Дзмітрыю 24 гады і ён звычайны «рабацяга» на адным з прадпрыемстваў горада. У выхадны дзень хлопец можа дазволіць сабе выйсці ў горад у гістарычных строях. Менавіта гэта вылучае яго сярод іншых гродзенцаў. Робіць гэта Дзмітрый дзеля ўласнага задавальнення. Такім чынам ён не супраць пазнаёміцца з інтэлігентнай дзяўчынай на вуліцах Гродна.
Джынсы, майкі - не цікава
Пакуль у гардэробе хлопца ўсяго некалькі рэчаў у стылі ХІХ стагоддзя. Купіў ён іх на працягу апошняга года на вядомых сайтах, такіх як AliExpress і eBay.
«Рэчы купляю, калі ёсць грошы, — распавядае Дзмітрый. — У мяне неяк усё само завязалася. Доўга назіраў за гараджанамі, а яны нешта сумна сталі апранацца, здаецца не маюць густу нейкага ў адзенні.
Джынсы, майкі - гэта ўсё ўжо не цікава, а маладосць ўсё-ткі і хочацца неяк самавіцей выглядаць, з густам. Вось я і вырашыў сваімі ўборамі разнастаіць жыццё».
У месяц па рэчы
Гродзенцы па-рознаму ставяцца да стылю выхаднога дня Дзмітрыя. Хтосьці яго ўжо Дракулам паспеў празваць, хтосьці праяўляе цікавасць і фатаграфуе. Але большасць пакуль проста дзівяцца.
«Хаджу па горадзе ў такіх строях ў вольны час, а часам у госці магу схадзіць. Многія думаюць, што я на свята іду, але гэта мой стыль такі. Вядома, на працу ў такім адзеньні я не магу пайсці, баюся што сапсую. А наогул мне б хацелася часцей заказваць цікавую вопратку, таму што я бачу шмат розных прыгожых рэчаў. У сярэднім стараюся заказваць у месяц па адной якой-небудзь рэчы, але ў цэлым апранацца з густам з нашымі заробкамі цяжка».
Ад дзяўчат пакуль толькі погляды
Бацькі Дзмітрыя кажуць, што стыль іх сына салідны і модны і нічога супраць такога адзення не маюць. Апошні строй гродзенца абышоўся яму ў вялікую частку заробку. Адно паліто каштуе 260 рублёў, а кашуля з жабо - 120 рублёў.
Вылучыць Дзьмітрыя з натоўпу пакуль можна толькі летам. Зімовых строяў у гістарычным стылі ён пакуль не мае. Кажа — што гэта справа часу. Але пакуль надвор’е дазваляе, выходзіць на праменад — сябе паказаць і людзей паглядзець.
«Раней у людзей быў густ у адзенні, цяпер гэта ўсё прапала. Калі шчыра, то я б хацеў знайсці ў Гродне такую ж дзяўчыну, якая б стыльна і самавіта апраналася, як я. Мы маглі б разам з ёй хадзіць па горадзе, у госці. Пакуль мне аднаму сумна, а ад дзяўчат толькі погляды».
У стылёвым адзенні камфортней
Цікавасць да стылю ХІХ стагоддзя ў Дзмітрыя з’явіўся пасля прагляду старых фотаздымкаў.
«Раней я часта разглядаў старыя фатаграфіі, асабліва як апраналіся мужчыны ў розныя гады. І падумаў, што свой імідж трэба таксама фармаваць. Пачынаў з кашулі з камізэлькай, цяпер у мяне гардэроб трохі папоўніўся. У стылёвым адзенні я сябе адчуваю камфортна і тут няма чаго саромяцца».