Гродзенская актывістка Бондарава называе паэтку Ларысу Геніюш «нацысткай злачынкай» і патрабуе, каб яе помнік у Зэльве знеслі. Яна лічыць, што помнік парушае Закон «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму». Адкуль у Бондаравай падставы так называць Геніюш? Што магло звязваць паэтку з нацысцкім рэжымам? Hrodna.life разабраўся.
Што за помнік і дзе ён размяшчаецца
Помнік беларускай паэтцы Ларысе Геніюш у 2003 годзе ўсталявалі на тэрыторыі царквы Святой Жываначальнай Тройцы ў Зэльве. Устаноўку помніка не ўзгаднілі з адміністрацыяй горада. Але адкрыццё адбылося з дазволу мітрапаліта Філарэта, а падчас адкрыцця праводзілі літургію сакратар Гродзенска-Ваўкавыскай епархіі айцец Анатоль, настаяцель гродзенскай Каложскай царквы Аляксандр і настаяцель зэльвенскай царквы айцец Аляксандр.
Ідэю знесці помнік падтрымалі галоўны ідэолаг Гродзенскай вобласці Ігар Булаўка і намесніца старшыні Зэльвенскага райвыканкама па ідэалагічнай рабоце Галіна Раманчук. Але на знос помніка трэба дазвол царквы. Восенню 2022 года Бондарава накіравала зварот на імя мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна з просьбай даць згоду на ліквідацыю помніка.
Хто такая Ларыса Геніюш
Ларыса Геніюш — беларуская паэтка, празаік і грамадскі дзеяч. Нарадзілася ў маёнтку Жлобаўцы побач з вёскай Воўпа (Ваўкавыскі раён). У 1937 годзе пераехала ў Прагу да мужа. Там яна ўдзельнічала ў працы ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі ў эміграцыі. З 1943 года была Генеральным сакратаром ураду, захоўвала і ўпарадкоўвала архіў БНР.
У 1948 годзе яе разам з мужам арыштавалі і перадалі савецкім уладам. У Мінскай турме Геніюш дапытваў міністр дзяржаўнай бяспекі Лаўрэнцій Цанава. Ён патрабаваў ад паэткі перадаць архівы БНР. У 1949 годзе Геніюш асудзілі на 25 гадоў зняволення. Пакаранне паэтка адбывала ў лагерах рэспублікі Комі і Мардовіі.
У 1956 годзе разам з мужам яе часткова рэабілітавалі. Тэрмін пакарання зменшылі да 8 гадоў, якія ўжо прайшлі. Пасля вызвалення Геніюш жыла ў Зэльве. Паэтка прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства і заставалася грамадзянкай Чэхаславакіі.
«Помнік прыносіць пакуты ветэранам вайны». А раней не прыносіў
Бондарава называе паэтку «нацысткай» і «нацысцкай злачынкай». Яна лічыць, што наяўнасць помніка прыносіць «невымоўныя пакуты ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія усё яшчэ жывуць, і вязням германскіх канцлагераў».
Паводле Бондаравай, падчас Другой сусветнай вайны Геніюш вяла пранацысцкую прапаганду, пісала антыпартызанскія вершы, а таксама публікавалася ў гітлераўскай прэсе.
Пра «пакуты ветэранаў» аднак не ўзгадвалі апошнія 20 гадоў, пакуль помнік стаяў ля царквы. Ля яго штогод адбываліся сустрэчы, чытанні, прэзентацыі кніг. Святар стварыў пры царкве невялікую экспазіцыю, прысвечаную Геніюш. У царкве адбываліся літургіі ў памяць аб Геніюш і чытанні яе твораў. У Беларусі ў 1990-х і 2000-х кнігі Геніюш выходзілі ў дзяржаўных выдавецтвах, пазней — не раз у прыватных. І ўсё гэта не выклікала пакутаў у ветэранаў ці іншых груп насельніцтва.
Дык якая сувязь Геніюш і нямецкіх уладаў?
