Навіны

Пра што пісалі і чаму цэнзуравалі першую ў Беларусі газету: гісторыя Gazeta Grodzieńska

Першую гродзенскую друкарню адкрылі ў 1775 годзе. Гэта адбылося дзякуючы рэформам, якія праводзіў падскарбій ВКЛ і гродзенскі стараста Антоній Тызенгаўз. У друкарні выдавалі арыгінальную і перакладную літаратуру, навуковыя працы і падручнікі, малітоўнікі і календары. А 8 жніўня 1776 года выйшаў першы нумар выдання Gazeta Grodzieńska. Telegram-канал Hrodna 11:27 узгадаў гісторыю першага на тэрыторыі Беларусі перыядычнага выдання і пра што ў ім пісалі.

Gazeta Grodzieńska. Крыніца: bolkunets.org

Gazeta Grodzieńska пачала выходзіць яшчэ ў 1775 годзе, але тады ў ёй размяшчалі перадрукаваную інфармацыю з выдання Gazeta Warszawska. У жніўні 1776 года выданне пачало друкаваць інфармацыю пра Гродна і стала называцца Gazeta Grodzieńska partykularna, што можна перакласці як «мясцовая гродзенская газета». Праз яе Антоній Тызенгаўз намагаўся ўзняць інтэлектуальны ўзровень шляхты.

Ініцыятары заснавання Gazeta Grodzieńska звярнуліся па матэрыяльную дапамогу да караля. Яны набылі ў Вільні абсталяванне для друкарні, а ў Паставах адкрылі завод па вытворчасці паперы.

Газету друкавалі на польскай мове, яе галоўным рэдактарам быў А. Сабалеўскі. Яна складалася з дзвюх старонак фармату 15 на 20 см. Як і ўсе падобныя выданні таго часу, газета была невялікая і больш нагадвала лістоўку з дзвюх палос. Былі выпадкі, калі аб’ём павялічваўся ўдвая. Напрыклад, калі ў 1780 годзе расійская імператрыца Кацярына ІІ падарожнічала па тэрыторыі Беларусі.

Газета выходзіла адзін раз на тыдзень па чацвяргах, а тыраж выдання быў да 300 экзэмпляраў. У перадавых артыкулах абмяроўвалі надзённыя грамадска-палітычнаыя праблемы. На той час гэта была рэдкая з’ява.

Пра што пісалі ў газеце: навіны, аб’явы і крымінальная хроніка

У газеце друкавалі навіны пра падзеі Гродна. Напрыклад, пра канцэрт і ілюмінацыю ў горадзе, якія адбыліся ў гонар каралеўскай сям'і 17 студзеня 1779 года. Таксама пісалі пра святкаванне імянін Антонія Тызенгаўза ў фальварку Кульбакі недалёка ад Гродна і пра публічныя экзамены ў гродзенскай ваяводскай школе.

У газеце былі аб’явы пра згубленыя рэчы. Напрыклад, хтосьці згубіў чорны кітайскі плашч, нехта іншы — залаты гадзіннік з залатым ланцужком і янтарнай пячаткай на балі ў Новым замку, а хтосьці - увогуле мех з поштай з Дзярэчына.

Пісалі пра крадзяжы, збеглых сялянаў і слуг. У газеце апісвалі іх прыкметы і вопратку. У выданні рэкламавалі прадукцыю гродзенскай друкарні: кнігі, «Гаспадарчы каляндар», справаздачы і рапарты з сеймаў. Зрэдку рэкламавалі рэчы: напрыклад, паўкрыты вазок альбо агароднае насенне.

Gazeta Grodzieńska. Крыніца: crispa.uw.edu.pl

Не толькі пра Гродна: друкавалі навіны краіны і свету

У газеце публікавалі не толькі гродзенскія навіны. Там расказвалі пра пасяджэнні сейма, працу скарбовай камісіі ў Гродне, выбары дэпутатаў у Галоўны Трыбунал ВКЛ, пра жыццё караля і карлеўскай сям'і, друкавалі ўрадавыя аб’явы, прыдворную хроніку і дзённік знаходжання Кацярыны ІІ у Полацку.

Асобны раздзел быў прысвечаны замежнай палітыцы. Там пісалі пра вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы, пра канфлікты паміж Аўстрыяй і Прусіяй. Была інфармацыя пра расійска-аўстрыйскія і расійска-турэцкія адносіны, размеркаванне ў Польшчы расійскай арміі, і іншыя падзеі, якія закраналі інтарэсы Рэчы Паспалітай, Расіі, Аўстрыі і Прусіі.

У газеце друкавалі і цікавосткі: пра выпечку хлеба з бульбяной мукі ў Версалі, пра канструяванне ў Францыі экіпажа, які ніколі не зможа перавярнуцца, вывяржэнне Везувія ў Неапалі альбо зацьменне Месяца ў Коўне.

За артыкуламі сачыў цэнзар

Ідэйна-палітычны змест газеты з часам наблізіўся да крытычных ацэнак палітыкі Польшчы і Расіі ў адносінах да тэрыторый Вялікага Княства Літоўскага. Выданне неаднаразова выклікала незадаволенасць польскага караля, бо ён разлічваў, што Gazeta Grodzieńska будзе прапагандыстам польскай палітыкі.

Па патрабаванні караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Гродне стварылі пасаду газетнага цэнзара. Ім стаў Францішак Сухадолец, які некаторыя рэдакцыйныя артыкулы замяняў звесткамі з іншых газет.

Апошні захаваны нумар газеты выйшаў 28 снежня 1780 года. Не выключана, што газета выдавалася да 1783 года.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…

10 красавіка 2025

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025

Парэзалі сукенку, кідалі пірожныя. Улады хочуць змагацца з булінгам, а настаўнікі яго не заўважаюць

Беларускія ўлады пачалі звяртаць увагу на школьны булінг. Праз Telegram-каналы і рассылкі ў школьных Viber-чатах…

7 красавіка 2025

З адной бярозы — да 200 літраў. Як беларусам здабыць бярозавы сок на радзіме і ў эміграцыі

Здабываць бярозавы сок вясной — беларуская традыцыя, у кожным лясніцтве яго можна купіць за капейкі.…

3 красавіка 2025

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025