымяненнем зброі акцыі ў 1861 годзе ў Варшаве. Людзі пачалі выходзіць на вуліцы, спяваць песні, яны аб’ядналіся. То можна праводзіць нейкія аналогіі з тым, што ў нас адбылося пасля выбараў у 2020 годзе. Гвалт падліў бензіна ў вогнішча».

Чытайце таксама: Гродзенскі гісторык выдаў першую за 30 год кнігу пра Каліноўскага

Наш «1863» яшчэ не прыйшоў

Сітуацыя 2020 года, на думку Герасімчыка, больш падобная да часу перад паўстаннем — ваеннага становішча 1861 года. Калі вельмі ўмоўна параўноўваць з мінуўшчынай, спробы задушыць мірныя пратэсты ў 2020 годзе падобныя на немагчымасць справіцца з маніфестацыйным рухам іншым чынам, апроч увядзенне ваеннага становішча. Былі людзі, што лічылі існуючую ўладу чужой, імперскай, і былі гатовыя да барацьбы. «Яны бачылі сваім ідэалам колішнюю Рэч Паспалітую і хацелі яе адрадзіць, але ўжо на новай глебе».

Параўноўваючы падзеі, гісторык кажа: «Штосці агульнае ёсць. Але мы яшчэ не перажываем свой 1863 у дні сённяшнім. Гэта, умоўна, час вайсковага стану перад паўстаннем. Але ці адбудзецца нешта ў будучым, ці есць сілы, якія рыхтуюць умоўнае паўстанне?» Паводле назіранняў гісторыка, «адчуваецца, што быццам штосці ідзе, нейкія працэсы гартуюцца».

«Ацаніць гістарычную падзею можна толькі пасля таго, як яна адбудзецца, — кажа гісторык. — Адказ на падобныя пытанні дакладна будуць ведаць нашы нашчадкі».

Спадзяванняў і веры мала. Трэба рыхтавацца

«Гісторыя паказала — такога кшталту барацьба за ўладу мае быць падрыхтаванай. Адно спадзяванне і сляпая вера, што народ паўстане, што мужыкі падымуцца, што людзі пабачаць ганебнасць сістэмы і проста ў дзень ікс нешта зробяць… Як паказвае гісторыя, гэта сляпая вера прыводзіць да ахвяраў. Тая ж гісторыя паказвае, што падобнага кшталту падзеі патрабуюць падрыхтоўкі. І якраз непадрыхтаванасць да паўстання і згуляла сваю ролю ў дадатак да існуючай складанай геапалітычнай сітуацыі».

Фотакалаж з выявай Каліноўскага на адным з будынкаў у Гродне

Чытайце таксама: Гродзенец атрымаў прэмію Багушэвіча за кнігу пра Кастуся Каліноўскага

Калі б Каліноўскі быў сярод нас

«Кастусь быў чалавекам дзеяння, — разважае Герасімчык аб правадыры паўстання. — Калі б ён патрактаваў сучасныя падзеі як агрэсіўную захопніцкую вайну, то канечне, дзейнічаў бы супраць. Напэўна, ён бы ствараў нейкія структуры ці баявыя адзінкі».

Але тут праводзіць паралелі яшчэ больш складана: вялікая частка дзейнасці паўстанцаў і асабіста Каліноўскага дзеля бяспекі рабілася ў таямніцы. «На жаль для гісторыі, гэта не дазваляе цалкам ацаніць яго постаць». Але, на думку гісторыка, Кастусь быў чалавекам, што стараўся больш працаваць, чым рабіць гучныя заявы: «Магу сказаць адно: [калі б ён патрапіў у наш час, то, як і ў свой] змагаўся б з несправядлівасцю, умоўна кажучы, за „мужыцкую праўду“, за адраджэнне свайго роднага і тых народаў, якіх прыгнятала імперыя. Карацей — „За нашу і вашу свабоду“».

