Харугвай раней называлі баявы сцяг і вайсковую частку, што пад ім выступала. Пра Гарадзенскія харугвы вядома з апісанняў Грундвальдскай бітвы і вайны з Маскоўскай дзяржавай. Існуе легенда, што харугву ўручыў гродзенцам сам Вітаўт Вялікі. Памеры сцяга былі параўнальныя з ростам харужага-сцяганосца. Пра гэтыя ды іншыя факты чытайце ў новым артыкуле Гарадзенскай азбукі.
«Гарадзенская азбука» ад Hrodna.life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.
Гарадзенская харугва гэта баявое палотнішча акруговага войска Гродзенскага павету. Сцяг, які захаваўся да нашых дзён, быў уведзены ў 1613—1619 гадах, падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай.
Вайсковыя адзінкі ў ХVII таксама мелі назву «харугва». У залежнасці ад знешніх абставін, яны выконвалі розныя функцыі. У мірны час былі нечым кшталту паліцыі і забяспечвалі ахову шляхецкай маёмасці. Падчас вайны мясцовыя харугвы папаўнялі армію.
Арыгінальнае палотнішча харугвы часоў караля Жыгімонта ІІІ Вазы (1587−1632) зараз захоўваецца ў Музеі войска польскага ў Варшаве. Рэканструкцыя харугвы прадстаўлена ў экспазіцыі Новага замку ў Гродне.
Шылі гарадзенскую харугву з шоўку блакітнага колеру. Па краях палотнішча было аздоблена стужкамі: жоўта-блакітнай з трох бакоў і малінавай па чацвёртым. На выяве гербавага шчыта месціўся рыцар-вершнік у бела-малінавым убранні. Адметныя ад класічнага ўзору «Пагоні» колеры разам з каляровымі характарыстыкамі ўсёй харугвы выконвалі ідэнтыфікацыйную функцыю.
На шчыце рыцар нёс крыж Гедымінавічаў. Вакол герба — надпіс па перыметры квадрата на лацінскай мове: Sigismundus III Dei Gratia Rex Poloniae Magnus Dux Litvaniae (Жыгімонт III, з Божай ласкі, кароль польскі, вялікі князь літоўскі). Справа ад герба — малінавая разетка з назвай павета.
Баявы сцяг гарадзенцаў меў форму прастакутніка. З аднаго боку ішоў дыяганальны зрэз. Памеры харугвы па вышыні складалі 196 см, па шырыні 235 см. Даўжыня зрэза мела 145 см. Памеры сцяга асабліва ўражваюць у параўнанні з чалавекам. Сярэдні рост тагачаснага мужчыны складаў прыкладна 169 см.
Харужы (ці харунжы) адказваў за збор войска аднаго павета. Званне лічылі вельмі важным і адказным, хаця фармальна яно адпавядала прыкладна ўзроўню малодшага лейтэнанта ў сучасным войску. Харужага абіралі з людзей дасведчаных у ваеных справах і паважаных шляхтай.
Падчас бітвы харужы павінен быў не толькі ваяваць нараўне з іншымі, але і захоўваць сцяг. Страта харугвы лічылася вялікім прыніжэннем для войска.
На выраб кожнай харугвы меўся асобны каралеўскі загад. Замовы аплочваліся з каралеўскай казны, а гатовую харугву перадавалі харужаму.
У XVII стагодзі мець адну харугву на павет лічылася ўстарэлым. Войскі паветаў на той час маглі складацца з некалькіх падраздзяленняў. Кожная вайсковая адзінка павінна была ісці з харугвай. Таму ў сярэдзіне XVII стагоддзя прынялі, што харужаму павінны даць дастатковую колькасць палотнішчаў, якія ён перадаваў камандзірам вайсковых частак.
Упершыню харугва Гродна ўзгадваецца ў бітве пад Грунвальдам у 1410 годзе. На гэтым сцягу была выява узброенага вершніка — правобраз «Пагоні». Некаторыя навукоўцы мяркуюць, што гэты сцяг перад бітвай ўручыў гарадзенцам Вітаўт. Праз тое харугва мела вялікакняжаскую сімволіку, а не геральдыку Гродна. Іншыя гісторыкі кажуць, што фактаў, якія сведчаць пра выгляд гарадзенскай харугвы пад Грундвальдам, вельмі мала. Таму аднавіць яе выяву немагчыма.
Яшчэ адна ўзгадка пра гарадзенскую харугву датуецца 1655 годам, падчас вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай. Гарадзенская харугва ёсць у спісе сцягоў, захопленых царскім ваяводам князем Пятром Чарскім.
Паводле апісання маскоўскага пісара, яна прадстаўляла з сябе сяміпалосную чырвона-белую аснову. На адным баку была залатая манаграма «ICR» Яна Казіміра Вазы пад каралеўскай каронай з лацінскім надпісам пад ёй. На другім баку харугвы месціўся герб Гродна: залаты алень з чорным крыжам паміж рог на зялёным полі сцяга. Праўда, пісар назваў аленя «дзікай казой».
Па апісанні, харугва была моцна падраная і пашкоджаная. Верагодна, трафей дастаўся не без барацьбы.
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…