«Класікі даўно сфармулявалі, што новыя фашысты будуць называць сабе антыфашыстамі. Абвінавачванне Геніюш кажа больш пра тых, хто яе абвінавачвае, — сказаў Hrodna.life беларускі паэт Андрэй Хадановіч. — Гэта абсурднае, высмактанае з пальца абвінавачванне».
Жывучы ў Празе ў перадваенныя гады і ў часы Другой сусветнай, Геніюш актыўна друкавалася ў беларускіх выданнях, якія падчас вайны выходзілі пад кантролем нямецкіх уладаў. «Але рабіць з гэтага высновы пра „фашызм“ не выпадае. Дзе яшчэ беларуская эмігрантка магла друкавацца? — сказаў Андрэй Хадановіч. — Гэта ўсё адно, што абвінаваціць літаратараў БССР у сталінізме паводле месца друку».
Зварот беларусаў да Гітлера: ці падпісвала яго Геніюш?
Беларускі гісторык Алег Ліцкевіч яшчэ ў 2009 годзе пісаў у праўладным часопісе «Беларуска думка», што Геніюш у час Другой сусветнай вайны была на баку нацыстаў. Ён спасылаўся на тое, што паводле дакументаў з крымінальнай справы Яна і Ларысы Геніюш, якія захоўваюцца ў Цэнтральным архіве КДБ Беларусі, яны ў 1941 годзе падпісалі зварот да Гітлера. Гэта быў так званы зварот «Беларусаў Протэктарату Чэхія і Маравія».
«Бачучы, што Вялікі Павадыр Нямецкага Народу Адольф Гітлер павёў сваю непераможную нямецкую армію на Усход Эўропы дзеля барацьбы і поўнага зьнішчэньня бальшавізму, бальшавікоў-камуністаў і жыдоў, якія ўжо больш як 20 гадоў уціскаюць і нішчаць наш беларускі народ…» — цытуе Ліцкевіч фрагмент зварота.
У сваіх лагерных успамінах Ларыса Геніюш настойвала, што подпіс пад гэтым зваротам быў сфальсіфікаваны.
«Я нічога не хавала, паколькі віна мая складалася толькі ва ўдзеле ў Камітэце самадапамогі ў Празе, дзе я была скарбнікам. Ад гэтага я не адмаўлялася, але Коган (следчы) паказаў мне аднойчы архіў камітэта, які яшчэ ў 1942 годзе „знік“ з кватэры Ермачэнкі [Юльян Ермачэнка — кіраўнік беларускай самадапамогі ў Празе]. Тут я ўразілася! Тэлеграму ніхто з беларусаў не падпісаў, але на бланку, пад яе тэкстам, былі акуратна, пад капірку выведзеныя подпісы ўсіх беларусаў, якія былі і не былі на тым сходзе! Мне стала да агіды брыдка. Такая дзяржава, якая трымаецца на хлусні, на падмане, на падробленых дакументах, брыдка! У гадзіну найстрашнейшай небяспекі, аблытаныя нацысцкай хітрасцю, людзі ўсё ж адважыліся не падпісаць той тэлеграмы, а тут „падпісваюць“ за іх праз капірку, анулюючы ўсё чалавечае, якое захавалася ў людзях У цяжкі час».
«Няма падставаў не давяраць словам пісьменніцы. Бо яна сама пісала, што ўсё выведзена пад капірку. Адным з апошніх быў подпіс яўрэя, які ніяк не мог падпісаць зварот Гітлеру», — сказаў Хадановіч.
Геніюш абвінавачваюць па артыкулах, якіх ужо не існуе
«Па факце вызвалення Геніюш не рэабілітавалі па сёння. Сістэма павінна ці прызнаць памылкі, але нашчадкі сталізму не прызнаюць, ці ляпіць ворага», — тлумачыць Андрэй Хадановіч.
У 2017 годзе актывісты Беларускага Народнага Фронта звярталіся ў Вярхоўны суд Беларусі з просьбай рэабілітаваць беларускую паэтку. Але актывістам адмовілі. Вярхоўны суд спаслаўся на пастанову 1999 года. Згодна з ёй паэтку не могуць рэабілітаваць «за здзяйсненне ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны злачынствы, якія прадугледжаны артыкуламі 66 (Аказанне дапамогі міжнароднай буржуазіі) і 76 (Удзел у антысавецкіх арганізацыях) Крымінальнага кодэксу БССР (у рэдакцыі 1928 года).
