Яна пачала пісаць, натхніўшыся паўстаннем Каліноўскага, і стала першай нашай пісьменніцай, намінаванай на Нобеля. Пасля найвялікшага пажару яна ўзначальвала збор сродкаў на адбудову Гродна. На яе пахаванне прыйшоў увесь горад. Усё гэта — пра гродзенку Элізу Ажэшку. Яе імем Hrodna.life пачынае новы спецпраект.
«Гарадзенская азбука» ад Hrodna.life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.
Свае першыя творы Ажэшка пачала пісаць пасля паўстання 1863−1864 гадоў. На той час яна жыла ў Мількаўшчыне, дзе адкрыла школу для вясковых дзяцей. Першы твор Ажэшкі, апавяданне «Малюнак з галодных гадоў», надрукавалі ў 1866 годзе ў адным з варшаўскіх часопісаў.
У 1905 годзе Ажэшка вылучалася на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. У той жа год намінаваўся і Леў Талстой, але тым разам Нобеля атрымаў Генрых Сянкевіч. Другі раз Элізу Ажэшку намінавалі на прэмію ў 1909 годзе. Але пераможцай тады стала Сэльма Лагерлёф.
Наступнай беларускай, намінаванай на прэмію, стала Святлана Алексіевіч. У 2015 годзе яна атрымала Нобеля і стала першай лаўрэаткай у галіне літаратуры з Беларусі.
Самы вялікі пажар за ўсю гісторыю Гродна пачаўся 10 чэрвеня 1886 года і доўжыўся тры дні. Шматлікія сем'і засталіся без дамоў - згарэла тры чвэрці горада. Ажэшка пісала пра тыя падзеі:
«Раз'юшанае полымя пераўтварае ў попел жыллё, а чалавечыя сэрцы ў руіны. Паветра напоўнена горкім дымам, адчайным набатам званоў, жудаснымі стогнамі і крыкамі. На вялікім Сенным рынку звалены горы хатніх рэчаў і вузлоў. Мітусяцца ашалелыя натоўпы смяротна перапужаных і плачучых людзей. Але вогнішча яшчэ не бачна. Тут размаўляюць пра яго, як аб жывой істоце. Прыйдзе ён сюды, альбо не? Куды з гэтымі напалаову знішчанымі набыткамі бегчы тады? Можа, затрымаць яго? У імгненне разрываючы крык заглушыў усе званы і гукі вайсковых труб: Прыйшоў! Вось яго ўжо бачым! Над нізкімі дахамі Сеннага рынка ўспыхнула яскравая свяча, вецер раскалыхвае яго ў розныя бакі, яна, набухаючы, расце, выкідвае вялізарныя клубы дыма. Прагучаў выбух, падобны на выстрал з гарматы, затым яшчэ некалькі, і ўсё патанула ў полыме …»
Пасля пажару пісьменніца ўзначаліла гарадскі камітэт па сборы сродкаў на дапамогу пагарэльцам і сама актыўна дапамагала пацярпелым.
У 1863 годзе на тэрыторыі Беларусі ўспыхнула паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Ажэшка была адной з актывістак гэтага паўстання і актыўна падтрымлівала паўстанцаў. У траўні - чэрвені 1863 года яна хавала ў сябе аднаго з кіраўнікоў паўстання Рамуальда Траўгута. Пасля Ажэшка таемна пераправіла яго за мяжу пад выглядам свайго хворага брата. У той час арыштавалі мужа Элізы, Пятра Ажэшку. У сакавіку 1865 года яго выслалі ў Сібір. Фармальна — за тое, што не данёс уладам аб праходжанні паўстанскага атрада праз свой маёнтак.
Аліза Ажэшка цікавілася мясцовымі раслінамі і зёлкамі. У яе калекцыі больш за 228 гербарыяў. Сёння яе гербарыі можна ўбачыць у аптэцы-музеі ў Гродне каля Фарнага касцёла. Расліны захаліся так добра, што ніводзін пялёстак не апаў.
Падчас падарожжаў па Гродзеншчыне пісьменніца распытвала знахарак і знахараў пра зёлкі, іх карысныя вартасці і варыянты прымянення, запісвала народныя назвы раслін. Пазней гэтыя нататкі сабраліся ў кнігу «Ludzie i kwiaty nad Niemnem» («Людзі і кветкі над Нёманам»).
Ажэшка памерла 18 траўня 1910 года. На развітанне з пісьменніцай прыйшоў амаль што ўвесь горад. Па некаторых дадзеных на пахаванні была каля 15 000 чалавек. Каб падтрымаць парадак, на вуліцы адправілі 88 паліцэйскіх і конную варту. Але яны не спатрэбіліся. Парадак падчас пахавальнай працэсіі падтрымлівалі самі гродзенцы. Элізу Ажэшку пахавалі на «старых» гродзенскіх могілках.
У горадзе першы помнік Ажэшцы ўсталявалі ў парку, ля тэатра, у 1929 годзе. Яго прыбралі падчас вайны па загадзе акупацыйных уладаў. Паводле адной з гарадскіх легендаў прыхільнікі пісьменніцы схавалі помнік на каталіцкіх могілках. У 1949 помнік вярнулі ў гарадскую прастору. Зараз ён стаіць на скрыжыванні вуліц Ажэшкі і Тэлеграфнай.
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…