Фотакалаж з выявай Каліноўскага на адным з будынкаў у Гродне

Што не зрабіў Каліноўскі, дарабіў яго вобраз

Праект «Беларусь» без Каліноўскага, без яго дзеянняў, дакладна б выглядаў інакш — хутчэй за ўсё, гэта была б проста «Западная Россия» ці «Северо-Западный край», мяркуе гісторык.

Але яшчэ больш істотным ён лічыць уплыў гераічнага вобраза кіраўніка паўстанцаў:

«Ён натхняў змагароў за Беларусь, незалежна ад іх палітычных поглядаў - сацыялістаў, камуністаў, нацыяналістаў. Ён быў сваім для разнастайных палітычных супольнасцяў, што змагалася за Беларусь у адпаведнасці са сваімі разуменнямі».

Чытайце таксама: Памятны знак у гонар паўстанцаў Каліноўскага з’явіўся побач з лесам імя Быкава

Герасімчык узгадвае, што нават за савецкім часам Каліноўскі быў сярод шанаваных уладай герояў: «Яго паказвалі як змагара за правы сялян, а сяляне асацыяваліся [ў савецкай гісторыі] з Беларуссю. Сярод палітычных паплечнікаў і праціўнікаў Каліноўскі прадстаўся асобаю, што адстойвае інтарэсы сялян, пакуль з іх асяродка не выйдуць здольныя самастойна гэта рабіць».

Фотакалаж з выявай Каліноўскага на адным з будынкаў у Гродне

Імперыі сыходзяць у нябыт, а героі застаюцца

Хаця на фоне рэпрэсій з боку беларускай дзяржавы ўсё, зробленае да сёняшняга дня, падаецца бессэнсоўным, гісторык глядзіць на сітуацыю са сваёй званіцы:

«Як бы мы не ацэньвалі сёняшнія падзеі, у нас ёсць свая краіна — 160 гадоў таму гэтага не мелі. Да таго ж, імперыя, супраць якой змагаўся Каліноўскі, сышла ў нябыт. Нішто не вечнае пад сонейкам, нават Рымская імперыя, якую лічылі вечнаю, распалася, — кажа гісторык. — А на парэштках імперый паўсталі новыя краіны. Мы маем сваю краіну. Няхай нават з розных бакоў барыкад да яе ставяцца па-рознаму».

Фотакалаж з выявай Каліноўскага на адным з будынкаў у Гродне

Тое, што сёння беларусы зноў павінны змагацца за свабоду і незалежнасць, не азначае, што паўстанне Каліноўскага не мела каштоўнасці. «Яны мелі свае мэты і сваё бачанне будучыні, — разважае гісторык пра паплечнікаў Каліноўскага. — Але яны не маглі прадбачыць, як іх паўстанне паўплывае на падзеі, што прыйдуць праз 160 гадоў. Тым не менш, у ідэях Каліноўскага прадбачылася, што беларусы, літоўцы, украінцы набудуць нешта большае, чым проста існаванне пэўнага этнаграфічнага субстрату. То гэта таксама адбылося».

Калектыўны Каліноўскі змагаецца за сваё

«Як сведчыць прыклад Каліноўскага, за сваё трэба змагацца, — кажа Васіль Герасімчык. — Галоўнае, усведамляць свае магчымасці. У кожнага мяжа свая. Калі чалавек яе перакрочвае, гэта можа крытычна сказацца на яго ўнутраным свеце і фізічным стане».

Што да сучаснага Каліноўскага, то, мяркуючы па маштабах рэпрэсій, зараз ў нас «сотні Каліноўскіх, нават і тысячы — такі калектыўны Каліноўскі».

Фотакалаж з выявай Каліноўскага на адным з будынкаў у Гродне

Галоўнае, на думку Герасімчыка, не вешаць нос і вучыць гісторыю:

«Гісторыя паказвае прыклады, як што адбываецца і чым завяршаецца. Проста вучыце гісторыю — гісторыю Беларусі. Яна на нашым баку, як і Каліноўскі».

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024