Тады актывісты звярнулі ўвагу, што падобных артыкулаў няма ў актуальным Крымінальным кодэксе. А «злачынствы», у якіх абвінавачваюць Геніюш, ужо даўно перасталі лічыцца злачынствамі ў Беларусі.
Як Геніюш засталася ў музейнай экспазіцыі нават у савецкія часы
У 1960-х гадах настаўнік у вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёну Алесь Белакоз стварыў у школе музей. У адным з пакояў ён размясціў стэнд Ларысы Геніюш, якая навучалася ў гэтай школе. У 1973 годзе чыноўнікі палічылі гэта антысавецкай дыверсіяй. Адмысловая камісія вырашыла зняць Белакоза з працы, а стэнд Геніюш — з экспазіцыі.
Акурат тады з космаса вернуўся Пётр Клімук. Белакоз адправіў касманаўту падарунак, да якога далучыў кнігу Ларысы Геніюш «Невадам з Нёмана». Праз два тыдні Клімук прыслаў ліст з падзякай, а на дасланай кнізе напісаў: «Вучням Гудзевіцкай школы з пажаданнем любіць радзіму і шанаваць родную мову».
На хвалі славы касманаўта кніга стала каштоўным экспанатам і ўпрыгожыла экспазіцыю. Пасля публікацый у газеце і на абласным тэлебачанні музей стаў недатыкальным. Сама Ларыса Геніюш прысвяціла беларускаму касманаўту верш — «Хлопча палескі, з харошых найлепшы…».
«Беларусьфільм» здымаў кіно паводле Геніюш, спектакль паводле яе твораў ставілі ў тэатры
У 1996 годзе на студыі «Беларусьфільм» знялі мастацкі фільм «Птушкі бяз гнёздаў». Ён створаны паводле ўспамінаў паэткі. Таксама ёсць дакументальны фільм «Вянок цярновы васількоў» пра жыццё і творчасць Ларысы Геніюш.
У лютым 2021 года ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры юнага гледача ў Мінску адбылася прэм’ера спектакля «Калі прачнецца Бог…» паводле кнігі «Споведзь» Ларысы Геніюш.
Што будзе, калі помнік усё ж ліквідуюць
«Мне здаецца, лепшы помнік творцу — яго творчасць, і чым больш у беларускай прасторы будзе гучаць вершаў, песняў на яе словы, фрагментаў з лагерных успамінаў і прыкладаў яе нязломнасці, яе дысідэнства, тым лепш. Памяць будзе служыць падтрымкай беларусам, якім як з аднаго, так і з другога боку мяжы няпроста. Служыць падтрымкай, як усё жыццё і хацела пісьменніца, — сказаў Андрэй Хадановіч. — Флэшмобы, перарэпосты вершаў у сетках, муралы з яе цытатамі. Бо ў паэткі ёсць шмат яскравых чатырохрадкоўяў, якія для гэтага пасуюць. Вось найлепшыя помнікі пісьменніцы сёння».
«Адзінай мэты не зракуся,
і сэрца мне не задрыжыць:
як жыць — дык жыць для Беларусі.
А безь яе — зусім ня жыць!»
На думку Андрэя Хадановіча, вершы Геніюш энэргетычна служылі падтрымкай людзям у сталінскіх лагерах, могуць падтрымаць нашых зняволеных і цяпер. «Пішучы лісты палітычным вязням, мы не заўсёды ведаем, якія падабраць словы. Таму хай радкі лятуць туды, куды яна заўсёды іх у думках накіроўвала».
«Калі цябе, мілы, краіна пакліча
За родны змагацца парог,
То суму ня будзе ў мяне на абліччы
І страху ня будзе ў грудзёх.
Дзявочае сэрца ў хвіліне так важнай
Ад жаху мацней не заб’е.
А буду ня менш за цябе я адважнай,
Каб сілы дадаці табе».